Зін Pamyłka зноў узнагародзіць беларускіх навукоўцаў прэміяй «Бізон Гіґс»
«Бізон Гіґс» — прэмія супольнасці беларусаў для беларускіх навукоўцаў у галіне натуральных, дакладных навук, або навук пра Зямлю. Першая прэмія ўручалася ў лютым 2025 года, аднак на наступную зіму яна не праводзілася.

Міхаіл Волчак разам са статуэткай прэміі. Фота: Facebook
«Маю добрую навіну. Другому «Бізону Гігса» быць. Першая прэмія адбылася ў пачатку 2025 году і была паспяховай. Таму вырашыў паўтарыць», — аб’явіў стваральнік зіна Pamyłka Міхаіл Волчак.
Ён нагадвае, што «Бізон Гігса» застаецца пакуль валанцёрскім праектам рэдакцыі зіна:
«Хачу, каб ён прайшоў якасна і гэтым разам. Спатрэбіцца і праца з дадзенымі, і праца з прасоўваннем і графічныя задачы. Хто хоча ўпісацца як валанцёр і прысвяціць гэтай пачэснай справе свой час і досвед, можна да мяне пісаць у прыват. Таксама ў бліжэйшы час з’явіцца расклад прэміі».
У першай прэміі сярод 6 намінантаў у адкрытым галасаванні перамог Максім Домніч, навуковец з галіны анкалогіі.
Другое і трэцяе месцы адпаведна занялі Зміцер Фірага з галіны квантавай хіміі і фармацэўтыкі і Юлія Сандамірская з галіны робататэхнікі і штучнага інтэлекту.
Улетку 2024 года галоўная камунікатарка выдання Святлана Волчак тлумачыла ў інтэрв’ю БАЖ, што прэмію жартам назвалі «Бізон Гіґс»: «Па аналогіі з базонам Хігса — часціцай, дзякуючы якой іншыя часціцы набываюць масу. Таму і назвалі бізонам – гэта адсылка да беларускага зубра. Мы падгледзелі, што ў беларускіх пісьменнікаў, у іншых творчых суполках існуюць свае ўзнагароды, а навукоўцы нічога падобнага не маюць».
Што такое Палескі калайдэр і што за звер «Бізон Гіґс»? Гутарка з камунікатаркай Pamyłka
«Вырашылі зрабіць прэмію народнай: прызавы фонд будзе збірацца праз краўндфандзінг, а людзі змогуць абіраць пераможцу галасаваннем. Мы не хочам зацыклівацца на вузкім коле вельмі разумных людзей, якія выбіраюць іншых разумных людзей, — казала Святлана Волчак. — Кожны чалавек зможа намінаваць на прэмію любога навукоўца, але для таго два чалавекі павінны пацвердзіць, што канкрэтна робіць навуковец і чаго ён дабіўся. То-бок, дастаткова групы з трох чалавек, каб намінаваць на прэмію любога іншага. А паколькі ўсё ж намінанты будуць вызначацца галасаваннем, то самыя неадэкватныя варыянты будуць адсейваццца».
@bajmedia