CityDog зрабіў дадатак для Android. Што ўнутры?
Дадатак, які можна спампаваць наўпрост у Google Play, дазваляе чытаць CityDog больш бяспечна ў параўнанні са звычайтым сайтам. Выданне распавяло, як гэта працуе.

Калаж: CityDog
У рэдакцыі тлумачаць, што перш за ўсё шукалі варыянт, каб чытачам заўсёды быў даступны іх кантэнт:
«У Беларусі многія сайты недаступныя — гэта ні для каго не сакрэт. У дадатку гэтай праблемы няма. CityDogбудзе заўсёды даступны, літаральна ў адзін клік».
Стваральнікі падкрэсліваюць, што аўдыторыя атрымае магчымасць чытаць артыкулы нават тады, калі няма інтэрнэту, напрыклад, у самалёце. Для гэтага неабходна будзе толькі захаваць тэкст ў закладкі.
«Дарэчы, афлайн можна чытаць і любыя іншыя артыкулы, якія вы адчынялі раней. Яны будуць адзначаны зялёнай галачкай», — тлумачыць выданне.
Таксама прадугледжана магчымасць уключыць у «Наладах» «Бяспечны рэжым». У гэтым выпадку будуць схаваныя ўсе лагатыпы CityDog і ўсе згадкі пра часопіс. Такім чынам, прыкладанне будзе выглядаць літаральна ананімным.
Дадатак CityDog ужо даступны ў Google Play.
CityDog — гэта лайфстайл-часопіс пра Мінск, Беларусь і беларусаў, якія знаходзяцца зараз у любой частцы свету. Выданне піша пра тое, дзе і як жывуць беларусы, як будуюць свой побыт, культуру і бізнес. Распавядае, як беларусы дапамагаюць адзін аднаму ўжо зараз. І дзе шукаць новыя магчымасці для кар’еры і адукацыі.
@bajmedia