Што рабіць з пенсіяй у Польшчы, калі ўлады Беларусі не пацвярджаюць стажу тым, каго пераследуюць?
Беларусы, якія сутыкнуліся з палітычным пераследам на радзіме, могуць мець праблемы з атрыманнем пенсіі ў Польшчы. У асобных выпадках беларускія ўстановы проста не адказваюць на запыты польскай Управы сацыяльнага страхавання – ZUS. У выніку асоба не можа дамагчыся выплаты пенсіі за гады працы ў Беларусі.
Што рабіць у такой сітуацыі, «Белсату» расказаў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.

Будынак ZUS у Варшаве, Польшча. 4 студзеня 2026 года. Фота: Marysia Zawada / Reporter / East News
Польска-беларуская дамова аб сацыяльным забеспячэнні, што пачала дзеяць у 2019 годзе, пабудаваная на прынцыпе, што кожная краіна фінансуе толькі свае страхавыя перыяды. Іншымі словамі, Польшча плаціць за стаж і ўнёскі ў польскай сістэме, а Беларусь – за перыяды працы ў Беларусі.
Таму, калі чалавек мае беларускі стаж, польскі бок не можа самастойна выплачваць яму грошай за гэтыя гады працы. Для гэтага неабходна, каб Беларусь пацвердзіла адпаведныя перыяды і прызначыла сваю частку выплаты.
Каму прызначаецца польская пенсія
У сучаснай польскай сістэме для асобаў, народжаных пасля 31 снежня 1948 года, няма патрабавання мінімальнага стажу для атрымання пенсіі. Права на яе ўзнікае пры дзвюх умовах: чалавек мае ўнёскі ў ZUS і дасягнуў пенсійнага веку (60 гадоў для жанчын і 65 для мужчынаў).
Памер выплаты наўпрост залежыць ад сумы сродкаў, назапашаных за кошт унёскаў у ZUS. Калі чалавек працаваў у Польшчы нядоўга або меў невялікія ўнёскі, памер пенсіі таксама можа быць невялікі. Але магчымасць атрымаць польскую пенсію пры наяўнасці ўнёскаў захоўваецца.
Калі беларускі стаж асабліва важны
Беларускі стаж патрэбны найперш тады, калі польскіх унёскаў не стае для дасягнення мінімальнай гарантаванай пенсіі. Каб атрымаць даплату да мінімальнай пенсіі ў Польшчы, патрабуюцца 20 гадоў агульнага стажу для жанчын і 25 гадоў для мужчынаў. Калі чалавек не мае дастатковага стажу ў Польшчы, могуць улічвацца перыяды працы ў Беларусі. Але каб беларускі стаж быў улічаны, яго павінен пацвердзіць беларускі бок.
Калі Беларусь не адказвае на запыт ZUS, рашэнне аб праве на даплату да мінімальнай пенсіі могуць адкласці. І ў такім разе важны нават кароткі перыяд легальнай працы ў Польшчы і наяўнасць унёскаў у польскі ZUS.
Альтэрнатыўныя механізмы ў Польшчы
Польская пенсійная сістэма мае інструменты, што дазваляюць падтрымаць чалавека нават у перыяд чакання адказу з Беларусі або пры немагчымасці атрымаць пацверджанне беларускага стажу.
Калі чалавек на індывідуальным рахунку ў Польшчы мае хоць нейкія ўнёскі – напрыклад, прапрацаваў у краіне месяц або год, – ZUS прызначае польскую пенсію пры дасягненні пенсійнага веку. То бок асоба можа атрымаць хаця б польскую частку пенсіі, нават калі беларускі бок не адказвае на запыт або калі справа аб пацверджанні беларускага стажу яшчэ не завершаная.
Права на польскую пенсію, калі ў чалавека былі ўнёскі ў ZUS і ён дасягнуў пенсійнага веку, не залежыць ад таго, ці пацвердзіла Беларусь беларускі стаж.
Пенсіянеры, якія атрымліваюць пенсію за стаж працы ў Польшчы, аўтаматычна, без дадатковых заяваў, атрымліваюць таксама 13-ую і 14-ую пенсіі, калі адпавядаюць умовам іх выплаты.
