У міждзяржаўны крымінальны вышук абвесцілі яшчэ некалькіх беларускіх незалежных журналістаў
Гэта здарылася цягам апошніх трох з паловай месяцаў — пасля красавіка 2026 года, дакладныя даты невядомыя.

Скрыншот пошукавіка SOTA са старонкі ў Facebook Сяргея Падсасоннага
«Нарэшце! Думаў, гэты дзень не надыдзе. Але цяпер афіцыйна — маё прозвішча ў базах вышуку віднее праз пошукавік SOTA. Некалі ў дзяцінстве каля аддзялення РАУС са страхам глядзеў на дошку з чырвоным надпісам «Их разыскивает милиция», а цяпер і сам крымінальнік. Што праўда, сёння быць у гэтым гроне — гонар!», — напісаў на сваёй старонцы ў Facebook былы вядоўца тэлеканала «Белсат» Сяргей Падсасонны.
На гэтым тэлеканале, абвешчаным у Беларусі «экстрэмісцкім фармаваннем», журналіст адпрацаваў 17 гадоў, звольніўшыся ў 2025‑м. Цяпер Сяргей Падсасонны выкладае ў Варшаўскім універсітэце.
Былы палітвязень, відэааператар Вячаслаў Лазараў даведаўся, што інфармацыя з расійскай базы вышуку з’явілася на сайце выдання SOTA, ад сваіх знаёмых. Як і ў Сяргея Падсасоннага, у яго асабовых даных там не пазначана, у сувязі з чым яго абвясцілі ў крымінальны вышук.
«Мажліва, распачалі новую крымінальную справу за «экстрэмізм», бо пасля вызвалення я некалькі разоў даваў інтэрв’ю незалежным СМІ, якія ў Беларусі лічацца «экстрэмісцкімі фармаваннямі». Але дакладных падстаў не ведаю. Дакладна мне вядома толькі тое, што ў красавіку гэтага года майго прозвішча ў базе вышуку Расійскай Федэрацыі яшчэ не было», — сказаў Вячаслаў Лазараў.
У Беларусі відэааператар быў асуджаны на пяць гадоў пазбаўлення волі за прафесійную дзейнасць — за супрацу з тэлеканалам «Белсат». 11 верасня 2025 года яго вызвалілі па памілаванні пасля візіту ў Мінск спецпасланніка ЗША Джона Коўла і прымусова вывезлі ў Літву, пазней беларускія ўлады анулявалі яго пашпарт.
З ануляваным пашпартам вымушаны жыць за мяжой і блогер Дзмітрый Казлоў («Шэры Кот»), таксама былы палітвязень. Яго імя і прозвішча таксама ўнесеныя ў базу вышуку на тэрыторыі Расіі пасля красавіка 2026 года.
Сёлета на пачатку мая на сайце «Медиазона. Беларусь» выйшла публікацыя пра актуальны на той дзень пералік асоб у пошукавай базе Расійскай Федэрацыі. Беларускія грамадзяне трапляюць у яе на запыт сілавых структур Беларусі. Гэта азначае, што людзей вышукваюць у абедзвюх краінах, а таксама могуць выдаць з «сяброўскіх краін». На той час у гэтай базе было амаль 6 000 беларусаў, за апошнія тры з паловай месяцы гэтая колькасць яшчэ павялічылася.
@bajmedia