Анджэй Пачобут сустрэўся з Джонам Коўлам
Журналіст і былы палітвязень Анджэй Пачобут сустрэўся ў Вашынгтоне са спецпасланнікам прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам.

Анджэй Пачобут і Джон Коўл. Фота: Facebook Анджэя Пачобута
Сустрэча адбылася 23 верасня ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША, паведаміў Анджэй Пачобут на сваёй старонцы Facebook. Пачобут абмеркаваў з Коўлам пытанні польскай меншасці і Саюзу палякаў у Беларусі, а таксама палітычных зняволеных і магчымасці паляпшэння ўнутранай сітуацыі ў краіне.
«Я ўдзячны Коўлу за намаганні дзеля майго вызвалення і вызвалення іншых палітвязняў. Трымаю кулакі за яго місію і наступны візіт у Беларусь», — напісаў былы палітвязень.
Нагадаем, Пачобута затрымалі ў сакавіку 2021 года, а ў лютым 2023-га прыгаварылі да васьмі гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму па абвінавачаннях, сярод іншага, у «распальванні варожасці» і «закліках да дзеянняў супраць бяспекі дзяржавы». Праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.
28 красавіка 2026 года яго вызвалілі ў межах абмену зняволенымі паміж Беларуссю і Польшчай.
8 верасня 2026 года Пачобут паехаў у Беларусь, дзе наведаў родных і актывістаў польскай дыяспары, а праз тыдзень вярнуўся ў Польшчу. Ён распавядаў, што падчас паездкі яго правяралі сілавікі.
Пасля візіту ў ЗША Анджэй Пачобут плануе ізноў вярнуцца ў Беларусь.
@bajmedia