Выходзіць кніга Ігара Карнея пра кругі беларускага турэмнага пекла
20 жніўня ў праваабарончым выдавецтве SVIEDKI выйдзе кніга Ігара Карнея «Інкамунікада. Катаванне адзінотай». У ёй журналіст і былы палітвязень распавядае пра кругі беларускага турэмнага пекла, якія даводзіцца праходзіць тым, каго сістэма надзяляе «экстрэмісцкім» статусам.

Вокладка кнігі Ігара Карнея. Фота: выдавецтва SVIEDKI
Журналіст Ігар Карней быў у першай групе палітычных вязняў, вызваленых з‑за кратаў і прымусова дэпартаваных з Беларусі 21 чэрвеня 2025 года. Пасля вызвалення ён пачаў працаваць над рукапісам, у якім апісаў ўласны шлях праз следчыя ізалятары, калоніі, штрафныя ізалятары і памяшканні камернага тыпу ў сучаснай Беларусі.
«У мяне не самы вялікі тэрмін у параўнанні з іншымі, я адбыў там два гады ўсяго, але тэрмін быў сапраўды вельмі канцэнтраваны і насычаны.
Насычаны, перадусім, прэсінгам адзіночнага зняволення. У мяне агулам 200 сутак штрафных ізалятараў, памяшканняў камернага тыпу. З іх амаль паўгода ў рэжыме, як я называю, сінгл-рум.
Вось гэты сінгл-рум мне даўся ў знакі яшчэ як. У прынцыпе, калі чалавека заперці ў звычайнай кватэры аднаго на пару дзён без права выхаду — будзе даволі нявесела, нават з поўнай лядоўняй, тэлевізарам і інтэрнэтам. А іншая зусім справа, калі месяц за месяцам, у абсалютнай невядомасці наконт тэрміну гэтага выпрабавання, ты сядзіш у шклоўскай калоніі ў памяшканні на сем квадратных метраў.
Потым на восем квадратаў — у мяне нават загаловак ёсць пра бонус-метр. Сядзіш і вар’яцееш. У літаральным сэнсе — я бачыў людзей, якія проста з’язджалі з катушак. Гэта даволі цяжкае выпрабаванне», — распавядаў пра стварэнне кнігі ў вялікім інтэрв’ю БАЖ спадар Карней.
Ігар Карней: Пісаў кнігу ў максімальна аўтэнтычных умовах — у кладоўцы без вокнаў
Аднак у кнізе сабраныя не толькі асабістыя ўспаміны. У ёй ёсць гісторыі пра хатні арышт Юліі Чарняўскай, «хіміка» Віктара Пархімчыка, які праз безліч надуманых «парушэнняў» паехаў у калонію, украінца Аляксандра Катовіча, а таксама Паўла Севярынца, Уладзя Лабковіча, Вольгі Класкоўскай, Паліны Шарэнды-Панасюк, Змітра Казлова і іншых.
Што адбываецца з чалавекам, калі яго пазбаўляюць не толькі свабоды, але і магчымасці бачыць іншых, гаварыць з імі, адчуваць, што побач нехта ёсць? Як працуе сістэма, якая ператварае адзіноту ў форму катавання? Як зазначае выдавецтва, гэтая кніга — даследаванне механізмаў расчалавечвання і адначасова гісторыя пра здольнасць заставацца чалавекам нават там, дзе ўсё накіравана на тваё знішчэнне.
Заснаваная на асабістым досведзе, сведчаннях іншых палітвязняў і каментарыях спецыялістаў, кніга робіцца важным дакументам пра рэпрэсіі ў сучаснай Беларусі і цану чалавечай годнасці.
Зараз кніга даступная для папярэдняга заказу па промакошце.
@bajmedia