Расія стварае сетку фэйкавых сайтаў для маніпуляцый пошукавікамі і ШІ
Звязанае з Крамлём Агенцтва сацыяльнага праектавання (SDA) стварае разгалінаваную сетку сайтаў тыпу Вікіпедыі, медыя і фіктыўных аналітычных цэнтраў, каб уплываць на тое, як людзі і чаты са штучным інтэлектам успрымаюць палітычныя пытанні. Аб гэтым піша Bloomberg са спасылкай на ўцечку дакументаў SDA.

Фота: Pexels.com
Сярод 73 файлаў, доступ да якіх атрымалі журналісты, — праектныя прапановы і скрыншоты чатаў і вэбсайтаў за 2023–2026 гады. Разам яны могуць сведчыць аб тым, што расійскія структуры выходзяць за межы распаўсюджвання фэйкавых гісторый у сацсетках і спрабуюць кантраляваць крыніцы інфармацыі, якія ляжаць у аснове пошукавых сістэм і буйных моўных мадэляў.
Адна з прапаноў прадугледжвала стварэнне для Арменіі сайта, падобнага да Вікіпедыі, які можна было б выкарыстоўваць для дадання прарасійскіх наратываў у самыя папулярныя старонкі. Дакумент быў датаваны 14 красавіка — за два месяцы да парламенцкіх выбараў у краіне.
Bloomberg выявіла тры падобныя сайты для Арменіі, створаных у студзені і нядаўна заблакаваных хостынг-правайдэрам. Іншы праект, накіраваны на Нямеччыну, утрымоўваў план стварэння 200 тысяч сайтаў і рэдагаванні да 100 артыкулаў штомесяц пад пошукавыя сістэмы. План таксама прадугледжваў «навучанне» імі шасці ШІ-платформ у месяц.
Большасць дакументаў па ўцечцы не ўтрымліваюць лагатыпаў SDA, але еўрапейскія чыноўнікі і даследчыкі пацвердзілі журналістам іх сапраўднасць, спасылаючыся на змест і стыль прапаноў, падобных да дакументаў агенцтва, што Міністэрства юстыцыі ЗША апублікавала ў 2024 годзе.
Bloomberg выкарыстоўвала гістарычныя дадзеныя сістэмы даменных імёнаў (DNS), каб пацвердзіць існаванне 42 сайтаў, паказаных на скрыншотах агенцтва — амаль усе яны размяшчаліся на адным IP-адрасе ў Расіі, які таксама згадваецца ў злітых дакументах.
SDA, якое ў 2022 годзе заснаваў Ілля Гамбішыдзэ, працавала на расейскіх чыноўніках і дзяржаўных структурах у сферы «інфармацыйнай вайны». Мінюст ЗША ў 2024 годзе заявіў, што агенцтва мела дачыненне да «працяглай замежнай кампаніі па варожым уплыве», якая кіравалася расійскім урадам і ўключала, у прыватнасці, стварэнне клонаў медыя і дзяржаўных арганізацый.
У тым жа годзе Злучаныя Штаты ўвялі санкцыі супраць Гамбашыдзэ. SDA таксама знаходзіцца пад санкцыямі Вялікабрытаніі і Еўрапейскага саюза.
Bloomberg адзначае, што цяперашні «Праект 2026» сведчыць аб значнай эвалюцыі ў параўнанні з ужо ліквідаванай батафермай «Агенцтва інтэрнэт даследаванняў», якой кіраваў нябожчык кіраўнік ППК «Вагнера» Яўген Прыгожын і якую апісвалі як структуру, якая гналася па колькасці паведамленняў у сацыяльных.
Леташняе даследаванне Insikt Group і Recorded Future паказала, што Расія пашырыла сетку фэйкавых навінавых сайтаў CopyCop, дадаўшы з пачатку 2025 па меншай меры 300 новых рэсурсаў для схаванага ўплыву на краіны Захаду.
@bajmedia