Рэдактар глыбоцкай раёнкі ў сваім прапагандысцкім артыкуле прызнаў «уцечку кадраў» і прывабнасць захаду для моладзі
Галоўны рэдактар раённай газеты «Веснік Глыбоччыны» Андрэй Панкрат напісаў прапагандысцкі артыкул «Чаму адпрацоўка пасля вучобы — гэта не павіннасць, а квіток у будучыню». У ім ён у чарговы раз выкарыстоўвае рыторыку варожасці і стыгматызацыю.

Скрыншот сайта раённай газеты «Веснік Глыбоччыны»
Аўтар ад самага пачатку задае пэўную рамку ўспрымання таго, што будучыня раёна залежыць ад людзей, а значыць — ад маладых спецыялістаў. Такім чынам, асабісты выбар выпускніка падаецца не як індывідуальнае рашэнне, а як пытанне агульнага дабра. Гэта дазваляе перанесці дыскусію з узроўню асабістых правоў у сферу калектыўнай адказнасці.
Ён супрацьпастаўляе «сваіх» і «чужых». З аднаго боку — мясцовая супольнасць, дзяржава, «нашы людзі», з другога — абстрактныя сілы, якія нібыта вядуць «інфармацыйную вайну» і падштурхоўваюць моладзь да ад’езду. Пры гэтым крытыка сістэмы падаецца не як натуральная частка грамадскай дыскусіі, а як варожае ўздзеянне.
Тэкст таксама насычаны маральнымі ацэнкамі, такімі як «абавязак», «вернасць», «здрада». Панкрат ад’езд маладых спецыялістаў характарызуе як амаральны ўчынак, пры гэтым аргументацыю падае выбарачна. Станоўчыя бакі беларускай сістэмы падкрэсліваюцца, а недахопы не разглядаюцца. У той жа час замежны досвед падаецца ў спрошчаным і негатыўным выглядзе. Такое параўнанне стварае ўражанне відавочнай перавагі «свайго» шляху, хаця карціна не з’яўляецца поўнай.
Асобнае месца займаюць прыклады «гісторый поспеху» і лакальныя героі, якія фарміруюць пазітыўны вобраз малой радзімы і ўмацоўваюць думку, што рэалізавацца можна і дома. Аднак пры гэтым не паказваюцца альтэрнатыўныя сцэнары і не аналізуюцца прычыны, чаму частка моладзі ўсё ж выбірае іншы шлях — ад’езд за мяжу.
Фармальна гэты тэкст выглядае як рэдактарская калонка, але па сутнасці выконвае пераканальную, ідэалагічна афарбаваную функцыю. Яго галоўная мэта — сфармаваць у чытача станоўчае стаўленне да сістэмы размеркавання і замацаваць думку, што адпрацоўка — гэта правільны і неабходны выбар.
Падобныя тэксты з прапагандысцкім ухілам, рыторыкай варожасці і стыгматызацыяй час ад часу з’яўляюцца ў раённых і абласных газетах Віцебскай вобласці падчас уступнай кампаніі і размеркавання выпускнікоў і абмеркаванні сацыяльнай праблемы — «уцечкі кадраў». Але Андрэй Панкрат выдзяляецца найбольшай актыўнасцю сярод рэдактароў раённых газет у напісанні падобных артыкулаў. За што ўжо быў заўважаны ўладамі Беларусі, у тым ліку станавіўся Чалавекам года Віцебшчыны.
Гэта не выпадковае супадзенне — гэта ўстояная ідэалагічная рамка, якая прайграваецца ў многіх выданнях.
@bajmedia