Google ўпершыню зафіксаваў кібератаку, цалкам зладжаную праз ШІ
Хакеры атакавалі французскія СМІ, забаўляльныя і адукацыйныя сайты.

Фота: pexels.com
Google заявіў, што рускамоўныя хакеры стварылі агента штучнага інтэлекту, які здзейсніў першую ў гісторыі цалкам аўтаматызаваную кібератаку, піша Politico. Яна была накіравана на французскія сайты ў сектарах СМІ, забаў і адукацыі.
Паводле звестак аддзела аналізу кіберпагроз Google, хакеры, якія выкарыстоўвалі рускую мову ў сваёй тэхнічнай дакументацыі, наладзілі ШІ-агентаў, якія выяўлялі ўразлівасці і эксплуатавалі іх без умяшання чалавека.
Даследчыкі таксама выявілі скрыпты для даследавання ўнутранай інфраструктуры ўзламаных сістэм, выкрадання пароляў і ўсталёўкі вэб-шэлаў — інструментаў для дыстанцыйнага адміністравання сервераў.
«Улічваючы нізкі парог уваходу, лёгкасць інтэграцыі новых эксплойтаў [коду, які выкарыстоўвае ўразлівасці — БАЖ] і велізарны патэнцыял маштабавання, мы лічым, што зламыснікі вельмі верагодна будуць працягваць выкарыстоўваць гэтыя фрэймворкі ў кампаніях, накіраваных на арганізацыі па ўсім свеце», — гаворыцца ў справаздачы Google .
Дагэтуль нават самыя перадавыя мадэлі штучнага інтэлекту не маглі цалкам самастойна ажыццяўляць кібератакі. Іх кантралявалі кваліфікаваныя хакеры, якія кіравалі атакай або выпраўлялі памылкі.
Гэта распрацоўка можа сведчыць пра пераломны момант у выкарыстанні штучнага інтэлекту для кібератак. Мадэлі ШІ дазваляюць хакерам значна паскараць атакі і рабіць іх больш мэтанакіраванымі.
@bajmedia