Як прыручыць нейрасеткі ў 2026 годзе: гід па сэрвісах і тэрмінах для журналістаў
Ад тэкстаў і выяў да аўдыё і відэа — разбіраемся ў асноўных магчымасцях сучасных нейрасетак, ключавых паняццях і інструментах, якія ўжо сталі часткай штодзённай працы медыя, грамадскіх арганізацый і бізнесу.

«З’яўленне штучнага інтэлекту можна параўнаць з вынаходніцтвам электрычнасці. ШІ таксама змяняе свет, але яшчэ больш моцна і хутка», — гэтай метафарай падзяліўся медыятрэнер падчас інтэнсіву БАЖ, прысвечанага сучасным магчымасцям нейрасетак для медыя.
Удзельнікі разабраліся, як працуюць розныя тыпы ШІ-мадэляў, якія базавыя паняцці неабходна ведаць і якія сэрвісы ўжо ў 2026 годзе дапамагаюць ствараць тэкст, выявы, аўдыё, відэа і іншы кантэнт.
Мы сабралі галоўныя тэрміны і інструменты, якія дапамагаюць хутка арыентавацца ў магчымасцях штучнага інтэлекту і выкарыстоўваць іх у паўсядзённай працы.
Ніжэй — падрабязны гід па сэрвісах, якія варта выкарыстоўваць для канкрэтных задач, і тых, ад якіх лепш трымацца далей.
-
ChatGPT: «кухонны камбайн» для ўсяго
ChatGPT застаецца самым універсальным сэрвісам, які падыходзіць для большасці паўсядзённых і прафесійных задач.
Для чаго ён падыходзіць:
- Deep Research (глыбокае даследаванне): калі трэба разабрацца ў складанай тэме, ШІ аналізуе крыніцы ў інтэрнэце (у тым ліку афіцыйныя базы дакументаў і навінавыя агенцтвы) і выдае структураваны вынік са спасылкамі.
- Стварэнне выяў: ChatGPT можа ствараць і рэдагаваць ілюстрацыі, афішы, схемы, фотаідэі, эскізы і макеты. Можна пачаць з тэксту, фота або эскіза ад рукі.
- Візуальны аналіз: можна накіраваць камеру смартфона на аб’ект — і ШІ дапаможа з аналізам, напрыклад, падкажа, што магло зламацца ў бытавой тэхніцы.
- Галасавы рэжым: зручны для пошуку ідэй падчас прагулкі, практыкі замежных моў або нефармальных размоў.
- Аўтаматызацыя: можна наладзіць штодзённыя рассылкі. Напрыклад, кожную раніцу ШІ будзе збіраць навіны Варшавы з афіцыйных гарадскіх рэсурсаў і дасылаць зводку.
- Праца з файламі: загрузка дакумента дазваляе:
- зрабіць кароткі змест;
- выбраць галоўныя факты;
- параўнаць матэрыялы;
- падрыхтаваць план або чарнавік. Файл становіцца часткай кантэксту размовы.
Важны нюанс: у праектах (Projects) ChatGPT можа вельмі доўга ўтрымліваць кантэст працы, што робіць яго зручным персанальным асістэнтам.
-
Claude: майстар коду і дакументаў
Сэрвіс ад кампаніі Anthropic лічыцца адным з найлепшых для тэхнічных, аналітычных і структураваных задач.
Найбольш падыходзіць для:
- напісання і праверкі коду;
- глыбокага аналізу і параўнання складаных файлаў;
- рэдагавання вялікіх тэкстаў.

Выява зроблена БАЖ пры дапамозе ChatGPT
Асаблівасць: інтэрактыўнае акно Artifacts дазваляе працаваць з тэкстамі, табліцамі і кодам у рэальным часе.
-
NotebookLM: ваш персанальны эксперт
Прадукт Google, які змяняе падыход да працы з інфармацыяй. Вы загружаеце крыніцы (PDF, сайты, Google Docs, аўдыё, відэа), і сэрвіс адказвае выключна на іх аснове, прыводзячы цытаты.
Магчымасці:
- стварэнне аўдыёдыскусій (падкастаў);
- генерацыя таймлайнаў, FAQ, брыфаў і навучальных матэрыялаў;
- структураванне ведаў па загружаных дакументах.
-
Notion: «суперблакнот з мазгамі»
Сістэма для арганізацыі працы і інфармацыі.
ШІ дапамагае:
- пісаць і скарачаць тэксты;
- ствараць планы і спісы задач;
- шукаць інфармацыю па ўсёй працоўнай прасторы;
- пераўтвараць вынікі сустрэч у нататкі і задачы.
-
LM Studio: бяспека і прыватнасць
Інструмент для запуску адкрытых нейрасетак лакальна на камп’ютары без перадачы даных у воблака.
Важна: патрабуе магутнага абсталявання (пажадана з сучаснай відэакартай / GPU).

