• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Францішак Папроцкі: першы галоўны рэдактар першай рэгулярнай газеты ў ВКЛ

    Народжаны ў Беларусі 10 чэрвеня 1723 года, праўдападобна, на Меншчыне, Францішак Папроцкі ўвайшоў у гісторыю як святар, навуковец, менеджар, журналіст, аўтар папулярных кніг. Пра яго лёс і ролю ў развіцці журналісцкага жанру ў ВКЛ расказвае гістарычны анлайн-часопіс «Карона Вітаўта».

    першая газета ў ВКЛ "Кур'ер Літоўскі"

    Тытульны ліст «Літоўскага кур’ера» (1760 год), першай газеты ВКЛ. Яна выдавалася штотыдзень у Вільні з 19 красавіка 1760 па 19 жніўня 1763 года. Фота: lt.wikipedia.org

    Францішак Папроцкі скончыў ці не найлепшую навучальную ўстанову тагачаснай Беларусі езуіцкі калегіўм у Полацку. Застаўся ў навуцы, перабраўся ў Слуцк, дзе ў мясцовай духоўнай семінарыі паглыбіўся ў гуманітарныя навукі. Далей няспынна штудзіруе філасофію ў Нясвіжы і Гродне.

    Не на марна, бо неўзабаве атрымлівае званне доктара філасофіі, а таксама святарскі сан у 1749 годзе.

    Папроцкі — таленавіты педагог, максімальна запатрабаваны ў Нясвіжы, Вільні, варшаўскай элітнай школе Col­legium Nobil­i­um. Пра ягоныя лекцыі па філасофіі, гісторыі, геаграфіі, фізіцы, французскай мове захоплена гавораць студэнцкія і навуковыя асяродкі ўсёй Рэчы Паспалітай.

    Нехта з уплывовых заступнікаў раіць яму напісаць падручнік па геаграфіі. І Папроцкі робіць гэта, ствараючы бестсэлер, які вытрымае 8 перавыданняў — “Еўропа – найлепшая частка свету” (Europa z częś­ci świa­ta najprzed­niejsza opisana).

    Кнігу выдаюць у 1754 годзе Варшаве, перавыдаюць у Львове, Вільні.

    Папроцкі адчуў смак даследчыка і пісьменніка.

    “Хатнія навіны пра Вялікае Княства Літоўскае”, “Інфармацыя, якую трэба ведаць кожнаму грамадзяніну ВКЛ і Кароны Польскай”, “Хатнія навіны пра Карону Польскую”, “Навука пра рыцарскую справу”, “Гісторыя прэтэндэнтаў на карону Англіі”, “Самыя значныя войны перад і па нараджэнні Хрыстовым”, штогадовыя “Палітычныя календарыкі” — гэта ўсё справа 15–17 гадоў, ад 1754 да 1771 году.

    А Папроцкі яшчэ і выкладае філасофію ў Віленскім універсітэце, якім на той момант усё яшчэ кіруюць езуіты.

    У 1760 годзе Папроцкаму давяраюць узначаліць універсітэцкую друкарню ў Вільні. Яму выпадае адначасова гонар і адказнасць стаць знакавай персонай гістарычнай падзеі Вялікага Княства.

    Францішак працуе над стварэннем перыядычнага выдання. І ў канцы лютага 1760 года выпускае ў свет першы нумар “Літоўскага кур’еру” (Kury­er Litews­ki) – першай рэгулярнай грамадска-палітычнай газеты ў Вялікім Княстве Літоўскім.

    Ад гэтага моманту Папроцкага зацягвае журналісцкі вір:

    да галоўнага выдання выпускае дадаткі “Замежныя навіны” (Wiado­moś­ci Cud­zoziem­skie), “Літаратурныя навіны” (Wiado­moś­ci Lit­er­ack­ie). Папроцкі друкуе навіны з Вільні, Варшавы, Гародні, Наваградка, Слоніма, Нясвіжа. “Літоўскі кур’ер” пад кіраўніцтвам Францішка Папроцкага выходзіць да чытача амаль да канца 1763 года.

    Ён не хоча, але мусіць пакінуць працу ў газеце. У асяроддзі духавенства загады не абмяркоўваюць. Папроцкага прызначаюць кіраваць духоўнай семінарыяй у Вільні і элітнай школай Col­legium Nobil­i­um, навучальнай установай у Коўне. У 1768 годзе ён ідзе на пасаду адміністратара беларуска-літоўскіх езуітаў.

    «Нашай Ніве» споўнілася 119 гадоў. Некалькі старонак з гісторыі выдання

    Нашыя народы ў гэтыя часы страсаюць палітычныя падзеі і прадчуванне дзяржаўнай трагедыі. На гэтым тле Францішак Папроцкі зыходзіць у цень: не піша, не выкладае, не выдае. Ён перажыве яшчэ два падзелы Айчыны, прыход расейскіх войскаў і расейскай адміністрацыі, ліквідацыю рымскім Папам ордэна езуітаў, убачыць, як вышэйшая адукацыя вернецца ў Вільню ў выглядзе Віленскага царскага ўніверсітэта.

    Рэдактар першай сапраўднай газеты ВКЛ незаўважна адыйдзе ў іншы свет 2 жніўня 1805 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.