У Берліне Ambasada Kultury ладзіць выставу беларускіх мастакоў
У кастрычніку і лістападзе 2026 года ў прасторы Halfsister Berlin незалежная ініцыятыва Ambasada Kultury ладзіць выставачны праект Luft suchen.

Слова люфт прыйшло ў беларускую мову з нямецкага Luft — паветра. У тэхнічным ужытку яно азначае зазор, невялікую прастору паміж дэталямі, неабходную для руху. Без гэтага паветра механізм становіцца занадта шчыльным, трэнне ўзмацняецца, а рух губляе магчымасць працягвацца.
«У праекце Luft suchen гэты зазор становіцца вобразам прасторы, неабходнай паміж жорсткімі кантэкстамі. Прасторы для дыхання, рэакцыі, супольнага дзеяння, для думкі або жадання, якія могуць быць пачутымі і ўплываць на рэчаіснасць. Люфт тут звязаны са свабодай, часам і бяспекай, але таксама з далікатнай працай падтрымання сувязяў у сітуацыі ціску», — тлумачаць арганізатары.
Luft suchen прапануе думаць пра выставу як пра пошук паветра паміж дэталямі рэчаіснасці. Гэта прастора, у якой можна распазнаць ціск і адначасова шукаць магчымасць руху, дзе асабістае перажыванне сустракаецца з супольным, а нематэрыяльнае паступова атрымлівае форму.
Куратарка праекта — Liso Stec, куратарка публічнай праграмы Валянціна Кісялёва.
Першая выстава пройдзе 14–18 кастрычніка. Яна звязаная з бачаннем. Удзельнікі будуць працаваць з памяццю, слядамі, пустэчамі і спосабамі распазнавання сённяшняга. Тут важнае павольнае глядзенне – момант, калі значэнне яшчэ толькі праступае праз матэрыю, святло, напружанне і адносіны паміж творам і гледачом.
На другую выставу гледачоў чакаюць 11–15 лістапада. Яна будзе звязаная з перадачай. Мастакі звернуцца да таго, як досвед мінулага можа ўваходзіць у сучасную прастору праз рытуал, клопат, духоўныя практыкі, блізкасць і супольнае дзеянне. Тут люфт з’яўляецца як магчымасць залечвання, стабілізацыі і стварэння новых форм прысутнасці пасля змены.
Падрабязнасці пра праграму і ўдзельнікаў чытайце тут.
@bajmedia