Звесткі пра дэкана журфака Аляксея Бяляева зніклі з сайта БДУ
Афіцыйна пра сыход Аляксея Бяляева з пасады дэкана факультэта журналістыкі БДУ не паведамлялася, аднак яго прозвішча прыбралі з сайта журфака і з агульнага сайта вуза, заўважыла выданне «Точка».

Аляксей Бяляеў. Фота: bsu.by
Зараз на сайце факультэта журналістыкі БДУ можна знайсці інфармацыю толькі пра намеснікаў дэкана. Пры спробе адкрыць старонку, на якой была размешчана біяграфія Аляксея Бяляева, з’яўляецца памылка 404.
Выданне «Точка» таксама адзначае, што Бяляява, які часта з’яўляецца ў эфірах праўладных СМІ, цяпер прадстаўляюць толькі як палітолага і кандыдата гістарычных навук. Апошняя навіна, дзе ён названы дэканам, на сайце журфака БДУ з’явілася ў сярэдзіне мая 2026 года, каля тыдня таму.
Пры гэтам афіцыйных паведамленняў пра сыход Аляесея Бяляева з пасады не з’яўлялася.
Хто такі Аляксей Бяляеў
Кандыдат гістарычных навук Аляксей Бяляеў стаў дэканам факультэта журналістыкі БДУ ў лютым 2023 года, пасля таго як факультэт амаль пяць месяцаў не меў кіраўніка пасля сыходу Вольгі Самусевіч.
Да таго, як Аляксея Бяляева прызначылі дэканам факультэта журналістыкі, ён працаваў на пасадзе загадчыка кафедры паліталогіі БДЭУ і актыўна даваў інтэрв’ю журналістам, удзельнічаў у праграмах СТБ, АНТ, агенцтва «Мінск-Навіны» і Белтэлерадыёкампаніі.
Паводле даных БДЭУ, у 1996 годзе Бяляеў скончыў філалагічны факультэт Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «Руская мова і літаратура і гісторыя».
Працаваў у школе настаўнікам гісторыі, скончыў аспірантуру гістарычнага факультэта БДУ.
Быў дацэнтам БНТУ на кафедры «Гісторыя, сусветная і айчынная культура», а затым на кафедры «Паліталогія, сацыялогія і сацыяльнае кіраванне».
У 2018 годзе Аляксей Бяляеў перайшоў у БДЭУ на пасаду дацэнта кафедры паліталогіі. Праз тры гады, у 2021‑м, стаў дырэктарам Інстытута магістарскай падрыхтоўкі БДЭУ.
Напісаў больш за 60 навуковых і вучэбна-метадычных публікацый.
«Журфак па суботах»: Як беларуская журналістыка рыхтуе кадры ў часы крызісу
@bajmedia