• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    З нагоды Міжнароднага дня ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын МФЖ заклікала міжнародных актараў узмацніць абарону журналістак

    25 лістапада ў свеце адзначаецца Міжнародны дзень ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын. З гэтай нагоды Гендарная рада Міжнароднай федэрацыі журналістаў выступіла з заклікам да міжнародных актараў з мэтай ўзмацніць абарону журналістак.

    З нагоды Міжнароднага дня ліквідацыі гвалту ў дачыненні да жанчын Гендарная рада Міжнароднай федэрацыі журналістаў заяўляе:

    • пра глыбокую заклапочанасць ростам экстрэмізму, які падрывае правы жанчын ва ўсім свеце і стымулюе накіраваныя напады на жанчын-журналістак, асабліва праз анлайн-абразы і пераслед;
    • пра занепакоенасць паралічам або адменай гендарных палітык па ўсім свеце ў выніку прыходу да ўлады крайне правых, папулісцкіх і рэлігійна радыкальных урадаў, якія адмаўляюць роўнасць і лічаць, што жанчыны не маюць значнасці або голасу ў публічнай прасторы;
    • пра цвёрдую перакананасць, што моцная і праактыўная гендарная палітыка патрэбная сёння як ніколі раней, бо яна з’яўляецца важным інструментам для абароны дасягненняў мінулага і прасоўвання правоў і прадстаўленасці жанчын ва ўсіх сектарах грамадства;
    • пра безумоўнае асуджэнне ўсіх формаў гвалту супраць жанчын, у тым ліку анлайн-пераследу.

    Мы бяром на сябе абавязацельствы:

    • Працягваць барацьбу за гендарную роўнасць у журналістыцы, адлюстроўваючы няроўнасці, з якімі сутыкаюцца жанчыны ў нашай прафесіі, і прасоўваючы гендарную роўнасць у журналістыцы ва ўсім свеце.
    • Падтрымліваць жанчын-журналістак, якія становяцца ахвярамі пераследу, а таксама заклікаць прафсаюзы і медыяарганізацыі падтрымліваць, навучаць і кансультаваць жанчын-прафесіяналак СМІ, каб інцыдэнты фіксаваліся, расследаваліся і атрымлівалі пакаранне.
    • Супрацоўнічаць з грамадзянскай супольнасцю, асабліва з глабальнымі прафсаюзамі, каб працягваць дамагчацца роўнасці паміж мужчынамі і жанчынамі ва ўсіх сферах, у тым ліку на працоўных месцах.
    • Асвятляць правы жанчын, гендарную роўнасць і гендарна абумоўлены гвалт у поўнай адпаведнасці з журналісцкай этыкай, уключаючы абарону пацярпелых, пазбяганне сэнсацыяналізму, абарону асобаў пры неабходнасці, забеспячэнне кантэксту і дакладнасць і справядлівасць у падачы інфармацыі.

    Мы заклікаем:

    • Палепшыць заканадаўства, якое абараняе правы жанчын, і забяспечыць выкананне дзеючых нормаў.
    • Узмацніць абарону журналістаў, якія асвятляюць дзейнасць экстрэмісцкіх груп, прызнаючы высокія рызыкі, у тым ліку анлайн-абразы, каардынаваныя кампаніі дэзінфармацыі і фізічныя пагрозы.
    • Цвёрда і публічна асуджаць усе формы экстрэмізму, у тым ліку крайне правыя, мізагінныя, рэлігійна фундаменталісцкія і антыдэмакратычныя рухі, якія імкнуцца прымусіць журналістаў маўчаць, асабліва жанчын-журналістак.
    • Умацаваць рэдакцыйныя стандарты, каб прадухіліць нармалізацыю экстрэмісцкіх наратываў, у тым ліку праз прыняцце выразных рэдакцыйных рэкамендацый па асвятленні мовы варожасці, дэзінфармацыі і гендарна экстрэмісцкіх ідэалогій.
    • Супрацоўнічаць з лічбавымі платформамі, каб забяспечыць хуткае выдаленне экстрэмісцкіх пагроз, доксінгу і кампаній мэтанакіраванага пераследу журналістаў, асабліва жанчын і прадстаўнікоў меншасцяў, якія пацярпелі найбольш.
    • Прасоўваць кампаніі медыяграматнасці, каб дапамагчы грамадскасці распазнаваць дэзінфармацыю і мізагінныя наратывы, зніжаючы такім чынам уплыў шкодных ідэалогій.
    • Абароняць плюралістычную і дэмакратычную публічную прастору, каб экстрэмісцкія дзеячы не маглі запалохваць журналістаў, скажаць грамадскія дэбаты або прымушаць СМІ маўчаць, асабліва ў пытаннях гендарнай роўнасці, правоў жанчын і чалавечай годнасці.

    Далучаючыся да заявы, Беларуская асацыяцыя журналістаў падкрэслівае, што ў Беларусі барацьба з іншадумствам пад выглядам барацьбы з «экстрэмізмам» з’яўляецца дадатковай формай пераследу журналістак з боку ўладаў.

    Пад выглядам барацьбы з экстрэмізмам беларускія ўлады рэпрэсуюць журналістак, прыцягваючы іх да адміністрацыйный і крымінальнай адказнасці за іх прафесійную дзейнасць.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці