• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Гэта такая дробная, агідная помста Рамана». Соф’я Сапега расказала, як яе падманам знялі для перадачы Пратасевіча

    Соф’я Сапега кажа, што пасля інтэрв’ю «Люстэрку» з ёй звязаўся чалавек, які прадставіўся журналістам «Новай газеты Еўропа» Ільём Азарам. Ён прапанаваў ёй зняцца ў новым відэапраекце, абяцаў ганарар і сабраў для працы прафесійную каманду.

    Здымкі доўжыліся цэлы дзень. Пазней высветлілася, што сапраўдны Ілья Азар не меў да гэтага праекта дачынення. А запісы з Соф’яй апынуліся ў перадачы Рамана Пратасевіча на беларускім дзяржаўным тэлеканале.

    Соф’я Сапегапра здымкі перадачы для перадачы Пратасевіча

    Кадр з перадачы Рамана Пратасевіча на CTV. Скрыншот: Наша Ніва

    Увечары 19 лістапада Раман Пратасевіч выпусціў на СТБ перадачу, прысвечаную сваёй былой дзяўчыне Соф’і Сапезе. У ёй у тым ліку паказалі відэа і змантаваныя аўдыязапісы размоў Сапегі, а таксама перапіску пра грошы. Сам Пратасевіч назваў тое, што адбылося, «невялікай шпіёнскай гульнёй».

    «Усё выглядала максімальна прафесійна»

    Паводле Соф’і, незнаёмы мужчына напісаў ёй пасля таго, як 29 кастрычніка «Люстэрка» апублікавала вялікую гутарку пра пасадку самалёта Ryanair у Мінску, турму і яе адносіны з Пратасевічам.

    Мужчына назваўся Ільём Азарам — вядомым расійскім журналістам, які сапраўды супрацоўнічае з «Новай газетай Еўропа». Гэты акаўнт прапанаваў Соф’і ўдзел у відэапраекце, разлічаным на рускамоўную еўрапейскую аўдыторыю. Планавалася запісаць некалькі выпускаў пра яе жыццё, удзел у пратэснай дзейнасці, зняволенне і адносіны з Пратасевічам. Для працы замоўца сабраў у Вільні здымачную каманду: інтэрв’юерку, фатографку, аператараў і людзей, якія адказвалі за арганізацыю працэсу. Соф’я кажа, што менавіта наяўнасць сапраўднай здымачнай каманды пераканала яе ў сур’ёзнасці прапановы.

    — Усё выглядала максімальна адэкватна і прафесійна. Была абсалютна нармальная каманда людзей, якія прафесійна займаліся сваёй справай. Я не падумала праверыць яго загадзя, — прызнае яна.

    Здымкі прайшлі ў нядзелю, 15 лістапада, і занялі амаль увесь дзень. Каманда разам з Соф’яй пераязджала з адной лакацыі на другую. Здымалі на вуліцах Вільні, у парку, а скончылі ў спецыяльна арандаванай кватэры. Былі запісаныя вялікае відэаінтэрв’ю і дадатковыя сцэны, а таксама зробленыя фотаздымкі.

    Дамову замоўца абяцаў даслаць пазней, у панядзелак. Але ў канцы здымачнага дня і сама Соф’я Сапега, і ўдзельнікі каманды пачалі падазраваць, што нешта не так.

    — Хлопцы самі пачалі пытацца: «А хто гэта ўвогуле такі?» Усе мы крыху непрафесійна падышлі да дамовы. Яны паверылі яму гэтак жа, як і я, — кажа Соф’я.

    Соф’я вырашыла праверыць, ці сапраўды замоўца мае дачыненне да «Новай газеты Еўропа». У рэдакцыі адказалі, што нічога не ведаюць ні пра такое заданне, ні пра інтэрв’ю з Сапегай. Пазней з Соф’яй звязаўся сапраўдны Ілья Азар. Стала канчаткова зразумела, што чалавек, які арганізаваў здымкі, толькі скарыстаў імя журналіста.

    Урэшце каманда адмовілася перадаваць замоўцу ўвесь адзняты матэрыял. Але, як вынікае з выпуску СТБ, нейкія відэа, аўдыязапісы і фрагменты перапіскі ўсё ж трапілі да Пратасевіча.

    «Ніякіх 1800 еўра я не атрымлівала»

    У перадачы Пратасевіч сцвярджае, што Соф’і нібыта заплацілі за «звесткі пра збеглую тусоўку». Яна катэгарычна адмаўляе такую інтэрпрэтацыю.

    Паводле Соф’і, грошы сапраўды абмяркоўваліся, але выключна як ганарар за ўдзел у відэапраекце. Праект планавалі падзяліць на тры выпускі, за кожны з якіх ёй паабяцалі па 1800 еўра. 6 лістапада Соф’я атрымала 302 еўра авансу. Астатніх абяцаных грошай, паводле яе, яна не бачыла.

    — Ніякіх 1800 еўра я не атрымлівала. Гэта быў ганарар за здымкі, — кажа яна.

    Соф’я не хавае, што пасля інтэрв’ю «Люстэрку» вырашыла больш не даваць вялікіх гутарак без ганарару. Паводле яе, расказваць пра турму, асабістае жыццё і іншыя балючыя падзеі для яе маральна цяжка.

    — Я трачу на гэта свой час і ў гэтыя дні не працую. Я расказваю вельмі далікатныя рэчы. Таму я шчыра сказала, што больш не магу даваць такія вялікія інтэрв’ю бясплатна.

    Прынамсі частку арганізацыйных выдаткаў замоўца аплаціў: на яго грошы ў Вільні арандавалі кватэру для здымак.

