• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Падпіска на агульнарэспубліканскія прапагандысцкія СМІ падаражэла за паўгоддзе на 4–13%, за год — на 14–29%

     На 4–13% за паўгода і на 14–29% за апошні год падаражэла падпіска на найбольш тыражныя агульнарэспубліканскія прапагандысцкія выданні, сведчыць праведзенае  «Позіркам» параўнанне коштаў у падпісных каталогах Белпошты.

    Фота: Позірк

    Цэны на СМІ растуць апераджальнымі тэмпамі ў параўнанні з агульнай інфляцыяй на фоне шматгадовага субсідавання ўладамі друкаванай прапаганды за кошт падаткаў насельніцтва.

    З‑за дэ-факта дзейнай у краіне цэнзуры ў каталогах па-ранейшаму няма папулярных незалежных грамадска-палітычных СМІ, якія былі разгромленыя пад шырмай барацьбы з экстрэмізмам. У зняволенні, паводле інфармацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў на 27 чэрвеня, утрымліваецца 21 супрацоўнік СМІ.

    Кошт камплекта “СБ. Беларусь сегодня” (раней “Советская Белоруссия”) на другую палову 2026 года ў параўнанні з першай павялічылася на 13,3% (са 160,74 да 182,04 рубля), “Сельской газеты” — на 10,8% (са 133,44 да 147,90), “Рэспублікі” — на 10,7% (са 134,40 да 148,80), “7 дней” — на 10% (з 66,36 да 73,02), “Знамени юности” — на 9,9% (з 63,90 да 70,20), “Народнай газеты” — на 8,5% (са 109,80 да 119,10), “Звязды” — на 7,7% (са 137,04 да 147,60).

    Газета “Коммунист Беларуси. Мы и время” — друкаваны орган лаяльнай рэжыму Камуністычнай партыі — стала даражэйшай на 12,8% (79,08 супраць 70,08 рубля).

    Кошт падпіскі на спартыўны штотыднёвік “Прессбол” павялічыўся на 1,9% (са 123,91 да 126,22 рубля), “Спортивную панораму” — знізіўся на 21,1% (са 190 да 150), аднак фактычна ён вырас на 57,9% праз скарачэнне выпуску з двух да аднаго разу на тыдзень.

    Падаражэла падпіска на буйныя абласныя газеты, таксама кантраляваныя дзяржавай.

    Кошт падпіскі на асноўныя расійскія выданні ў асноўным вырас. З Казахстана можна выпісаць толькі часопіс “Аграрный сектор”. Падпіска на газету “Казахстанская правда” спыненая. Раней яна нязменна прысутнічала ў каталогу “Белпошты“.

    На ўкраінскія выданні падпіска не праводзіцца чатыры з паловай гады — увесь час, што ідзе вайна. На іншыя замежныя СМІ падпіскі няма шмат гадоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.