• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Нас забілі». «Новая газета» абвясціла пра спыненне працы ў Расіі

    «9 лістапада мы пагасім святло ў нашым доме, дзе пражылі 30 гадоў, выключым серверы і сыдзем», — гаворыцца ў заяве газеты, якая дагэтуль працавала ў Расіі ў надзвычай цяжкіх умовах.

    Следчыя дзеянні ў рэдакцыі «Новай газеты» ў красавіку 2026 года па крымінальнай справе журналіста выдання Алега Ралдугіна. Фота: AFP via Get­ty Images

    Заснаваная ў 1993 годзе расійская «Новая газета» з’яўляецца адным з найбуйнейшых і аўтарытэтных незалежных выданняў у Расіі. У верасні гэтага года Міністэрства юстыцыі Расіі ўнесла ў рэестр «іншаземных агентаў». Напярэдадні стала вядома, што рэдакцыю высяляюць з будынка, які яна займала амаль 30 гадоў.

    ««Новую газету» забілі. «Новая газета» спыняе сваё існаванне. 9 лістапада мы пагасім святло ў нашым доме, дзе пражылі 30 гадоў, выключым серверы і сыдзем. Газеты больш няма. Расійскія ўлады і расійскія спецслужбы прымусілі рэдакцыю спыніць працу», — гаворыцца ў заяве, апублікаванай на сайце «Новай газеты».

    «Больш за трыццаць гадоў жыцця разам з краінай і яе грамадзянамі для нас скончацца на вуліцы, без сродкаў да існавання, пад пастаяннай пагрозай рэпрэсій», — дадаюць журналісты.

    Рэдакцыя «Новой газеты» збірае рэчы ў памяшканні, дзе працавала 30 гадоў. Часу на зборы журналістам амаль не далі. 29 кастрычніка 2026 года. Фота: Ганна Арцем’ева / «Новая газета»

    Пра высяленне рэдакцыі з будынка ў Патапаўскім завулку ў цэнтры Масквы галоўны рэдактар «Новай газеты» Сяргей Сакалоў паведаміў 28 кастрычніка ў лісце да чытачоў. Змест ліста пераказалі РБК, «Медиазона» і іншыя расійскія выданні.

    Разам з рэдакцыяй закрываецца і музей журналісткі Ганны Паліткоўскай у яе былым кабінеце.

    Паводле слоў Сакалова, пасля ўключэння ў рэестр «іншаагентаў» медыя не змагло аднавіць сістэму ахвяраванняў — кампаніі і банкі адмаўляюць рэдакцыі, спасылаючыся на «ўнутраныя карпаратыўныя правілы».

    «Адначасова з лістом пра высяленне адключылі сістэму данатаў, якая дазваляла нам атрымліваць ахвяраванні ад нашых чытачоў. Гэта значыць, пазбавілі сродкаў. Наогул. Гэта — скаардынаваная акцыя. Нікога не пераканаюць апраўданні банкаў, што яны робяць гэта, зыходзячы з унутраных карпаратыўных правілаў. Гэта — знешнія правілы, устаноўленыя рэпрэсіўным апаратам дзяржавы, супрацоўнікамі ФСБ, якія ўкараніліся пад дахам кожнай арганізацыі. Яны лічаць краіну сваёй уласнасцю», — гаворыцца ў заяве «Новай газеты» пра закрыццё выдання.

    Рэдакцыя адзначыла, што амаль пяць гадоў вайны змагла «працаваць у глухім атачэнні спецслужбаў». За гэты час сайты выдання былі заблакаваныя, газету пазбавілі рэгістрацыі СМІ, на галоўнага рэдактара, лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Дзмітрыя Муратава, напалі і абвясцілі яго «іншаземным агентам», журналістаў выдання таксама пачалі абвяшчаць «іншаземнымі агентамі», у Чачні збілі карэспандэнтку «Новай» Алену Мілашыну, супраць журналіста Алега Ралдугіна завялі крымінальную справу, у рэдакцыі і кватэры галоўнага рэдактара Сяргея Сакалова правялі ператрусы.

    «І вось цяпер — усё. Мы апынуліся ў «кіл-зоне». Гэта — не толькі наша асабістая гісторыя. Гэта — гісторыя краіны і грамадства, якія дабіваюць гэтак жа. <…> Хіба не здзекам сёння гучыць 29‑ы артыкул Канстытуцыі: «цэнзура забараняецца»? Суд знішчаны разам з законам і правам. Наяўнасць перакананняў — цяпер дзяржаўная здрада.

    Але здрада — гэта калі дзяржава здраджвае ўласнай Канстытуцыі. І гэтая здрада — працяглае злачынства, якое цяпер адбываецца на вачах усяго свету. Забойства «Новай газеты» — яшчэ адно таму доказ. Усе гэтыя гады мы пісалі менавіта пра гэта. Пакуль маглі. Таму і забілі. Дзякуй усім, хто нас чуў».

    Сузаснавальнік «Новой газеты» Дзмітрый Муратаў у сваім кабінеце ў маскоўскай рэдакцыі. 29 кастрычніка 2026 года. Фота: Ганна Арцем’ева / «Новая газета»

    «Новая ежедневная газета» была заснавана ў 1993 годзе выхадцамі з «Комсомольской правды» Дзмітрыем Муратавым, Сяргеем Кушнаравым, Акрамам Муртазаевым і іншымі журналістамі, сярод якіх быў і цяперашні галоўны рэдактар Сяргей Сакалоў. Пазней яна стала называцца «Новой газетой».

    На працягу сваёй гісторыі газета мела рэпутацыю апазіцыйнага выдання. Некалькі яе журналістаў былі забітыя. Ганна Паліткоўская, застрэленая ў пад’ездзе ўласнага дома, жорстка крытыкавала кіраўніка Чачні Рамзана Кадырава, а да гэтага пісала пра ваенныя злачынствы ў ахопленай вайной рэспубліцы.

    Пасля пачатку вайны ва Украіне частка журналістаў выдання пакінула Расію і запусціла праекты «Новая газета Европа» і «Новая газета Балтыя». 

    Працяглы час «Новая газета» была партнёрам «Еўрарадыё». Беларускія журналісты выказалі словы падтрымкі калегам.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.