• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Кіберзлачынцы ўзламалі праваабарончы сайт «Палеская вясна»

    На галоўнай старонцы сайта «Палеская вясна» з’явілася паведамленне пра тое, што ён узламаны хакерскай групоўкай ZeroX­boberS, на «расследаванні» якой часам спасылаюцца беларускія сілавікі.

    Апрача слядоў дзейнасці на стартавай старонцы сайта, які, дарэчы, не абнаўляўся з кастрычніка 2024 года, паведамленні пра ўзлом «Палескай вясны» з’явіліся 17 жніўня каля 21‑й гадзіны ў Threads, Insta­gram і Tik­Tok хакерскай групоўкі. Гэтыя рэсурсы маюць адзінкі падпісчыкаў, але на іх часам спасылаюцца беларускія сілавікі, паведамляючы «смажаную» інфармацыю пра апанентаў беларускіх уладаў.

    Гэтым разам ад імя ZeroX­boberS было заяўлена, што невядомыя хакеры завалодалі звесткамі пра адміністратараў сайта і пра тых, хто звяртаўся па дапамогу праваабаронцаў. Таксама прыводзяцца прыклады скрыншотаў, якія нібыта сведчаць пра атрыманне мільярдных сум у доларах.

    Пры гэтым хакеры называюць праваабарончы сайт і саміх праваабаронцаў «иноагентами», што сведчыць пра іх арыентацыю на расійскую палітычную павестку, паколькі сам тэрмін і адпаведнае заканадаўства з’яўляюцца інструментамі расійскага ўладнага рэжыму, якія яны аўтаматычна пераносяць на беларускія і рэгіянальныя рэаліі.

    «Сайт «Палескай вясны» і згаданы паштовы сэрвіс, пра які ідзе гаворка, не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Вясны». Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна, звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы.

    Таксама падкрэсліваем, што інфармацыя пра нібыта «ўцечку» даных пра фінансы арганізацыі не адпавядае рэчаіснасці.

    Такія заявы не маюць пад сабой падстаў і з’яўляюцца часткай спробаў сілавых структур у чарговы раз дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі», — напісалі праваабаронцы ПЦ «Вясна» ў адмысловым каментары пра сітуацыю з рэгіянальным рэсурсам.

    Што да іншых інтэрнэт-рэсурсаў, звязаных з «Палескай вясной», то акаўнт у Face­book і Telegram-канал не маюць прыкмет узлому і выглядаюць гэтаксама, як падчас апошніх абнаўленняў 8 красавіка 2025 года.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.