Электронны бюлетэнь «СМІ ў Беларусі» № 3 (81) 2025
СМІ ў Беларусі ў ліпені-верасні 2025 года. Агляд. Спампаваць PDF.

СМІ Ў БЕЛАРУСІ Ў ЛІПЕНІ-ВЕРАСНІ 2025
№3 (81)
У ліпені-верасні 2025 г. улады працягвалі ціснуць на журналістаў у Беларусі і абмяжоўваць доступ да інфармацыі наступным чынам:
- крымінальны пераслед, затрыманні і іншыя формы ціску на журналістаў;
- забарона неафіцыйных (у тым ліку замежных) крыніц інфармацыі пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам;
- пашырэнне цэнзуры, у прыватнасці, фактычнае прыцягненне насельніцтва да складання спісу забароненых да распаўсюду кніг.
Разам з тым у гэты перыяд, дзякуючы дыпламатычным намаганням ЗША, адбылося масавае вызваленне палітзняволеных – у тым ліку, журналістаў і блогераў. Сярод 52‑х палітзняволеных, 11 верасня вывезеных у Літву амерыканскай дэлегацыяй на чале з Джонам Коўлам, на волю выйшлі дванадцаць супрацоўнікаў медыя і блогераў: Ірына Слаўнікава, Мікола Дзядок, Павел Мажэйка, Аляксандр Манцэвіч, Ларыса Шчыракова, Яўген Меркіс, Алена Цімашчук, Вячаслаў Лазараў, Павел Падабед, Ігар Лосік, Зміцер Казлоў і Павел Вінаградаў.
Неабходна адзначыць, што большасць з былых вязняў былі пазбаўленыя дакументаў і магчымасці выбару краіны пражывання, а само “вызваленне” фактычна было дэпартацыяй (выправаджэннем з Рэспублікі Беларусь). Пра лёс палітыка Міколы Статкевіча, які адмовіўся выязжаць на такіх умовах з Беларусі, нічога не вядома.
15 верасня Беларуская асацыяцыя журналістаў зацвердзіла стратэгію сваёй працы на 2025–2027 гады. У стратэгіі адзначаецца неабходнасць вяртання арганізацыі і ўсяго незалежнага медыясектара ў Беларусь, аднаўлення легальнай дзейнасці ў краіне, важнасць беларускамоўнага і нацыянальнага кантэнту для захавання нацыянальнай ідэнтычнасці аўдыторый.
КРЫМІНАЛЬНЫ ПЕРАСЛЕД. ЗАТРЫМАННІ Ў БЕЛАРУСІ
Працягваўся крымінальны пераслед журналістаў як унутры краіны, так і завочна. За тры месяцы былі асуджаны па крымінальных абвінавачваннях трое журналістаў і блогерка, узбуджаны 12 новых крымінальных спраў (з іх 9 – у адносінах да журналістаў у эміграцыі).
Брэсцкі журналіст-фрылансер Даніла Палянскі 25 ліпеня ў закрытым судовым працэсе быў прызнаны вінаватым у «здрадзе дзяржаве» (артыкул 356 Крымінальнага кодэкса) і прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі і штрафу памерам каля 7135 USD. Праз «засакрэчанасць» судовага працэсу уласна сутнасць абвінавачанняў застаецца невядомай.
8 жніўня яшчэ адзін брэсцкі журналіст – Алег Супрунюк, які раней супрацоўнічаў з шэрагам незалежных выданняў, быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі за ўдзел у «экстрэмісцкім фармаванні». Нягледзячы на тое, што Супрунюк мае інваліднасць, да суда ён больш за паўгады ўтрымліваўся пад вартай.
16 верасня ў Мінску завяршыўся працэс над журналістам Ігарам Ільяшом, мужам палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Суд прызнаў Ільяша вінаватым паводле двух крымінальных артыкулаў: 369–1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і 361–4 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і прызначыў яму 4 гады пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф памерам 4200 рублёў.
7 ліпеня мазырскую блогерку Паліну Зыль, якая была ў вышуку і заставалася ў Беларусі, прысудзілі да года калоніі па артыкуле аб грубым парушэнні парадку (арт. 342 Крымінальнага кодэкса).
У Беларусі за ліпень-верасень 2025 г. сталі абвінавачанымі ў крымінальных справах і трапілі пад варту як найменш тры журналісты (з іх апублікавана імя Кірыла Пазняка).
Дзевяць беларускіх журналістаў замежжа сталі фігурантамі крымінальных спраў завочна. Сярод іх – супрацоўнікі тэлеканала “Белсат” Вольга Старасціна (другая крымінальная справа) і Яраслаў Сцешык, яго былыя супрацоўнікі Сяргей Скулавец і Андрэй Мялешка. Імёны яшчэ пяцярых журналістаў не разгалошваюцца.
Блогера Максіма Шабуцкага завочна абвінавацілі адразу паводле васямнаццаці артыкулаў Крымінальнага кодэкса.
