Анджэй Пачобут плануе стала жыць у Беларусі пасля вяртання
Ён хоча вярнуцца дадому ў снежні. Нягледзячы на тое, што былы палітвязень мае ў Беларусі статус «экстрэміста» і «тэрарыста» і звязаныя з гэтым абмежаванні, ён плануе застацца ў Гродне на сталае месца жыхарства.

Анджэй Пачобут. Фота: LookByMedia
«Такое рашэнне было з самага пачатку. Я ўвесь час пра гэта кажу. У снежні вяртаюся ў Беларусь. Вядома, сям’я хацела б, каб я застаўся ў Польшчы. Бацькі таксама. У той жа час яны разумеюць мае матывы і ведаюць, што ўжо такі я чалавек», — цытуе Reform.news інтэрв’ю Пачобута выданню Rzeczpospolita.
Пачобут таксама ўзгадаў, што падчас першага візіту ў Беларусь ім цікавіліся сілавікі. Акрамя таго, ён не змог карыстацца мабільнай сувяззю з‑за мінулай крымінальнай справы.
«Спачатку я пайшоў перааформіць на сябе стары нумар, які быў зарэгістраваны на жонку. Яго перааформілі, але пасля трох званкоў нумар перастаў працаваць. Я пайшоў высветліць сітуацыю і даведаўся, што не маю на яго права», — расказаў ён.
Анджэй Пачобут — журналіст польскага выдання Gazeta Wyborcza і дзеяч Саюза палякаў у Беларусі. Ён знаходзіўся ў беларускіх турмах з сакавіка 2021 года да красавіка 2026 года, быў вызвалены падчас абмену зняволенымі на польска-беларускай мяжы. Прэзідэнт Польшчы ўручыў Пачобуту вышэйшую дзяржаўную ўзнагароду — ордэн Белага Арла, а яго справа прыцягвала ўвагу польскай грамадскасці і палітыкаў. 8 верасня Пачобут выехаў у Беларусь, дзе сустрэўся з бацькамі і актывістамі Саюза палякаў, наведаў памятныя месцы. 15 верасня ён вярнуўся ў Польшчу.
@bajmedia