Новы даклад пра свабоду прэсы: Беларусь — у лідэрах па транснацыянальным пераследзе журналістаў
3 сакавіка Платформа Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў прадставіла свой штогадовы даклад. БАЖ вывучыў яго і прапануе вам паглядзець на ключавыя прававыя, палітычныя і практычныя змены, якія ўплываюць на свабоду прэсы ў Еўропе.

Вокладка дакладу пра свабоду прэсы-2025. Platform to promote the protection of journalism and safety of journalists
Колькасць сігналаў няўхільна расце
У 2025 годзе Платформа Савета Еўропы па садзейнічанні абароне журналістыкі і бяспецы журналістаў адзначыла сваё дзесяцігоддзе. З моманту запуску ў красавіку 2015 года яна апублікавала больш за 2 300 папярэджанняў (сігналаў) пра сур’ёзныя пагрозы свабодзе медыя ў дзяржавах-сяброўках Савета Еўропы, а таксама ў Беларусі іРасіі.
Колькасць папярэджанняў няўхільна расла — са 106 у 2015 годзе да больш як 330 у 2025‑м, што адлюстроўвае «ўсё больш варожае асяроддзе для журналістаў». Чвэрць апавяшчэнняў тычыцца замахаў на фізічную бяспеку і недатыкальнасць журналістаў. За гэты час 53 супрацоўнікі медыя загінулі.
У 2025 годзе «гарачыя кропкі» канфліктаў і рэпрэсій сталі асноўнымі крыніцамі пагроз для журналістаў. Беларусь, Грузія, Сербія, Расія, Турцыя і акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны зафіксавалі найбольшую колькасць папярэджанняў на Платформе.
У шэрагу еўрапейскіх краін зняволенне журналістаў паводле неабгрунтаваных абвінавачанняў стала паўтаральнай тактыкай. Па стане на 31 снежня 2025 года 148 журналістаў і іншых прадстаўнікоў медыя знаходзіліся пад вартай у розных краінах Еўропы.
Расія заставалася лідарам па колькасці зняволеных журналістаў, за ёй ішлі Азербайджан, Беларусь і Турцыя.
Транснацыянальныя рэпрэсіі
Расія і Беларусь выкарысталі міжнароднае паліцэйскае супрацоўніцтва як інструмент пераследу журналістаў у выгнанні.
Транснацыянальныя рэпрэсіі — не новая з’ява: цягам дзесяцігоддзяў журналісты станавіліся мішэнню замежных дзяржаў. Гэтыя практыкі ўключалі забойствы, пагрозы, напады, анлайн-пераслед, сачэнне і трансгранічныя судовыя працэдуры.
Паводле дакладу Еўрапейскага парламента, Беларусь і Расія, якія маюць агульную базу дадзеных асобаў у вышуку, інструменталізавалі міжнароднае паліцэйскае супрацоўніцтва праз «чырвоныя паведамленні» Інтэрпола і наўпроставыя запыты на экстрадыцыю.
Яны памножылі крымінальныя пераследы і завочныя арышты журналістаў у выгнанні паводле сфабрыкаваных абвінавачанняў. Замарожвалі іх банкаўскія рахункі або ціснулі на іх сем’і на радзіме. Мэта — дыскрэдытаваць журналістаў у выгнанні і зруйнаваць іх асабістае і прафесійнае жыццё, ізаляваўшы ад крыніц, якія баяцца жорсткай афіцыйнай помсты, або ствараючы для іх прававую няпэўнасць падчас падарожжаў.

Прэзентацыя даклада ў Press Club Brussels Europe. 3 сакавіка 2026 года. Скрыншот прамой трансляцыі
Медыя ў выгнанні — балючы фактар для рэпрэсіўных рэжымаў
«Гэтыя медыя ў выгнанні сёння патрэбныя як ніколі, бо амерыканская сістэма міжнароднага вяшчання сур’ёзна пацярпела ад скарачэння фінансавання з боку адміністрацыі Трампа. Некаторыя журналісты ў выгнанні таксама сутыкнуліся з недаверам і непаразуменнем у краінах прыёму», — зазначаецца ў дакладзе.
Вяртанне Дональда Трампа ў Белы дом мела істотныя наступствы для еўрапейскай медыйнай экасістэмы. Частка яго ўказаў усё яшчэ аспрэчваецца ў судах, але скарачэнне фінансавання Агенцтва ЗША па глабальных медыя пагражае стаць смяротным ударам для «Голасу Амерыкі» (VOA) і «Радыё Свабодная Еўропа/Радыё Свабода» (RFE/RL).
Абедзве структуры адыгрывалі асабліва актыўную ролю ў асвятленні аўтарытарызму ў шэрагу краін Рады Еўропы, а таксама ў Расіі і Беларусі.
