Культура дыскусіі ў выгнанні. Пра новую хвалю беларускіх дэбатаў
Эпоха кароткіх відэа і сотняў тэлеграм-паведамленняў прызвычаіла спажыўца да фрагментарнага кантэнту, які выключае аналітычнае мысленне. У размове з БАЖ медыяменеджар Аляксей Дзікавіцкі і журналіст Алесь Кіркевіч пагаджаюцца: беларуская аўдыторыя стамілася ад «брэйнроту» і мае патрэбу ў глыбокіх, неадрэдагаваных дэбатах, дзе сустракаюцца рэальныя апаненты, а не кампліментарныя суразмоўцы.

Ілюстрацыя створана БАЖ з выкарыстаннем Gemini
«Сёння бракуе фармату шырокіх дыскусій»
Аляксей Дзікавіцкі вядзе дэбаты RES PUBLICA на ютуб-канале Belarus Tomorrow. Адметнасць праграмы — вялікая колькасць удзельнікаў адкрытай дыскусіі на актуальныя для беларускага грамадства тэмы (напрыклад, праекты адукацыі за мяжой, выкарыстанне розных падыходаў у палітыцы і грамадскім жыцці).
У размове з БАЖ Аляксей Дзікавіцкі заўважае, што нерэгулярнасць выхаду RES PUBLICA абумоўлена асаблівасцямі каналу Belarus Tomorrow:
«У нас няма строгай сеткі вяшчання. На «Белсаце», дзе я працаваў столькі гадоў, як на любым класічным тэлеканале, быў традыцыйны падыход. То-бок калі запускаецца нейкі цыкл праграм ты мусіш канкрэтна планаваць графік, колькасць удзельнікаў, канкрэтны час. У нас, на шчасце, можна па-іншаму, пажаданая рэгулярнасць, канешне, але не такія строгія патрабаванні».

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: з уласнага архіва
На думку Аляксея Дзікавіцкага, у беларускім інфаполі сёння бракуе фармату шырокіх дыскусій:
«Па розных прычынах. Гэта можа быць і таму, што няма адпаведных сродкаў на тую ж студыю, куды можна запрасіць пяць ці шэсць гасцей, гэта можа быць і па прычынах нейкіх палітычных афіліяцый.
Таму звычайна ў нашых невялікіх студыях на выгнанні сустракаюцца журналіст і палітык, журналіст і эксперт. І па вялікім рахунку ў прынцыпе вядома, што гэтыя людзі не будуць у канфрантацыі з журналістам, часцей за ўсё яны паміж сабой проста будуць пагаджацца ў гэтых студыях».
«А хто там ідзе?..» – так называецца новая дыскусійная праграма на «Белсаце», прэм’ера якой адбылася 20 верасня. Стваральнік і вядоўца праграмы Алесь Кіркевіч называе фармат універсальным:
«На маю думку, ён сення ёсць найлепшым, каб выйсці на нейкую ісціну, не пабаюся такога пафаснага слова. Гэта нейкая дыскусія, калі розныя людзі прапаноўваюць свае опцыі, свае меркаванні, і тут ужо справа гледача, што ён будзе браць адтуль, над чым яму можна задумацца.
Бо важна ж, каб людзі задумваліся, а не проста схіліся да прамоў нейкага аднаго выступоўцы. Вельмі часта сёння нават незалежныя СМІ таксама грашаць такімі прапагандысцкімі проста мэсэджамі, калі думаць увогуле не трэба. А калі думаць не трэба, то мазгі чалавека ператвараюцца ў плаўлены сырок».

