Медыя Hrodna.life святкуе дзясіцігоддзе
«Мы ганарымся, што нягледзячы на ўсе праблемы, якія нам ствараюць беларускія ўлады, нашай асноўнай аўдыторыяй застаюцца жыхары Гродна»: 10 кастрычніка 2016-га на беларускай медыямапе з’явіўся новы гулец — выданне Hrodna.life.

Ілюстрацыя: Hrodna.life
«Ніколі б не падумалі, як усё гэта закруціцца і што мы будзем не проста нейкім там гарадскім сайтам:
мы выдавалі кнігі і часопісы, праводзілі майстар-класы і экскурсіі; перамагалі ў прафесійных конкурсах; судзіліся з кінавідэапракатам і перамаглі; падсунулі гарвыканкаму пару ідэй, якія ён рэалізаваў, і яшчэ больш ідэй, якія пакуль не рэалізавалі; сталі найлепшым рэгіянальным выданнем і навучылі ды далі шлях у прафесію дзясяткам выдатных журналістаў; правялі ўнікальны стрым з закрытых перамоваў пратэстоўцаў і гарвыканкаму; трошкі пасядзелі ў міліцыі і трошкі на сутках; працавалі ў Беларусі яшчэ больш за год пасля ліквідацыі.
За чатыры гады ў эміграцыі не адарваліся ад роднага горада, затое прадстаўлялі яго і сваю рэдакцыю на розных кантынентах, за тысячы кіламетраў ад дома; працягваем весці 1 сайт, 5 тэлеграмаў, 4 інстаграмы, 3 тыктокі, 2 ютубы і яшчэ кучу ўсяго — і верыць, што нашаму гораду патрэбна такая рэдакцыя, дзе б мы і нашы чытачы фізічна не знаходзіліся», — распавёў галоўны рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота.
У рэдакцыі падкрэсліваюць: на працягу гадоў мэта рэдакцыі застаецца нязменнай — даследаваць і асэнсоўваць горад, каб ён быў месцам, якім кожны можа ганарыцца. «І не важна, дзе мы і вы зараз знаходзімся. Гродзенец і гродзенка — гэта назаўсёды», — упэўненыя ў Hrodna.life .
@bajmedia