YouTube «Радыё Рацыя» трапіў у «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма
Міністэрства інфармацыі Беларусі 16 чэрвеня ў чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Туды дадалі сайт PINSK♥Life, YouTube-каналы «ПЕРШЫ. Галасы рэгiёнаў Беларусі» і «Радыё Рацыя», «Белсат по-русски» ў Facebook і іншыя рэсурсы.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем ChatGPT
У пералік забароненых да распаўсюду на тэрыторыі краіны інтэрнэт-рэсурсаў у ліку іншых уключылі акаўнт у Facebook з назвай «Белсат по-русски» (ідэнтыфікатар https://www.facebook.com/belsat.ru). Гэты інтэрнэт-рэсурс афіляваны з незалежным тэлеканалам «Белсат», шэраг сацсетак якога прызнавалі «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» і раней.
Апошняе рашэнне 15 чэрвеня 2026 года прыняў суд Глускага раёна Магілёўскай вобласці. Беларускімі ўладамі «Белсат» абвешчаны «экстрэмісцкім фармаваннем». Адпаведнае рашэнне прыняло 3 лістапада 2021 года Міністэрства ўнутраных спраў.
У «экстрэмісцкі» спіс унеслі акаўнт у Threads з назвай Franak Viacorka (ідэнтыфікатар https://www.threads.com/@franakviacorka). Змест старонкі 15 чэрвеня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Кастрычніцкага раёна Мінска. Франак (Францішак) Вячорка — вядомы грамадскі дзеяч, у мінулым журналіст і медыяаналітык, на сёння дарадца лідаркі дэмакратычнай апазіцыі Святланы Ціханоўскай. Ён вымушана пакінуў Беларусь пад пагрозай палітычнага пераследу. У чэрвені 2024 года Мінскі гарадскі суд падчас завочнага працэсу асудзіў яго да 20 гадоў пазбаўлення волі і вялікага штрафу паводле цэлага шэрагу палітычных артыкулаў, у тым ліку па абвінавачанні ў здрадзе дзяржаве і арганізацыі масавых беспарадкаў.
«Экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» прызнаны і Instagram-акаўнт bulbamovie (ідэнтыфікатар https://www.instagram.com/bulbamovie). Пастанову пра гэта вынес 15 чэрвеня 2026 года суд Баранавіцкага раёна г. Баранавічы. Вulbamovie — гэта фестываль беларускага незалежнага кіно, заснаваны ў Варшаве з ініцыятывы беларускіх і польскіх кінематаграфістаў, журналістаў і культуролагаў. Галоўны арганізатар і дырэктар фэсту — беларускі журналіст Януш Гаўрылюк. Яго старонку ў Instagram суд у Баранавічах прызнаў «экстрэмісцкай» тыдзень таму.
16 чэрвеня 2026 года адразу некалькі інтэрнэт-рэсурсаў прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Брэста. Паводле рашэння гэтага суда ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі інфармацыйны сайт PINSK♥Life (ідэнтыфікатар https://www.pinsk.life), дзе публікуюцца рэгіянальныя навіны, навіны Беларусі і свету.
Таксама 16 чэрвеня 2026 года суд Ленінскага раёна Брэста пастанавіў лічыць «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» YouTube-канал «ПЕРШЫ. Галасы рэгiёнаў Беларусі» (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/@pershy1), дзе ў відэафармаце размяшчаюцца навіны з беларускіх рэгіёнаў і замежжа. І YouTube-канал «Беларускага Радыё Рацыя» з назвай «Рацыя» (ідэнтыфікатар https://www.youtube.com/@Radyjo_Racyja).
@bajmedia