Вядоўца праграмы «А хто там ідзе?» Алесь Кіркевіч. Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
«Чым больш такіх дыскусійных пляцовак, тым лепш»
На думку Аляксея Дзікавіцкага, варта паспрабаваць усё-такі неяк адрадзіць фармат шырэйшай дыскусіі, падчас якой бярэцца тэма, што ў прынцыпе не абавязкова павінна быць гарачай на сёння, кшталту апошніх выказванняў Ціханоўскага і г.д.
«Тэма не павінна згарэць цягам трох дзён. Таму вырашыў зрабіць дэбаты да двух гадзін і з запрашэннем пяці-шасці гасцей, да таго ж абавязкова афлайн. Бо дыскусія, калі ты маеш трох чалавек у студыі афлайн, а дадаткова трох онлайн, то гэта ўсё адбудзецца ў няроўных умовах. Не будзе імгненнай рэакцыі ўсіх удзельнікаў. Але такія ўмовы здымак дэбатаў, зразумела, ускладняюць іх арганізацыю — сабраць шэсць чалавек у адным месцы складана, кошт такой перадачы таксама даволі вялікі. Ну і шмат часу патрабуе арганізацыя», — распавёў стваральнік RES PUBLICA.

Аляксей Дзікавіцкі. Фота: Наша Ніва
Дзікавіцкі лічыць, што «чым больш такіх дыскусійных пляцовак, тым лепш»:
«Можам пачуць класічнае пытанне: «Ну і што ж вы там вырашылі на тых бясконцых дэбатах?» А я не лічу, што ў выніку праграмы павінна нешта абавязкова вырашацца. Я лічу, што публічны абмен меркаваннямі карысны для фармавання пэўных ідэй. Пры там, падкрэслю, што ў нас усё робіцца ў жывым эфіры, каб не было спакусы потым нешта выразаць і г.д.
Па-другое, гэты абмен думкамі паказвае, хто ёсць кім у сітуацыі, калі асяроддзе, у якім гэты чалавек знаходзіцца падчас дыскусіі, не абавязкова для яго прыязнае. Я не кажу, што трэба там нешта крычаць, скандаліць і г.д. Не ў гэтым сэнсе. Але не павінна быць так, што журналіст запрашае на эфір палітыка ці эксперта, і вось яны ўсе як бы па адзін бок барыкад, усе ўсміхаюцца, ківаюць, усё добра».
Для Алеся Кіркевіча колькасць людзей у дэбатах «насамрэч не прынцыповая»:
«Мы неяк прывыклі, што дэбаты — гэта дуэль з двух чалавек ля бар’еру. Што да майго першага выпуску, то фармат там яшчэ эксперыментальны, бо трэцім удзельнікам быў мой калега Віталь Цыганкоў, журналіст і эксперт на «Белсаце». Далей, думаю, будзе нешта мяняцца. Не праблема запрашаць траіх, можа і чатырох. А чаму меркаванняў можа быць толькі два? Тут, хутчэй, сэнс у круглым стале, не бар’ер на дуэлі, а круглы стол, калі людзі сядзяць і дзеляцца думкамі.
Не ў колькасці людзей справа, а ў іх рознасці. Бо калі за сталом усе з усімі згодныя, то няма пра што размаўляць, можна толькі ківаць галавой і пагаджацца адно з адным. Я думаю, насамрэч, гэта найбольшая праблема ўсіх дыскусійных праграмаў нашага апошняга часу. Вельмі мала праграм, дзе сапраўды сустракаюцца апаненты, якія могуць спрачацца. Хацелася б дасягнуць гэтага эфекту, не з першай праграмы, з трэцяй можа быць».
Алесь Кіркевіч лічыць, што «гэтыя кампліментарнасць і ласкавасць адно да аднаго таксама стамляе — кшталту ўсе ж свае і калі ты ў чалавека спытаеш нешта нязручнае і некамфортнае, то наступны раз ён на эфір не прыйдзе, бо пакрыўдзіцца».
«Але гэта, умоўна кажучы, далікатнасць пазбаўляе дыскусію драматургіі», — дадае журналіст.

