БАЖ правёў даследванне пра галоўныя патрэбы калег, якія выйшлі з турмаў
Апытанне, праведзенае Беларускай асацыяцыяй журналістаў у лютым, выявіла топ-патрэбы беларускіх журналістаў і медыяработнікаў, якія выйшлі на волю пасля крымінальнага пераследу ў апошні час.

Марына Золатава ў аўтобусе разам з іншымі вызваленымі. Фота: «Люстэрка»
Мэта апытання — зразумець, з якімі цяжкасцямі сутыкаюцца былыя палітзняволеныя праз некалькі месяцаў пасля вызвалення і ў якой падтрымцы яны маюць патрэбу: прафесійнай, сацыяльнай, псіхалагічнай ці іншай. У ім прыняў удзел некалькі дзясяткаў калег з вызваленых у 2024–2025 гадах.
Досвед зняволення і вяртання да жыцця на волі — працяглы і шматэтапны працэс, які не абмяжоўваецца першымі 2–3 месяцамі пасля вызвалення. Менавіта ў пачатковы перыяд экс-палітвязні звычайна атрымліваюць найбольшую ўвагу і падтрымку, аднак працяг такой падтрымкі ў далейшы перыяд патрэбны калегам не меней.
Такой пазіцыі Беларуская асацыяцыя журналістаў прытрымліваецца яшчэ з 2020 года.
Топ-патрэбы пасля вызвалення: жытло, медыцына, дакументы
Вось якія пытанні журналісты бачылі найбольш важнымі для сябе пасля вызвалення:
- Аплата арэнды жылля;
- Медычныя кансультацыі і лячэнне;
- Легалізацыя (кансультацыі, суправаджэнне) ;
- Тэхніка (кампутар, тэлефон);
- Псіхалагічная дапамога.
Дадатковыя патрэбы: доступ да працы і прафесійнай рэалізацыі; «застацца ў прафесіі»; вывучэнне замежнай мовы; атрыманне правоў кіроўцы. Нават калі нейкія з дадатковых патрэбаў не выглядаюць масавымі, яны часта маюць істотнае значэнне для доўгатэрміновай устойлівасці былых палітзняволеных-журналістаў.
З улікам кантэксту турмаў і эміграцыі патрэба ў псіхалагічнай дапамозе, магчыма, была недаацэненая рэспандэнтамі і патрабуе актыўнай прапановы звонку, лічаць эксперты БАЖ.
Прафесійнае аднаўленне: ключавы фактар устойлівасці для былых палітвязняў
Вынікі даследвання сведчаць, што дапамога не павінна абмяжоўвацца гуманітарным мінімумам — людзі хочуць і гатовыя аднаўляць актыўную прафесійную ролю.
Самыя запатрабаваныя фарматы (кожны апытаны мог выбраць некалькі варыянтаў): напісанне кнігі — 57,1%, фрыланс у журналістыцы — 52,4%, вяртанне ў медыя — 47,6%, вядзенне блогу — 38,1%, рэалізацыя ўласных журналісцкіх/фота-відэапраектаў — 28,6%.
Для аднаўлення прафесійнай дзейнасці ў тым ліку патрэбныя: стыпендыі і гранты — 66,7%, вывучэнне замежных моваў — 66,7%, адукацыйныя праграмы (у т.л. па працы з ШІ) — 52,4%, лічбавая бяспека – 33,3%, бізнес-кансультацыі — 28%, юрыдычныя кансультацыі.

Блогер Павел Вінаградаў пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Позірк»
Высновы
Вынікі апытання пацвердзілі раней прынятае ў БАЖ бачанне неабходнасці даўгатэрміновай шматбаковай падтрымкі вязняў пасля іх вызвалення: сістэмнай дапамогі, якая спалучае забеспячэнне базавых патрэбаў, медыка-псіхалагічную рэабілітацыю і інвестыцыі ў доўгатэрміновую ўстойлівасць вызваленых.
@bajmedia