Выява створана БАЖ з дапамогай ChatGPT
Дзе рабіць ШI-пошук
- Perplexity — хуткі пошук і праверка фактаў.
- ChatGPT Search — пошук + аналіз у фармаце дыялогу.
- Gemini Deep Research — глыбокія даследаванні складаных тэм.
- NotebookLM — праца выключна з вашымі дакументамі.
Дадатковыя сэрвісы
- Gamma — стварэнне прэзентацый з тэксту.
- ElevenLabs — агучка і кланаванне галасоў
- Napkin AI — схемы і інфаграфіка на аснове тэксту.
- Adobe Podcast Enhance Speech — прафесійнае паляпшэнне якасці аўдыё.
- Wispr Flow — галасавы ўвод тэксту
Чым карыстацца не варта
- «Бясплатныя» Telegram-боты Часта небяспечныя і могуць збіраць вашыя персанальныя даныя.
- Сэрвісы без палітыкі прыватнасці Катэгарычна нельга ўводзіць туды паролі, фінансавыя або іншыя канфідэнцыйныя даныя (слова «даныя» больш уласцівае сучаснай медыйнай мове, чым «дадзеныя»).
- ШІ без праверкі фактаў Абавязкова правярайце інфармацыю праз іншыя крыніцы і мадэлі.
Залатое правіла 2026 года: Усё, што зроблена без «чалавечага ўдзелу», выглядае штучна і не выклікае даверу. Найлепшы вынік — гэта спалучэнне:
ШІ — для руціны, чалавек — для сэнсу і праверкі.

Скрыншот выступу
Слоўнік штучнага інтэлекту: 15 тэрмінаў
Асноўныя паняцці
- AI (ШІ) — сістэмы, здольныя імітаваць чалавечую разумовую дзейнасць.
- GPT — Generative Pre-trained Transformer (генератыўны папярэдне навучаны трансформер).
- Мультымадальнасць — здольнасць мадэлі адначасова працаваць з рознымі тыпамі звестак: тэкстам, голасам, выявамі і відэа.
Тэхнічныя адзінкі
- Токен — мінімальная адзінка тэксту, якую апрацоўвае ШІ (прыкладна супадае са складам або часткай слова).
- Кантэкстнае акно — ліміт аб’ёму інфармацыі, якую ШІ можа адначасова трымаць у памяці падчас дыялогу.
- Галюцынацыі — пераканаўчыя, але цалкам выдуманыя або памылковыя адказы ШІ.
- Промт — тэкставы запыт або інструкцыя для нейрасеткі.
- Тэмпература — параметр, які вызначае ўзровень крэатыўнасці і непрадказальнасці адказаў (чым вышэйшая, тым больш рознымі будуць вынікі).
Прасунутыя тэхналогіі
- AI-агенты — аўтаномныя сістэмы, здольныя выконваць шматкрокавыя задачы без пастаяннага кантролю чалавека.
- RAG — тэхналогія падключэння знешняй (прыватнай) базы ведаў да мадэлі для дакладных адказаў без перанавучання.
- Deep Research — функцыя аўтаматычнага глыбокага пошуку і аналізу інфармацыі ў інтэрнэце.
- Лакальныя мадэлі — нейрасеткі, якія працуюць на вашым уласным камп’ютары без доступу да сеткі.
Штучны інтэлект у 2026 годзе гэта ўжо не футурыстычная экзотыка, а штодзённы інструмент журналісцкай працы. Ён не замяняе аўтара, але істотна павялічвае хуткасць і якасць працы з інфармацыяй.
@bajmedia