Ліквідацыя «Літаратуры і мастацтва»: знікненне баласту ці трагедыя?
У 2027 годзе газеты «Літаратура і мастацтва» ўжо не будзе. Паводле падпіснога каталога «Белпошты», яна стане дадаткам да газеты «Звязда». Журналіст Даніла Арцімовіч, які працаваў у«ЛіМе» ў дзясятыя гады, у калонцы для БАЖ паразважаў пра ролю выдання ў гісторыі айчынных СМІ, а таксама выказаў сваю версію пра тое, як трактаваць знішчэнне газеты, якая выходзіла з 1932 года.

Вокладка нумара «Літаратуры і мастацтва» за сакавік 2026 года. Скрыншот
Першая праца, як першае каханне. Развітанне амаль непазбежнае, але ўражанні і памяць застаюцца на ўсё жыццё. Менавіта такім першым каханнем і першай працай для мяне стала газета «Літаратура і мастацтва».
У аддзеле прозы тады працавалі пісьменнікі Андрэй Федарэнка і (ужо нябожчык) Віктар Гардзей. Аддзел крытыкі вёў даследчык Ціхан Чарнякевіч, аддзел мастацтва — Святлана Берасцень, якая ўзначальвала яго дзесяцігоддзямі. Аддзел «Кніжны свет» узначальвала крытык Марына Весялуха. Сярод супрацоўнікаў былі будучыя супрацоўнікі Інстытута літаратуры Алена Карп і Аляксандра Чарнавокая, даследчык творчасці Уладзіміра Караткевіча Дзяніс Марціновіч (фрагменты яго будучай кнігі якраз друкаваліся на старонках выдання). Фотааддзелам дзесяцігоддзямі кіраваў Кастусь Дробаў. Хапала і іншых добрых людзей, гаворка пра якіх — тэма асобнага тэксту.
Цікавы калектыў. Магчымасць пісаць — і/або чытаць у калег — пра літаратурныя навінкі, свежыя тэатральныя і кінапрэм’еры, мастацкія выставы. За гэтыя тэксты і праз гады не сорамна.
Пры гэтым я не хачу, каб склалася ілюзія, што ў «ЛіМе» ўсё было выдатна. Хутчэй наадварот.
Зорны час выдання прыйшоўся на канец 1980‑х і першую палову 1990‑х. Менавіта ў 1988‑м на яго старонках з’явілася знакамітая публікацыя Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва «Курапаты — дарога смерці», якая адкрыла праўду пра сталінскія рэпрэсіі ў Беларусі і абудзіла грамадства, што ўрэшце прывяло да аднаўлення незалежнасці ў 1991 годзе. У дзевяностыя «ЛіМ» быў, безумоўна, топавым выданнем, якое адкрыта і аб’ектыўна асвятляла найбольш істотныя грамадскія праблемы.

