«Як аказалася, нейкія рэчы іх закранулі». Журналістка Ганна Любакова — пра рэакцыю прапаганды на ейную лекцыю ў Бельгіі
У дзяржаўнай газеце «СБ. Беларусь сегодня» надоечы з’явіўся артыкул пад назвай «Хто мудрэйшы», прысвечаны «завочна асуджанай экстрэмістцы і тэрарыстцы», якая «нядаўна прачытала брюсельцам лекцыю». Аўтар тэксту прапанаваў пазбаўляць такіх грамадзянства. У апісанні пазнала сябе журналістка Ганна Любакова, якая падзялілася з БАЖ сваім меркаваннем адносна гэтай калонкі.

Ганна Любакова падчас лекцыі ва ўніверсітэце Гента (Бельгія). Фота: з уласнага архіва журналісткі
Нечаканая ўвага
Ганна Любакова — журналістка, палітычны аналітык, старэйшая запрошаная супрацоўніца Atlantic Council, на пачатку кастрычніка атрымала прэмію Amnesty International Chair 2026 «за значны асабісты ўнёсак у абарону правоў чалавека».
Падчас цырымоніі ўзнагароджання ў бельгійскім горадзе Гент Ганна прачытала публічную лекцыю пра Беларусь, механізмы фармавання аўтарытарных рэжымаў, тое, як Лукашэнка прыйшоў да ўлады і да чаго ён прывёў краіну праз 30 гадоў кіравання.
Ганна кажа, што публікацыя ў «СБ. Беларусь сегодня», прысвечаная лекцыі, стала нечаканасцю для яе. Журналістка не думала, што дзяржаўная прэса зверне ўвагу на ейны выступ, таму што зазвычай яны такія рэчы ігнаруюць.
«Звычайна яны ці то не сочаць, ці не чытаюць, ці проста наўмысна нічога не пішуць, каб, мо, не даваць такім тэмам платформу, не павялічваць значнасць. Таму для мяне было нечакана, што прапаганда і асабіста Мукавозчык прысвяціў цэлую калонку маёй публічнай лекцыі. Лекцыя апісвала гісторыю Беларусі з маімі развагамі, таму мне падавалася, што прапаганда наўрад ці знойдзе там штосьці новае. Але, як аказалася, нейкія рэчы іх закранулі», — зазначае Ганна Любакова ў каментары БАЖ.
У артыкуле няма імя журналісткі, аднак Ганна зразумела, што гаворка пра яе, бо гэта яна чытала лекцыю ў Бельгіі. Хоць, горад у тэксце ўказаны няправільна — лекцыю чытала не брусельцам, а ў горадзе Гент.
«Аўтар — вядомы дзяржаўны прапагандыст Андрэй Мукавозчык — нават горад пераблытаў: Гент ператварыўся ў Брусель. Аднак ён так уважліва вывучаў маю лекцыю! Калі рэжым выдаткоўвае столькі часу на тое, каб чытаць, аналізаваць і крытыкаваць вашыя словы, гэта сведчыць пра тое, наколькі важныя для яго гэтыя словы», — піша Любакова ў LinkedIn.

Скрыншот
«Калі вам скажуць, што вы адны — азірніцеся навокал»
Ганна адзначае, што беларускія ўлады ўважліва прачыталі ейную лекцыю, «вылучылі ключавыя думкі, падабралі цытаты» і нават звярнулі ўвагу на ейныя валасы, назваўшы яе «праваабаронцай з кучарамі». Пры гэтым, на думку журналісткі, ейнае імя апусцілі наўмысна.
«Падабраныя імі цытаты гавораць пра многае. Фактычна, яны выбралі тыя фрагменты, якія даволі трапна апісваюць рэжым. Калі б я была лаяльнай прыхільніцай улады і прачытала гэты артыкул, мне, напэўна, захацелася б знайсці поўны тэкст лекцыі. У пэўным сэнсе, яны напісалі для яе рэкламу», — зазначае Ганна.
Таксама журналістка і палітычны аналітык звяртае ўвагу на мову артыкула, у якім «эмігрантаў параўноўваюць з паразітычнымі чарвякамі», а пра грамадзянскую супольнасць кажуць: «утрыманцы Захаду».
«Супраціў разглядаецца як хвароба, а людзі, якія супрацьстаяць рэпрэсіям, становяцца сапраўднымі экстрэмістамі», зазначае журналістка.
У лекцыі Любакова згадвала закрыццё сваёй школы — ліцэя імя Якуба Коласа ў Мінску ў 2003 годзе, і тое, як у адказ беларусы адкрылі падпольную школу. «Мой першы ўрок прайшоў на вуліцы, на лаўцы наўпрост перад тым будынкам, які некалі быў нашым», — распавядае журналістка.