Па інфармацыі БАЖ, адбыліся тры затрыманні незалежных журналістаў у Беларусі. У прыватнасці, 4 верасня, у дзень прызнання «экстрэмісцкім фарміраваннем» YouТubе-канала «Платформа 375», затрыманы журналіст Кірыл Пазняк, названы датычным да гэтага канала.
Адбыліся адзінаццаць вобшукаў па месцах жыхарства журналістаў або іх родных, верагодна звязаныя з крымінальным пераследам. Так, журналіст-фрылансер Аляксандр Гойшык, які не жыве ў Беларусі, паведаміў, што да ягонай маці ў Салігорску прыходзілі міліцыянты і шукалі яго як «злоснага экстрэміста».
Былі абвешчаныя ў міждзяржаўны вышук (гэта значыць таксама ў Расійскай Федэрацыі) палітычныя аналітыкі, аднесеныя беларускім міністэрствам унутраных спраў да «экстрэмісцкага фарміравання» — інфармацыйнага агенцтва «Позірк» – Аляксандр Класкоўскі, Пётр Рудкоўскі і Аляксандр Фрыдман, а таксама журналісткі Таццяна Каравянкова і Глафіра Жук.
ВЫКАРЫСТАННЕ ЗАКАНАДАЎСТВА ПА СУПРАЦЬДЗЕЯННІ ЭКСТРЭМІЗМУ ДЛЯ ПЕРАСЛЕДУ ЗА ВЫКАЗВАННЕ
“Барацьба з экстрэмізмам” па-ранейшаму выкарыстоўвалася для абмежавання доступу да незалежных крыніц інфармацыі і пераследу журналістаў.
Чатыры медыярэсурсы былі прызнаныя экстрэмісцкімі фарміраваннямі: TikTok-акаўнт «Навіны Гродна і вобласці»; кааліцыя ініцыятыў «Зялёная сетка» (Green Network), якая уключае праекты «Belarus Beehive», «Зялёны партал» і «Экадом»; стрымінгавая платформа Belarus Tomorrow, якая аб’ядноўвае вядучыя беларускія медыя, блогераў і экспертаў; YouTube-канал «Платформа 375».
Вялікая колькасць неафіцыйных крыніц інфармацыі прызнавалася экстрэмісцкімі матэрыяламі і трапляла ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. У ім апынуліся, напрыклад, YouТubе-канал «Delfi Литва» (літоўскі сайт навін DELFI.lt заблакаваны ў Беларусі з 2023 года), акаўнты расійскага журналіста і відэаблогера Іллі Варламава ў сацыяльных сетках, Instagram-акаўнт намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага.
У сувязі з распаўсюджваннем “інфармацыі, якая можа нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам” пракуратура Магілёўскай вобласці забараніла доступ да папулярнага ўкраінскага сайта навін «Главком», а таксама сайтаў праваабарончых праектаў: беларускага «Праваабаронцы супраць катаванняў» і расійскага «Мемориал ПЗК».
Камітэт дзяржаўнай бяспекі Беларусі ўключыў у «пералік арганізацый і фізічных асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці» кіраўніцу тэлеканала “Белсат” Аліну Коўшык. Гэта звязана з тым, што 9 ліпеня 2025 года Генеральная пракуратура прызнала «тэрарыстычнай арганізацыяй” Аб’яднаны пераходны кабінет, да якого Коўшык раней мела дачыненне.
У пералік асоб, «датычных да экстрэмісцкай дзейнасці», Міністэрствам ўнутраных спраў РБ былі ўключаныя блогеры Руслан Ліннік (паўторна асуджаны пасля 4 гадоў зняволення) і Антон Матолька (завочна асуджаны да 20 гадоў пазбаўлення волі).
ІДЭАЛАГІЗАЦЫЯ І ЦЭНЗУРАВАННЕ ІНФАРМАЦЫЙНАЙ І ВЫДАВЕЦКАЙ СФЕРАЎ
19 верасня было зацверджана новае Палажэнне аб Міністэрстве інфармацыі. У пералік асноўных задач Міністэрства дадалося «інфармацыйнае суправаджэнне ідэалагічнай працы ў Рэспубліцы Беларусь, інфармацыйнае забеспячэнне і суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі ў сферы масавай інфармацыі і выдавецкай справы».
Міністэрства інфармацыі актывізавала дзейнасць па выяўленні і забароне непажаданых кніг. Так, 8 верасня намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Язерскі заявіў у час тэлеэфіра, што спадзяецца на дапамогу насельніцтва, якое будзе праяўляць актыўнасць і паведамляць пра выданні, вартыя ўключэння ў «спіс друкаваных выданняў, якія змяшчаюць інфармацыйныя паведамленні і (або) матэрыялы, распаўсюджванне якіх здольна нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». На той момант у спісе, па словах Язерскага, было “143–145 кніг”.
Да канца верасня гэты спіс быў дапоўнены яшчэ 32 найменнямі.
@bajmedia