• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З фаварытак — у тэлевядоўцы. Як удзельніцы мерапрыемстваў Лукашэнкі будуюць кар’еру на дзяржаўным ТБ

    Удзельніцы баляў Лукашэнкі, яго спартовых мерапрыемстваў і конкурсаў прыгажосці атрымліваюць месца ў эфіры дзяржаўных тэлеканалаў.

    фаварыткі Лукашэнкі будуюць кар'еру на дзяржаўным ТБ

    Ганна Іванова. Скрыншот з яе сацсетак: Бюро

    Год таму каманда «Першага інфармацыйнага» папоўнілася новай тэлевядоўцай – Ганнай Івановай. Дзяўчына не раз была заўважаная ў кампаніі Аляксандра Лукашэнкі. У 2019 годзе яна разам з «кавуновым батальёнам» збірала бахчавыя, брала ўдзел у цырымоніі адкрыцця II Еўрапейскіх гульняў і была запрошанай госцяй на венскім балі ў Палацы незалежнасці. Паводле звестак «Кіберпартызан», у тым годзе Іванова якраз пачала супрацоўнічаць з Нацыянальнай школай прыгажосці, якая з’яўляецца так званай кузняй кадраў для світы Лукашэнкі.

    У 2021 годзе Іванова засвяцілася каля Лукашэнкі ў шэрагах службы дзелавога пратакола. У 2022‑м прысутнічала на святочным канцэрце з нагоды Дня народнага адзінства, дзе Лукашэнка выкаціў прамову пра геапалітыку, а ў 2024‑м перажывала за хакейную «каманду першага», у кампаніі паплечніц па «кавуновым батальёне» і чыноўнікаў.

    Дзяўчына скончыла факультэт міжнародных адносін БДУ ў 2022 годзе і атрымала запрашэнне на Рэспубліканскі баль выпускнікоў. Адразу пасля завяршэння вучобы, у верасні 2022-га, Ганна Іванова пачала працаваць у «Банку развіцця», дзе затрымалася амаль на 3 гады.

    Працу ў банку маладая прыгажуня сумяшчала з пасадай вядоўцы прагнозу надвор’я на тэлеканале «НТВ-Беларусь».

    У верасні 2025 года Іванова стала тэлевядоўцай «Белтэлерадыёкампаніі». На «Першым інфармацыйным» яна вядзе навінавыя выпускі і бярэ інтэрв’ю.

    Нядаўна дзяўчына пахвалілася ў сваім інстаграме, што атрымала пасаду ў новым шоу «Жаночы эфір». Яе сувядоўцамі сталі Юлія Алфёрава, заўзятая прапагандыстка Ксенія Лебедзева і сястра старшыні «Белтэлерадыёкампаніі» Ганна Эйсмант.

    Яшчэ адна выхаванка Нацыянальнай школы прыгажосці, якая атабарылася на дзяржаўным тэлебачанні, – Элеанора Качалоўская. Паводле звестак «Кіберпартызан», з мадэльным агенцтвам дзяўчына пачала супрацоўнічаць яшчэ ў 2019 годзе і нават атрымала пасаду менеджаркі.

    У 2023 годзе былая студэнтка Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва стала ўладальніцай тытула міс Беларусь. Атрымаўшы карону, яна звярнулася са сцэны асабіста да Лукашэнкі: «Аляксандр Рыгоравіч, дзякуй, што вы даяце такім простым дзяўчатам магчымасць апынуцца ў гэтай казцы».

    Больш за мільён еўра: столькі для СТВ каштавала новае караоке-шоу ад нявесткі Лукашэнкі

    У лістападзе 2023-га Элеанору Качалоўскую накіравалі на Miss Europe Con­ti­nen­tal 2023, дзе яна стала першай віцэ-міс, а ў 2024‑м – прадставіла Беларусь на «Міс Сусвет».

    Не абышлося і без стандартнага набору мерапрыемстваў у кампаніі палітыка. У 2023‑м Качалоўская прысутнічала на сустрэчы Лукашэнкі з моладзевым актывам у Палацы незалежнасці, а таксама была госцяй на навагодніх балях у 2024 і 2025 гадах.

    З 2025 года дзяўчына працуе вядоўцай праграмы «Плюс-мінус» тэлеканала «РТР-Беларусь», які ўваходзіць у холдынг «Сталічнае тэлебачанне».

    Аднак, як стала вядома «Бюро», Качалоўская мае пасаду і за кадрам.

    Мяркуючы па фота ў інстаграме міс Беларусь, працу тэлевядоўцы яна сумяшчае з прадзюсарствам і задзейнічаная адразу ў некалькіх буйных праектах тэлеканала.

    Акрамя таго, «Бюро» высветліла, што Качалоўская мела дачыненне да вытворчасці новай гумарыстычнай праграмы на СТБ – «ДХ шоу».

    Кар’еру на ТБ будуе і другая віцэ-міс Беларусь – 2018 Анастасія Лаўрынчук. У 2019 годзе яна таксама ўзяла ўдзел у конкурсе прыгажосці «Міс свету», але прызавых месцаў не заняла.

    Як і Іванова з Качалоўскай, Анастасія Лаўрынчук рэгулярна брала ўдзел у мерапрыемствах пад патранажам Лукашэнкі. У 2019 годзе засвяцілася на венскім балі, у 2023 і 2024 гадах – на Рэспубліканскіх навагодніх балях, у 2026‑м у кампаніі Аліі Кароткай і чыноўнікаў была заўзятаркай каманды Лукашэнкі.

    У 2021 годзе Лаўрынчук скончыла інстытут бізнэсу БДУ. А ў 2023‑м, мяркуючы па яе профілі ў інстаграме, пачала працаваць на СТБ і весці праграму «Навіны «24 гадзіны».

    У адрозненне ад яе калег па цэху, Лаўрынчук у Нацыянальнай школе прыгажосці ніколі працаўладкаваная не была. Да СТБ – з 2017 па 2023 гады – яна працавала ў прыватнай фірме «Домамір», якая займаецца пастаўкамі будаўнічых матэрыялаў. Пасаду дырэктара ў гэтай кампаніі займае яе бацька.

    «Я б не ставіла знак роўнасці паміж адсутнасцю профільнай журналісцкай адукацыі і непрафесіяналізмам. У журналістыцы цалкам могуць паспяхова працаваць людзі без дыплома журфака – шмат што залежыць ад канкрэтнага віду працы, рэдакцыйных патрабаванняў, навучання ўжо ў прафесіі і таго, ці валодае чалавек журналісцкімі стандартамі і інструментамі.

    Іншая рэч, калі крытэрам адбору на тэлебачанне робяцца пераважна знешнасць і медыйнасць – тут ужо можна казаць пра падмену прафесійных крытэраў», – пракаментавала «Бюро» гендарная даследчыца Ірына Сідорская.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.