Акрамя таго, скарачэнне грантаў USAID і няпэўнасць вакол Нацыянальнага фонду падтрымкі дэмакратыі (NED) негатыўна паўплывалі на незалежныя медыя і праекты ў сферы свабоды прэсы ў рэгіёне.
Паводле апытання медыя ў выгнанні, праведзенага Беларускай асацыяцыяй журналістаў, «6 з 30 апытаных медыя і медыйных арганізацый паведамілі пра поўную адсутнасць фінансавання з‑за цяперашняй замарозкі сродкаў, што можа прывесці да поўнага спынення іх дзейнасці з‑за немагчымасці выплачваць заробкі супрацоўнікам».
Гэта выклікае сур’ёзныя асцярогі наконт устойлівасці медыя, асабліва тых, што працуюць у выгнанні або ў адчувальных умовах, бо знайсці замену фінансаванню становіцца ўсё цяжэй.
RSF: Трамп набліжаецца да ўключэння ў спіс «драпежнікаў свабоды прэсы»
Журналісты ў выгнанні і транснацыянальныя пагрозы
Першы даклад Еўрапейскага парламента пра транснацыянальныя рэпрэсіі ў дачыненні да праваабаронцаў вызначае іх як «напады і пагрозы, якія здзяйсняюцца дзяржавамі, аўтарытарнымі рэжымамі і іх проксі і накіраваныя на абарону і прасоўванне сваіх інтарэсаў па-за нацыянальнымі межамі з мэтай прымусу і кантролю дысідэнтаў, палітычных апанентаў, журналістаў, актывістаў, праваабаронцаў і прадстаўнікоў дыяспары».
Паводле дакладу, 10 краін свету, у тым ліку Расія, Беларусь і Турцыя, адказныя за 80% задакументаваных выпадкаў. Транснацыянальныя рэпрэсіі могуць уключаць забойствы і фізічныя напады, завочныя судовыя працэсы і пераслед, а таксама іншыя формы пагроз. У транснацыянальных рэпрэсіях вядучую ролю адыгрываюць Расія і Беларусь — «краіны, з якіх у апошнія гады вымушана з’ехалі сотні журналістаў».
Беларусь шырока выкарыстоўвае завочныя крымінальныя пераследы журналістаў у выгнанні. Улады распачалі крымінальныя справы супраць больш як 60 журналістаў у выгнанні, і як мінімум 13 з іх былі асуджаныя завочна да пазбаўлення волі. Ім прад’яўляюцца абвінавачанні ў межах так званай «спецыяльнай вытворчасці». Маёмасць журналістаў часта арыштоўваецца на час следства і канфіскуецца пасля прысуду разам з накладаннем буйных штрафаў.
Завочныя пераследы выкарыстоўваюцца для запалохвання журналістаў, якія жывуць за мяжой, і аказання на іх псіхалагічнага ціску. Асобы, супраць якіх распачаты такія справы, фактычна пазбаўлены магчымасці свабодна падарожнічаць, бо рызыкуюць неадкладным затрыманнем і экстрадыцыяй у Беларусь.
У той жа час беларускія медыя ў выгнанні становяцца ўсё больш уразлівымі. Залежнасць ад кароткатэрміновага донарскага фінансавання, узмоцненая канкурэнцыя за абмежаваныя гранты і прыпыненне амерыканскай знешняй дапамогі паглыбілі фінансавы крызіс у рэдакцыях у выгнанні.
Рэкамендацыі
Партнёры Платформы, абапіраючыся на даклад, прапанавалі некалькі рэкамендацый для Савету Еўропы, інстытутаў ЕС і дзяржаў-сябровак з мэтай умацавання бяспекі журналістаў, незалежнасці медыя і дэмакратычнай устойлівасці.
У вялікі спіс уключаны ў тым ліку такія:
— размясціць свабоду прэсы і медыяплюралізм у цэнтры дэмакратычнай устойлівасці ў межах Новага дэмакратычнага пакту для Еўропы, прадугледзеўшы гарантыі супраць дэзінфармацыі і захопу медыя, а таксама сістэмна адлюстроўваць умовы, неабходныя для здаровай медыйнай экасістэмы (уключаючы бяспеку журналістаў), ва ўсіх адпаведных палітыках і дзейнасці Рады Еўропы;
— падтрымаць доўгатэрміновыя праграмы медыяпісьменнасці як сродак супраць дэзінфармацыі і палярызацыі;
— выкарыстоўваць фінансавыя і палітычныя інструменты ЕС для падтрымкі незалежных медыя;
— забяспечыць эфектыўныя працэдуры прадастаўлення прытулку, відаў на жыхарства і экстраных віз, а таксама супрацьдзеянне транснацыянальным рэпрэсіям;
— распрацаваць палітыку падтрымкі журналістаў у сувязі са стрэсам, выгараннем і анлайн-пераследам.
@bajmedia