Палітзняволены журналіст Дзяніс Івашын зноў у ШІЗА?
Падазрэнні наконт чарговага пакарання выказвае жонка журналіста Вольга Івашына. Яны грунтуюцца на тым, што з Дзянісам, якога ўтрымліваюць у магілёўскай ПК-15, ужо працяглы час няма сувязі.

Дзяніс Івашын
«20 дзён без лістоў. ШІЗА?!», — напісала Вольга Івашына на сваёй старонцы ў Facebook 1 лістапада. Перад гэтым яна зазначала, што сям’я не дачакалася і запланаванага тэлефоннага званка ад Дзяніса Івашына, які мусіў быць 23 кастрычніка.
На думку жонкі, калі Дзяніса насамрэч змясцілі ў штрафны ізалятар, то гэта адбылося знянацку.
«Звестак ад яго так і няма, але раней пра магчымасць апынуцца ў штрафным ізалятары ён не казаў нават намёкам», — кажа Вольга Івашына.
Верагоднасць таго, што Дзяніса Івашына могуць пакараць штрафным ізалятарам, яго родныя не выключаюць ад самага таго моманту, як 18 чэрвеня 2026 года журналіста вярнулі ў магілёўскую калонію. Дагэтуль ён 3 гады адбыў у турме № 8 у Жодзіна.
ПК-15 журналіста накіравалі адбываць прысуд першапачаткова, і там, паводле сведчанняў былых вязняў калоніі, яго збівалі, здзекваліся з ягонай беларускай мовы, забаранялі тэлефонныя званкі, прадуктовыя пасылкі, спатканні з бацькамі, некалькі разоў каралі штрафным ізалятарам. Праз некалькі месяцаў журналісту ўзмацнілі пакаранне — перавялі з калоніі на строгі турэмны рэжым у жодзінскую турму № 8.
Справа Дзяніса Івашына
Дзяніс Івашын — карэспандэнт беларускай незалежнай газеты «Новы Час», рэдактар-валанцёр беларускай версіі сайта міжнароднай расследавальніцкай супольнасці InformNapalm. Журналіст вядомы сваімі расследаваннямі пра ўплыў «рускага свету» на Беларусь і Сірыю, пра скандальную забудову рэстарана побач з мемарыяльным урочышчам Курапаты пад Мінскам.
Супрацоўнікі КДБ затрымалі Дзяніса Івашына 12 сакавіка 2021 года: спачатку выставілі абвінавачанне паводле арт. 365 Крымінальнага кодэкса (умяшанне ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў), а пазней дадалі яшчэ і «здраду дзяржаве».
Верагодна, «апошняй кропляй» для беларускіх уладаў стала яго расследаванне пра былых украінскіх байцоў атрада спецпрызначэння «Беркут», якія пасля перамогі Еўрамайдана ў 2014 годзе ўладкаваліся на працу ў беларускі АМАП. Журналіста схапілі літаральна на наступны дзень, як ён даў інтэрв’ю пра гэта незалежнаму тэлеканалу «Настоящее время».

Ён не запарвае любімую зялёную гарбату пад фільм для сумеснага сямейнага прагляду. Дзяніс Івашын. Асуджаны да 13 гадоў зняволення
Суд над Дзянісам Івашыным доўжыўся амаль месяц у Гродзенскім абласным судзе і адбываўся ў закрытым рэжыме. 14 верасня 2022 года суддзя Валерый Раманоўскі прызнаў журналіста вінаватым паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: часткі 1 артыкула 356 КК РБ (здрада дзяржаве) і артыкула 179 КК РБ (незаконны збор і распаўсюд звестак аб прыватным жыцці). Суддзя Раманоўскі прыгаварыў журналіста да пазбаўлення волі на 13 гадоў і 1 месяц з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, штрафу памерам 4800 рублёў і кампенсацыі маральнай шкоды дзевяці сілавікам, ацэненай агулам у 22 800 беларускіх рублёў.
Аспрэчыць гэты вырак у Вярхоўным судзе не ўдалося. Напрыканцы студзеня 2023 года Івашына этапавалі са следчага ізалятара турмы № 1 у Гродне ў папраўчую калонію № 15 Магілёва.
Напрыканцы чэрвеня 2023 года журналісту ўзмацнілі пакаранне і перавялі з калоніі на строгі рэжым у турму № 8 у Жодзіне. Ён знаходзіўся там тры гады, і 18 чэрвеня 2026 года яго зноў этапавалі ў ПК-15.
@bajmedia