    Удзельнікам здымачнай каманды, наколькі вядома Соф’і, за працу не заплацілі. Пры гэтым, як яна сцвярджае, яны таксама не разумелі, хто насамрэч стаіць за заказам і дзе будзе выкарыстаны матэрыял.

    Чакала «журналіста» ў кавярні, але ён так і не прыйшоў

    Калі падман раскрыўся, невядомы пачаў называць удзельнікаў здымачнай каманды махлярамі. Ён запэўніваў, што прыляціць з Прагі ў Вільню і асабіста сустрэнецца з Соф’яй і людзьмі, якія рабілі інтэрв’ю.

    Соф’я папрасіла дапамогі ў адваката і знаёмых. Яны вырашылі выклікаць меркаванага замоўцу на сустрэчу, каб высветліць, хто ён і на каго працуе.

    Соф’я прызначыла яму сустрэчу ў кавярні. Яна прыйшла з пятлічным мікрафонам, а паблізу знаходзіліся людзі, гатовыя ўмяшацца, калі ўзнікне небяспека. Мужчына на сустрэчу так і не з’явіўся. Але, паводле Соф’і, падчас перапіскі ён дакладна апісваў, што адбываецца вакол яе. Таму яна мяркуе, што альбо сам знаходзіўся непадалёк, альбо за ёй назіралі яго людзі.

    — Ён дакладна назваў, што адбываецца вакол. Значыць, альбо ён, альбо яго людзі ведаюць, дзе я жыву, як жыву і дзе знаходжуся, — кажа яна.

    Соф’я лічыць, што людзі, якія арганізавалі правакацыю, могуць знаходзіцца ў Літве. Яна збіраецца перадаць сабраную інфармацыю адвакату і літоўскім органам.

    «Мае словы вывернулі зусім у іншы бок»

    У перадачы прагучалі змантаваныя аўдыязапісы, на якіх Соф’я разважае пра апошнія падзеі ў беларускіх дэмакратычных сілах і канфлікт паміж Святланай і Сяргеем Ціханоўскімі. Незалежна праверыць сапраўднасць аўдыя і зразумець, як менавіта яно было змантавана, цяпер немагчыма.

    Сапега сцвярджае, што яе пазіцыю сказілі.

    — Да іх канфлікту я стаўлюся нейтральна. Гэта адносіны дваіх людзей, чужая брудная бялізна, у якую я не магу лезці. Хто я такая, каб у гэтым удзельнічаць? — кажа яна.

    Соф’я таксама адмаўляе, што мае палітычныя амбіцыі, пра якія гаварыў Пратасевіч. Паводле яе, яна пагадзілася на інтэрв’ю ў тым ліку дзеля таго, каб зноў прыцягнуць увагу да людзей, якія застаюцца ў беларускіх турмах.

    — Мне ўсё роўна, што пра мяне будуць думаць. Я хацела, каб за гэтым шумам заўважылі людзей, якія сядзяць у турмах. Каб Еўропа пачала рабіць больш для іх вызвалення.

    Пры гэтым Соф’я не адмаўляе некаторыя асабістыя факты, агучаныя ў перадачы. Яна расказала, што пакутуе ад дэпрэсіі, а таксама што ў яе быў канфлікт з былым партнёрам у Літве, пасля якога яна звярталася ў суд. Але, паводле яе, гэтыя эпізоды выкарысталі і змантавалі так, каб стварыць вобраз нестабільнай жанчыны з палітычнымі амбіцыямі і прагай вядомасці.

    — Я вінаватая ў тым, што даверылася. Усё ўжо адбылося, назад гэтага не вернеш. Але мае словы вывернулі зусім у іншы бок. Гэта была двайная гульня, — кажа Соф’я.

    «З павагі да чалавека, з якім ты жыў, такога нельга казаць»

    Асабліва Соф’ю абурыла тое, што арганізатарам правакацыі стаў чалавек, з якім яна некалі жыла і разам з якім прайшла праз затрыманне, хатні арышт і крымінальны пераслед.

    Яна лічыць, што Пратасевіч выкарыстаў супраць яе асабістыя размовы, праблемы са здароўем і падрабязнасці сямейнага жыцця.

    — Нават проста з павагі да чалавека, з якім ты жыў пад адным дахам, такога нельга казаць. Ты жыў з гэтым чалавекам, карыстаўся яго даверам. Што ты цяпер робіш? Гэта проста агідна, — кажа Соф’я.

    Выхад перадачы яна ўспрымае як помсту за папярэдняе інтэрв’ю:

    — Гэта, відаць, такая дробная, агідная помста. Ён мяне падмануў, абылгаў і выцягнуў на публіку асабістыя моманты. Пасля той гутаркі ад яго можна было чакаць чаго заўгодна, але не думала, што ён пойдзе настолькі далёка.

    «Мая сям’я заўсёды будзе для мяне на першым месцы»

    Цяпер Соф’я больш за ўсё перажывае за сваіх блізкіх, бацьку. Паводле яе, у перадачы сказілі не толькі факты пра яе саму, але і гісторыю яе адносін з сям’ёй.

    — Увесь бруд, які вылілі на маю сям’ю і нашы адносіны, — няпраўда. Я заўсёды любіла, люблю і буду любіць сваю сям’ю, свайго бацьку. Мае родныя, мой бацька для мяне ў прыярытэце, — кажа Соф’я.

    Паводле Сапегі, незалежна ад складаных перыядаў у яе жыцці менавіта сям’я заставалася для яе галоўнай апорай.

    — Я магу адказваць за сябе і расказваць пра сябе. Але мая сям’я не павінна зноў пакутаваць праз тое, што некалі адбылося са мной. Чапаць іх зараз проста подла.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.