Ганна Любакова падчас уручэння прэміі Amnesty International Chair. 1 кастрычніка 2026 года, Гент (Бельгія). Фота: з уласнага архіва журналісткі
Напрыканцы выступу яна вярнулася да гэтай лаўкі са словамі: «Калі забяруць інстытут — стварыце сетку. Калі закрыюць газету — запусціце іншую. Калі вам скажуць, што вы адны — азірніцеся навокал. І калі ў вас засталася толькі лаўка — сядзьце. Пачніце ўрок».
Мукавозчык у сваім тэксце выкарыстаў гэтыя словы Ганны, каб чарговы раз пастарацца запужаць.
«І вось з гэтым мы павінны ім дапамагчы: сесці. Ну ці пазбавіць такіх грамадзянства — а таму што навошта яно ім?», — піша ён.
Ці варта звяртаць увагу на пагрозы пазбаўлення грамадзянства?
Ганна Любакова нагадвае, што тэма пазбаўлення «беглых» беларусаў (так Лукашэнка і ягоныя памагатыя называюць тых, хто вымушана з’ехаў з Беларусі, асцярагаючыся палітычна матываванага пераследу), фарсуецца ўжо цягам некалькіх месяцаў. А цяпер у галоўнай дзяржаўнай газеце з’яўляецца фактычна пагроза гэтага.
«На такія рэчы я звяртаю ўвагу, і агулам сачу за тым, што і як яны пра нас кажуць, чым пагражаюць. І яны ўсё больш кажуць пра пазбаўленне грамадзянства. Паглядзім, ці да гэтага дойдзе, але пагроза ёсць, і пра гэта таксама варта казаць публічна, у размовах з замежнымі журналістамі, дыпламатамі. А таксама захоўваць гэта для будучай справядлівасці, каб было зафіксаванае тое, што сёння робіць рэжым з беларусамі», — зазначае Любакова ў гутарцы з БАЖ.
Датычна пагрозаў наконт дапамогі ў тым, каб «сесці», журналістка падкрэслівае, што беларусы з крымінальнымі справамі, у вышуку, якія публічна выступаюць супраць рэжыму, працуюць у журналістыцы не могуць адчуваць сябе ў бяспецы нават за мяжой.
Таксама журналістка нагадвае, што нават калі чалавек не знаходзіць сябе ні ў якіх беларускіх ці расійскіх базах вышуку, гэта не азначае, што супраць яго няма крымінальнай справы і можна не клапаціцца пра ўласную бяспеку.

Ганна Любакова падчас уручэння прэміі Amnesty International Chair. 1 кастрычніка 2026 года, Гент (Бельгія). Фота: з уласнага архіва журналісткі
«Пра сябе я ведаю, што ўлады хочуць, каб я сядзела. <…> Ды і любы чалавек, які штосьці робіць, што можа не падабацца рэжыму Лукашэнкі, становіцца мішэнню.
Супраць яго выкарыстоўваюцца механізмы транснацыянальных рэпрэсій, той жа вышук. І калі чалавек туды трапляе, ён сутыкаецца з небяспекай падарожжаў у пэўныя краіны, дзе яго могуць затрымаць. І гэта досыць масавая з’ява. Таму варта пра гэта памятаць і дбаць пра сваю бяспеку — і фізічную, і лічбавую. Аднак адначасова не ўпадаць у паранойю і думаць, што навокал адныя пагрозы», — кажа Любакова.
У Беларусі Ганну Любакову судзілі завочна ў 2024 годзе па справе «аналітыкаў Ціханоўскай». Журналістцы прызначылі 10 гадоў пазбаўлення волі і ўнеслі ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Таксама беларускія ўлады падалі журналістку ў міждзяржаўны вышук — у базы краін СНД.
@bajmedia