• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Беларускі след на варшаўскай Ночы фатаграфіі: ад праекцый Атцецкага да спадчыны Булгака

    4 верасня ў Варшаве пройдзе чацвёртая «Ноч фатаграфіі» (Noc Fotografii 2026), зладжаная Цэнтрам фатаграфіі Музея Варшавы. Тэмай падзеі стала «Утаймаванне горада» (Oswa­janie mias­ta) — развага пра тое, як мігранты, мастакі і жыхары будуюць свае адносіны з мегаполісам. У сёлетняй праграме і падрыхтоўцы фэсту выразна прасочваецца беларускі след — ад працы ў камандзе арганізатараў да імёнаў у праекцыях.

    Свята распачнецца а 19:15 афіцыйным адкрыццём і ўручэннем дыпломаў пераможцам конкурсу «Утаймаванне горада». Адразу пасля гэтага, з 19:45 да 20:00, адбудзецца адзіны і эксклюзіўны прэм’ерны паказ прац лаўрэатаў. З 20:00 да 23:00 на вуліцах Старога і Новага Горада ў шасці розных лакацыях разгорнуцца асноўныя пленэрныя праекцыі.

    Беларусы на варшаўскай Ночы фатаграфіі

    Выява: сайт Музея Варшавы

    Беларусы ў камандзе стваральнікаў

    Сярод ключавых імёнаў у афіцыйным спісе каманды фэсту — два беларускія.

    Аўтар праекта «Плошча Пераменаў» Яўген Атцецкі падрыхтаваў для «Ночы фатаграфіі» мантаж вулічных праекцый для прац польскіх фатографаў: Рафала Мілаха і Зоф’і Рыдэт.

    Рэжысёрка і выпускніца Беларускай акадэміі мастацтваў Ружана Кручкова выступіла каардынатаркай міжнароднага фотаконкурсу «Утаймаванне горада».

    Беларускія паралелі

    Цікава, што праекцыі, над мантажом якіх працаваў Яўген Атцецкі, звязваюць сусветнае мастацтва з беларускім кантэкстам.

    Рафал Мілах — адзін з найбольш вядомых сучасных польскіх фатографаў, сябра прэстыжнага міжнароднага агенцтва Mag­num Pho­tos. Беларусам ён вядомы сваёй фотакнігай «The Win­ners» («Пераможцы») — глыбокім і рэфлексіўным даследаваннем беларускай ідэалогіі і рэчаіснасці 2010‑х гадоў. Таксама спадара Рафал не аднойчы браў удзел у Месяцы фатаграфіі ў Мінску.

    На Ночы фатаграфіі пакажуць праект Мілаха пра в’етнамца Ліна, знятага ў 2005 годзе на Стадыёне X‑годдзя. Падчас маштабнага пажару на Марывільскай у 2024 годзе Лін страціў усё, у тым ліку 20-гадовы сямейны фотаархіў. Даўнія здымкі Мілаха з праекта «Ba Lan» сталі адзіным матэрыяльным слядам яго прошлага жыцця, які яны разам спрабуюць аднавіць праз успаміны.

    Зоф’я Рыдэт — польская класік фатаграфіі, чый праект «Запіс соцыума» (Zapis socjo­log­iczny) лічыцца грандыёзным антрапалагічным архівам. Пачынаючы з 1978 года (калі ёй было 67 гадоў), яна абыходзіла тысячы сялянскіх хат, фатаграфуючы жыхароў у іх прыватным інтэр’еры. Значная частка гэтых здымкаў зроблена на Падляшшы — на беларуска-польскім памежжы. На яе здымках поруч з польскімі святынямі часта бачныя праваслаўныя іконы з вышыванымі беларускімі ручнікамі-«набожнікамі» і аўтэнтычны быт, ідэнтычны вёскам Гродзеншчыны і Брэстчыны.

    Беларуская фотажурналістыка пасля 2020-га: паміж рэпрэсіямі, эміграцыяй і глабальным кантэкстам

    Погляд на Варшаву вачыма Яна і Януша Булгакаў: ад паштовак даваеннага шарму да руін 1945 года

    Асобным акцэнтам для беларускага чытача стане праекцыя «J&J Bułhak – 2 × Warsza­wa», якую пакажуць у аркадзе каля галерэй ZPAF на вуліцы Канонія. Аўтарам і куратарам гэтай прэзентацыі выступіў фатограф і рэжысёр дакументальнага кіно Войцех Валькевіч.

    Сёлета спаўняецца 150 гадоў з дня нараджэння Яна Булгака (1876–1950) і 120 гадоў яго сыну Янушу (1906–1977). Ян Булгак — ураджэнец Навагрудчыны, «бацька» ўсходнееўрапейскай краявідазнаўчай фатаграфіі, які ўвядоў сам тэрмін «фатаграфіка», і заснавальнік піктарыялізму. Яго мастацкая і педагагічная спадчына фарміравалася ў Мінску, Вільні, Гродне і Ашмянах, з’яўляючыся фундаментальнай часткай беларускай і польскай культурнай прасторы.

    Ян Булгак «Варшава — Каралеўскі замак», 1925; з калекцыі Музея Варшавы; fot. fot. A.Czechowski M.Matyjaszewski

    Дэталь, якая робіць яго постаць асабліва драматычнай: у 1944 годзе падчас баёў у Вільні ў пажары была знішчана яго майстэрня, дзе згарэла каля 30 тысяч негатываў — уся яго шматгадовая праца па фіксацыі беларускіх і літоўскіх краявідаў. Страціўшы ўсё, 69-гадовы фатограф разам з сынам Янушам прыехаў у руіны пасляваеннай Варшавы, каб пачаць з нуля.

    На Ночы фатаграфіі глядач пабачыць унікальны кантраст фатаграфій, якія ў тыя часы выкарыстоўваліся для друку паштовак: спачатку даваенныя піктарыяльныя краявіды і здымкі з подпісам «fot. Jan Bułhak», а затым — пасляваенныя паштоўкі з руінамі горада 1945 года, падпісаныя «fot. J. Bułhak i Syn».

    Ян Булгак. Паштоўка «Алея ў Саксонскім садзе» (Ale­ja w Ogrodzie Saskim); 1938. Калекцыя Музея Варшавы (fot. fot. A. Czechows­ki)

    Што яшчэ варта пабачыць?

    Праграма ахоплівае працы з фондаў Музея Варшавы, а таксама спецыяльны блок праектаў з Les Ren­con­tres d’Arles — найстарэйшага і найбольш прэстыжнага фотафестывалю свету (французскага аналага Канскага кінафестывалю ў свеце фатаграфіі).

    У суправаджальнай праграме таксама — сустрэчы з польскімі і замежнымі мастакамі, майстар-класы для дзяцей і дарослых, а таксама прэм’ера альбома «Аляксандр Мінорскі. Фатаграфія — гэта інтэрвенцыя» (Alek­sander Minors­ki. Fotografia to inter­wenc­ja).

    Уваход на ўсе падзеі і пленэрныя паказы — вольны. Падрабязны расклад даступны на сайце Музея Варшавы.

    Куратарка праекта — Юлія Станішэўска (Julia Staniszews­ka).

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.