• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Газета «Спортивная панорама», якая адзначыла 75-годдзе, скарачае выхад да аднаго разу на тыдзень

    Найстарэйшая спартыўная газета Беларусі «Спортивная панорама» (да 1995 года «Физкультурник Беларуси», «Физкультурник Белоруссии»), якая 1 чэрвеня адзначыла 75-годдзе, скарачае выхад з двух да аднаго разу на тыдзень.  У фармаце штотыднёвіка яна будзе выходзіць з 1 ліпеня.

    Спортивная панорама

    У падпісным каталогу, як вынікае з праведзенага “Позіркам“ параўнання, кошт паўгадавога камплекта знізіўся на 21% (са 190 да 150 рублёў), аднак у сувязі са скарачэннем выпуску кожны нумар будзе абыходзіцца даражэй на 58%.

    У другой палове 2021 года “Спортивная панорама“, заснавальнікам якой з’яўляецца Міністэрства спорту і турызму, паменшыла перыядычнасць выхаду з чатырох да двух разоў на тыдзень.

    Цяпер яе наклад складае 1.328 асобнікаў, у сакавіку 2026 года быў ніжэй — 1.187 асобнікаў. За ўвесь час выйшла 14.098 нумароў.

    “Спортивная панарама” ўваходзіць у спіс выданняў, якія атрымліваюць дзяржаўную падтрымку. Аднак, паводле звестак “Позірку”, газета знаходзіцца ў крызісе.

    Аляксандр Лукашэнка віншаваў газету з 70-годдзем, але не павіншаваў з 75-годдзем.

    У 2008 годзе выданне апынулася ў цэнтры скандалу: на фота са справаздачы аб сенсацыйнай нічыёй футбольнага клуба БАТЭ (Барысаў) з італьянскім “Ювентусам“ у Лізе чэмпіёнаў жоўта-сінія сцягі заўзятараў беларускага клуба з дапамогай кампутарнай графікі былі ператвораныя ў дзяржаўныя чырвона-зялёныя. Тагачасны галоўны рэдактар Віктар Рабінін заявіў, што гэта фотакалаж і ён закліканы адлюстраваць значэнне гэтай нічыёй для ўсяго айчыннага футбола і дзяржавы.

    Агулам рынак беларускай друкаванай спартыўнай прэсы знаходзіцца ў заняпадзе. Год таму з двухразовага на аднаразовы выпуск перайшла газета “Прессбол”, якая выходзіць з 1991 года. Цяпер яе заснавальнікам з’яўляецца Беларуская федэрацыя футбола, якую з ліпеня мінулага года ўзначальвае былы шматгадовы начальнік галоўнага ўпраўлення фізічнай культуры і спорту Мінскага аблвыканкама Яўген Булойчык. Тыраж газеты 4.123 экзэмпляры.

    Крызіс звязаны ў тым ліку з жорсткай самацэнзурай у друкаваных выданнях. Яна тычыцца спартсменаў, якія не падтрымліваюць уладу, і вострых праблем спартыўнай галіны.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.