• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Улады аб’явілі ў міждзяржаўны вышук амаль 6000 беларусаў, у тым ліку шэраг незалежных журналістаў

    Іх прозвішчы з’яўляюцца ў базе вышуку Расійскай Федэрацыі. Беларускія грамадзяне трапляюць туды на запыт сілавых структур Беларусі. Гэта азначае, што людзей вышукваюць у абедзьвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх краін». Паведамляе «Медиазона. Беларусь».

    Выява створана БАЖ з выкарыстаннем Chat­G­PT

    Выданне абнаўляе інфармацыю пра крымінальны вышук беларусаў у РФ некалькі разоў на год, перад гэтым звесткі папаўняліся на пачатку кастрычніка 2025 года. З апошняга абнаўлення вынікае, што за паўгода ў вышук былі абвешчаныя яшчэ шэраг беларускіх журналістаў і журналістак.

    У прыватнасці, гэта журналістка-расследавальніца Таццяна Ашуркевіч, якая даведалася пра такі пераслед у лістападзе мінулага года, спецыяльная карэспандэнтка анлайн-выдання «Новая газета Европа» Ірына Халіп, супраць якой распачала крымінальную справу пракуратура Наваполацка.

    А таксама вядоўца медыяпраекта «Зроблена ў Польшчы» Максім Паршута, журналістка Deutsche Welle Улляна Бабаед, медыякансультант Дзяніс Васількоў, гомельская журналістка і пісьменніца Алена Германовіч, аўтар праекта «ЧестнОК Live», экс-палітвязень Аляксандр Івулін, журналіст і пісьменнік Аляксандр Чарнуха.  

    «Медиазона. Беларусь» прапануе ўсім ахвотным праверыць наяўнасць звестак пра сябе і сваіх блізкіх  ў пошуковай базе. Некаторыя прозвішчы з яе выдаляюць, а некаторыя наадварот — дадаюць, і гэта  можна лёгка вызначыць: калі  чалавека дадалі ў вышук пасля кастрычніка мінулага года, яго прозвішча пазначана знакам «+», а знак «х» азначае, што чалавек з базы выключаны. Часам апрача асабістых звестак размяшчаюць і фотаздымкі асобы, абвешчанай у вышук.

    Зараз у міждзяржаўным вышуку амаль шэсць тысяч чалавек, 1118 грамадзян і ўраджэнцаў Беларусі трапілі туды за апошнія паўгода, і гэта азначае, што ў Беларусі супраць іх распачалі крымінальную справу. Па якім канкрэтна артыкуле, у базе не заўсёды пазначаецца.  

    Беларускіх журналістаў і раней уносілі ў спіс асоб, абвешчаных у вышук на тэрыторыі Беларусі і Расіі. Да прыкладу, у студзені 2025 года туды ўключылі намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага, у сакавіку 2025 года — намесніка старшыні БАЖ і кіраўніка юрыдычнай службы арганізацыі Алега Агеева.

    Алег Агееў

    Намеснік старшыні БАЖ Алег Агееў на Форуме журналістаў балтыйскіх краін і пераследаваных журналістаў. 18 снежня 2025 года. Фота: БАЖ

    «Кожная краіна з’яўляецца суб’ектам, які ажыццяўляе крымінальны пераслед за злачынства, зробленае на яе тэрыторыі. Адпаведна, калі злачынец пакінуў краіну, а праваахоўнікі ведаюць яго новае месцазнаходжанне, яны могуць накіроўваць канкрэтны запыт у тую краіну, дзе ён меркавана знаходзіцца, ці аб’яўляць у міжнародны вышук.

    Ёсць розныя працэдуры для гэтага, часцей за ўсё, праз Інтэрпал. Кожная краіна, якая ўваходзіць у Інтэрпал, можа ажыццяўляць гэты вышук на сваёй тэрыторыі і, адпаведна, выконваць усе свае нацыянальныя працэдуры.

    Таму калі органы крымінальнага пераследу ўнеслі ў спіс так званага міжнароднага вышуку пэўную асобу, то, адпаведна, кожная краіна Інтэрпала можа аб’явіць яго ў вышук і па сваіх нацыянальных працэдурах.

    Расія вялікую колькасць беларусаў уключае ў сваю базу вышуку менавіта з той нагоды, што яны былі аб’яўленыя ў міжнародны вышук беларускімі органамі пераследу», — патлумачыў тады Алег Агееў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.