Былы намеснік дырэктара Радыё Свабода атрымаў медаль Францыска Скарыны
У Нью-Ёрку Святлана Ціханоўская ўзнагародзіла беларускага спевака і журналіста Данчыка (Багдана Андрусішына) медалём Францыска Скарыны — за шматгадовы ўнёсак у развіццё беларускай культуры, мовы і свабоды слова.

Фота: tsikhanouskaya.org
Цырымонія адбылася ў прадстаўніцтве Еўрапейскага саюза ў Нью-Ёрку на палях Генеральнай асамблеі ААН, паведамляе прэс-служба Святланы Ціханоўскай.
Данчык (Багдан Андрусішын) — адна з найбольш вядомых постацяў беларускай культуры ў эміграцыі. Ён нарадзіўся і вырас у Нью-Ёрку ў беларуска-ўкраінскай сям’і. Музычную дзейнасць пачаў у 1974 годзе, а ў 1977‑м выпусціў альбом «Беларусачка» — першы беларускі музычны дыск у ЗША. Пазней выйшлі альбомы «Мы адной табе належым», «Я ад вас далёка» і «Калядныя песні». У 1989 годзе Данчык прыехаў з канцэртамі ў Беларусь і Вільню, а ў 1996 годзе зноў выступіў у Беларусі.
У 1997‑м Багдан Андрусішын завяршыў музычную кар’еру і перайшоў у журналістыку. Шмат гадоў працаваў у Беларускай службе Радыё Свабода, у тым ліку намеснікам дырэктара.
У 2019 годзе Данчык таксама быў узнагароджаны медалём да стагоддзя Беларускай Народнай Рэспублікі.
@bajmedia