Мінінфарм рэкамендуе беларусам адмовіцца ад Youtube
Пасля блакіроўкі некалькіх каналаў беларускіх дзяржСМІ відэахостынгам YouTube Міністэрства інфармацыі распаўсюдзіла адмысловую заяву. У ёй гаворыцца пра «грубейшае праяўленне цэнзуры» і «інфармацыйную сегерацыю».

Міністэрства інфармацыі Беларусі. Фота: president.gov.by
Нагадаем, у панядзелак, 14 верасня, YouTube заблакаваў некалькі каналаў дзяржаўных СМІ — Radio Kultura BY, «Радыё Сталіца», «Першы канал беларускага радыё», «Беларусь-РТР», а таксама праекты СТВ.
Блакаванне ютуб-каналу СТВ адбылося наўпрост падчас жывога эфіру прапагандысцкага ток-шоў «По существу», прысвечанага Дню народнага адзінства.
Вясной сэрвіс выдаліў канал БелТА, а таксама каналы СТВ і АНТ.
Міністэрства інфармацыі Беларусі абурылася такімі дзеяннямі платформы і адзначыла, што «расцэньвае чарговае блакаванне відэахостынгам YouTube культурных, забаўляльных і грамадска-палітычных каналаў беларускіх СМІ як грубейшае праяўленне цэнзуры паводле нацыянальнай прыкметы і інфармацыйнай сегрэгацыі».
Ведамства «настойліва рэкамендуе грамадзянам Беларусі ў далейшым аддаваць перавагу іншым, у першую чаргу нацыянальным відэаплатформам, якія не практыкуюць у сваёй працы падобныя дыскрымінацыйныя падыходы».
Са свайго боку, Мінінфарм абвясціў тысячы інфармацыйных рэсурсаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», у тым ліку і платформы беларускіх незалежных медыяў. Усе яны заблакаваныя на тэрыторыі Беларусі.
@bajmedia