Павел Усаў, Віталь Цыганкоў, Аляксандр Кныровіч і Алесь Кіркевіч падчас здымак праграмы «А хто там ідзе?». Варшава, Польшча. 13 верасня 2026 года. Фота: Рауль Дзюк / Белсат
У век кароткіх відэа
«Так, мы не 15-секундны ціктокерскі фармат, але вельмі шмат людзей абіраюць сёння тыя ж працяглыя па часе падкасты. Чалавек стамляецца ад гэтых бясконцых ролікаў. Зразумела, што наўрад ці нашы дэбаты сёння будуць збіраць па 300 000 праглядаў, але, думаю, у нас ёсць ужо гледачы, якія хочуць больш шырокага агляду, і будуць дадавацца іншыя», — зазначыў Аляксей Дзікавіцкі.
«Наконт запатрабаванасці доўгіх размоў… Цікавае пытанне. Я таксама над гэтым шмат думаў, але мне здаецца, што прынамсі частка людзей стамілася ад гэтага «брэйнроту» (Брэйнрот (ад англ. brain rot — «гніенне/раскладанне мазгоў») — тэрмін, які абазначае наўмысна прымітыўны, абсурдны і бессэнсоўны інтэрнэт-кантэнт, а таксама стан разумовай стомленасці ад яго празмернага спажывання. У 2024 годзе Оксфардскі слоўнік назваў гэтае паняцце словам года — БАЖ) на 10–15 секунд, якія засмечвае тваю галаву.
Часам чалавек хоча ўсё ж такі засяродзіцца, а часам нават проста ўключыць нейкі даўгі падкаст і проста займацца сваімі справамі, слухаючы, часам не гледзячы нават на тых ці таго, хто гаворыць. То-бок у нейкім сэнсе гэта такі стары добры тэлевізійны фармат, калі ты можаш унікнуць у тэму.
Бо цяжка ўнікнуць у тэму за 30 секунд ці хвіліну. А калі дзея ўжо больш за паўгадзіны, то ёсць нейкі эфект пагружэння. І мне здаецца, гэта больш усё ж такі карысна — ты нейкія зоны мозга свае ўжо можаш падключаць да гэтага. Не толькі эмацыйнае слюнавыдзяленне, умоўна кажучы», — лічыць Алесь Кіркевіч.
Пра планы
Аляксей Дзікавіцкі спадзяецца зрабіць дэбаты больш рэгулярнымі:
«У мяне няма прымусу мець невядома колькі праглядаў, каб потым справаздачыцца перад донарамі. То-бок я магу браць тэмы не «папсовыя», як кажуць.
Вось гаварылі пра ўніверсітэт беларускі, далей я б хацеў пагаварыць пра стан сучаснай беларускай літаратуры, сучаснай беларускай музыкі, якія нібыта някепска існуюць за мяжой, але ж ёсць праблема — і кнігі, і музыка недасяжныя да беларусаў у Беларусі. З часам пагаворым і пра палітыку, хаця, канешне, палітычнага і так сёння хапае».
«Што да зменаў, то думаем падключаць рэплікі ў выглядзе запісу нейкіх экспертаў ці людзей звонку на хвіліну-дзве, якія б ёміста выказвалі сваю пазіцыю па тэме, але самі не ўдзельнічалі ў дыскусіі. Магчыма, гэта могуць быць польскія, нейкія яшчэ эксперты, але за гэтым самым дыскусійным сталом маюць быць усё ж такі беларусы», — распавёў Алесь Кіркевіч.
Што азначае адраджэнне дэбатаў для беларускага медыясектара
Тэндэнцыя да вяртання даўжэйшых, складаных дыскусійных фарматаў у рэаліях выгнання і рэпрэсій — гэта, хутчэй, не рэдакцыйны эксперымент, а пытанне захавання грамадскай прасторы. Сёння аўдыторыя патрабуе не гатовых рэцэптаў, а інструментаў для самастойнага аналізу. Спроба адрадзіць дэбаты — гэта крок да фармавання спелай палітычнай і грамадскай культуры, дзе рознагалоссі не вядуць да расколу, а становяцца крыніцай развіцця.
Вёрстка парадку дня вакол уласных праблем — ад стану літаратуры і музыкі да стратэгічных палітычных рашэнняў — дазваляе беларускім медыям захаваць ролю навігатара для супольнасці, незалежна ад геаграфічнага месцазнаходжання.
@bajmedia