Дачка міністра Маркава запусціла новы праект на тэлебачанні — будзе расказваць пра гісторыю Беларусі
Марат Маркаў прыстроіў дачку Настассю на АНТ, яшчэ калі сам узначальваў канал. Пакуль бацька мяняе крэслы ў міністэрствах, Настасся працягвае будаваць кар’еру на тэлебачанні. Праўда, на малазначным «ЯСНАе TV».

Настасся Маркава. Скрыншот відэа
Настассі Маркавай 36 гадоў. Яна выпускніца юрыдычнага факультэта БДУ. Раней дзяўчына працавала выкладчыцай у юрыдычным каледжы БДУ. Каля пяці гадоў таму яна ўладкавалася яшчэ і ў дырэкцыю інтэрнэт-вяшчання АНТ, а ў 2024 годзе з’явілася і ў кадры.
На той момант бацька Настассі, Марат Маркаў, ужо шмат гадоў узначальваў гэты тэлеканал.
Жанчыне даручылі весці прапагандысцкі інтэрнэт-праект «Лікбез BY». Першы ж яго выпуск ператварыўся ў маналог Маркавай з заклікам удзельнічаць у галасаванні і звесткамі пра тое, якая адказнасць ёсць за няяўку на выбары ў розных краінах.
Дарэчы, сёлета той праект намінавалі на «Тэлевяршыню», але ў выніку далі Маркавай толькі дыплом лаўрэаткі.

Але ж 2026‑ты стаў для Настассі годам выпрабаванняў. Некалькі месяцаў таму яна тлумачыла падпісчыкам у інстаграме, чаму раптоўна знікла — хваробы і стрэс.
Цяпер яна пахвалілася ў сацсетках, што запусціла аўтарскі праект на «ЯСНАе TV» (належыць «Белтэлекаму»). Называецца ён «Кабінет гісторыі».
Дачка Маркава абяцае, што простай мовай будзе распавядаць гісторыю Беларусі і дапаможа старшакласнікам падрыхтавацца да іспытаў і добра здаць іх.
Першы выпуск Настасся прысвяціла паходжанню славян. За суткі відэа не змагло набраць нават сотні праглядаў.
Адной з першых ролік пракаментавала былая кіраўніца інтэрнэт-праектаў АНТ Святлана Ціханава. Тая 10 гадоў аддала тэлеканалу, але ў 2022 годзе выйшла замуж за малдаваніна ў Аўстраліі і пераехала да яго ў Брысбен.
Святлана раней хваліла і свайго былога начальніка Марата Маркава — захаплялася інтэрв’ю таго з Пратасевічам.
І цяпер яна не забывае дасылаць кампліменты з іншага канца свету міністэрскай дачцэ, з якой паспела папрацаваць на АНТ.
«Мая прыгажуня і разумніца», — напісала Святлана Настассі.
@bajmedia