«Літаратура і мастацтва», 03.06.1988 года. Фота Kp.by.
Аднак яшчэ ў 1990‑я фінансаванне «ЛіМа» пачало змяншацца (зрэшты, удар прыйшоўся па ўсёй бюджэтнай сферы). А ў 2002‑м чыноўнікі гвалтоўна змянілі галоўных рэдактараў усіх літаратурных выданняў, у тым ліку «Літаратуры і мастацтва».
Будзе няпраўдай сказаць, што выданне адразу пачало гібець. Былі публікацыі Леаніда Галубовіча, якія потым склалі цудоўную кнігу «Сыс і кулуары». Былі гады кіравання галоўнага рэдактара Анатоля Казлова. Аднак «ЛіМ» пакрысе рухаўся «уверх па лесвіцы, якая ідзе ўніз».
Бо глабальна існуюць два слупы, на якіх трымаецца паспяховае выданне: фінансавы і творчы. Фінансавы — годная аплата, магчымасць нармальна зарабляць без падпрацовак. Творчы — магчымасць пісаць тое, што ты думаеш, і атрымліваць асалоду ад творчага працэсу. Натуральна, для поспеху патрэбныя і паспяховы менеджмент, і адэкватнае кіраўніцтва, але гэтыя два моманты асноўныя.
Седзячы ў лімаўскіх калідорах, узнікала адчуванне, што жыццё праходзіць дзесьці побач. Самыя цікавыя пісьменнікі, кнігі, падзеі, якія мелі розгалас, — усё гэта не трапляла на старонкі выдання. Поле дазволенага пакрысе звужалася — чым далей, тым больш. Дазвалялася пісаць толькі пра асобны сегмент літаратуры і культуры, далёка не заўжды самы лепшы. У дадатак грошай увесь час не ставала. Быў час, калі ўся рэдакцыя, уключна з галоўным рэдактарам, падпрацоўвала на іншых працах. Усё гэта прыводзіла да бясконцых кадравых змен. У рэдакцыю прыходзіла моладзь, упіралася ў столь, развейвала свае ілюзіі — і сыходзіла, саступаючы сваё месца наступнаму пакаленню ідэалістаў.
Тым больш, акрамя відавочнай цэнзуры ўзнікалі і самаабмежаванні. У нейкі момант я злавіў сябе ў сітуацыі, калі стаў выкрэсліваць пэўныя прозвішчы з тэксту з разуменнем, што да папяровай версіі яны ўсё роўна не дабяруцца. Дарэчы, гэта быў адзін з аргументаў, чаму з гэтага выдання трэба сыходзіць.

Артыкул «СБ. Беларусь сегодня», прысвечаны 70-годдзю «Літаратуры і мастацтва». Скрыншот
У цяперашняй сітуацыі закрыццё «ЛіМа» нібыта здаецца непазбежным. Сапраўды, па гамбургскім рахунку гэта было нецікавае выданне, стан якога асабліва рэзка пагоршыўся ў апошнія гады.
«Нарэшце «ЛіМ», за выраджэннем якога назіраць было настолькі гідліва, што я не працягнуў падпіску. Кожны нумар цяперашняга «ЛіМа» прыносіў сапраўдны боль. Прапаганда, хваласпевы, некрытычнасць, расейскацэнтрычнасць, «паэтычныя» падборкі не паводле вартасці, а паводле чарговасці асвятлення рыфмаплёцтва ляяльных рэгіянальных рыфмярняў», — згадваў у сацсетках палітзняволены Андрэй Кузнечык.
Сапраўды, у газеце зрэдчас сустракаліся асобныя цікавыя публікацыі пэўных аўтараў, але тое было выключэннем. Тое ж самае можна сказаць пра «Полымя», «Маладосць», «Нёман» — этапныя айчынныя часопісы, дзе раней друкаваліся класікі. Ва ўмовах несвабоды, цэнзуры і самацэнзуры цяжка было чакаць, што кожны нумар будзе запоўнены цікавымі матэрыяламі (хоць такія тэксты, несумненна, былі — насуперак усяму).

Пост прафесаркі, культуралагіні Юліі Чарняўскай пра перамены «Літаратуры і мастацтва». Скрыншот
Аднак закрыццё «ЛіМа» лагічным не падаецца. Сваю пазіцыю патлумачу праз архітэктуру.
На постсавецкай прасторы вядома багата прыкладаў, калі ўлады ў той ці іншай краіне свядома не рамантавалі помнікі, даводзілі іх да аварыйнага стану, а потым разбуралі з аргументам, што яны выглядаюць кепска, неэстэтычна і ніякай каштоўнасці не маюць. Калі нешта свядома гадамі знішчаць, яно абавязкова знішчыцца. Гэтак сама і з літаратурнымі выданнямі.
Наадварот, у цяперашніх умовах надзвычай істотна захоўваць тое, што мы маем. Напрыклад, у Мінску ў дзясятыя гады праводзіўся кінафорум «Лістапад» і тэатральны форум ТЕАРТ. Першы сутыкнуўся з рэзкім падзеннем узроўню, але захаваўся, яго яшчэ можна рэфармаваць. Другі знік — і далёка не факт, што адновіцца. «ЛіМ» мог дачакацца іншых часоў, але такой магчымасці яму не пакінулі. І невядома, ці будзе яна ў будучыні.
Меркаванне калумніста можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
@bajmedia