Палітолага і медыяэкспертку Вольгу Харламаву асудзілі да 10 гадоў пазбаўлення волі
Вольгу Харламаву звінавацілі ў «здрадзе дзяржаве» паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса РБ. Справу супраць яе разглядаў Мінскі абласны суд, працэс праходзіў у закрытым рэжыме. Прысуд быў агучаны сёння, 20 лістапада. Сутнасць абвінавачання пакуль невядомая.

Вольга Харламова ў траўні 2021 года. Скрыншот: youtube.com/@SmartpressBY
Акрамя 10 гадоў зняволення з адбыццём у калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму суд прызначыў Вользе Харламавай буйны штраф памерам 1500 базавых велічынь — 67 500 рублёў, паведамляе «Белсат».
Сілавікі затрымалі Харламаву затрымалі 23 чэрвеня 2025 года, тады ў яе жыллі правялі ператрус. Спачатку медыяэкспертку трымалі пад вартай у СІЗА КДБ, праз некалькі месяцаў перавялі да суда ў СІЗА № 1.
Вольга Харламава — палітолаг, публіцыстка і медыяаналітык, экспертка ў галіне міжнароднай палітыкі і бяспекі. Яна каментавала падзеі ў Беларусі і свеце для беларускіх і замежных медыя, была аўтаркай «Белорусского ежегодника», а таксама аналітыкам праекта Media IQ.
@bajmedia