Паміж пенсіяй і бяспекай
Варта ўлічваць, што пры распрацоўванні дамовы 2019 года не прадугледжвалася такая колькасць людзей пад міжнароднай абаронай і такая колькасць беларусаў, якія не могуць бяспечна кантактаваць з беларускімі дзяржаўнымі структурамі. У выніку частка людзей апынаецца паміж дзвюма рызыкамі: з аднаго боку, ім патрэбнае пацверджанне беларускага стажу для пенсіі; з другога – перадача звестак у Беларусь можа быць небяспечнай або непажаданай праз палітычны пераслед.
Для беларусаў, якія жывуць у Польшчы і застаюцца пад палітычным пераследам у Беларусі, пытанне пенсіі можа стаць пытаннем бяспекі. Калі чалавек баіцца раскрываць беларускім органам факт пражывання ў Польшчы або іншыя персанальныя звесткі, ён можа адмовіцца ад такой перадачы. Паводле Паўла Латушкі, гэта цалкам залежыць ад пастановы заяўніка. ZUS кіруецца выключна воляю чалавека.
Каб звесткі былі перададзеныя ў Беларусь, чалавек павінен пісьмова пацвердзіць згоду. Без гэтага польская ўстанова не будзе скіроўваць беларускім органам інфармацыю пра заяўніка. Адмовіцца ад перадачы персанальных звестак у Беларусь могуць як асобы пад міжнароднай абаронай, так і тыя, хто афіцыйна не мае такога статусу, але не хоча раскрываць беларускім установам інфармацыю пра сябе.
Аднак такая адмова мае наступствы. Калі чалавек не дае згоды на перадачу звестак у Беларусь, ён не зможа разлічваць на беларускую частку пенсіі. Таксама ён губляе магчымасць пацвердзіць беларускі стаж праз афіцыйны міждзяржаўны абмен.
Калі ж чалавек дае згоду на перадачу звестак, застаецца іншая рызыка: беларускі бок можа не адказаць на запыт. Для людзей, якія маюць палітычна матываваныя крымінальныя справы або публічны антырэжымны статус, такая рызыка можа быць асабліва высокай.
Калі Беларусь не адказвае на запыты польскай пенсійнай установы
Паводле Латушкі, калі беларускі бок з нейкай прычыны не адказвае на запыт ZUS, у польскай установе прадугледжаны выразны алгарытм рэагавання і акцэнтавання праблемы.
Спачатку ZUS скіроўвае нагадванні на ўзроўні канкрэтнага філіялу, які вядзе справу заяўніка. Калі адказу няма і пасля гэтага, да працэсу далучаецца цэнтральны офіс Управы сацыяльнага страхавання. Пры неабходнасці пытанне можа падымацца і беспасярэдне на ўзроўні кіраўніка ZUS.
Калі з боку Беларусі фіксуюцца прыкметы наўмысных або неправамерных дзеянняў, ZUS можа перадаць пытанне ў Міністэрства сям’і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы. Там прычыны адсутнасці адказу або затрымання павінны высвятляцца ў кожным канкрэтным выпадку.
Паводле інфармацыі, якая раней паступала ад ZUS, польская ўстанова не фіксавала нематываваных адмоваў з беларускага боку. Аднак Латушка падкрэслівае: трэба разумець, што людзі пад палітычна матываваным крымінальным пераследам у Беларусі з вялікай доляй імавернасці могуць не атрымаць праз гэта неабходных пацверджанняў з беларускіх установаў.
Фактычна гэта азначае, што для часткі беларусаў праблема пенсіі становіцца не толькі бюракратычнай, але і палітычнай. Калі Беларусь не адказвае на запыт польскай установы, чалавек не можа паўнавартасна скарыстацца правамі, звязанымі са сваім беларускім працоўным стажам.
Што можна зрабіць
Адзін з магчымых крокаў у такой сітуацыі – высветліць у ZUS, на якім этапе справа: ці быў ужо скіраваны запыт у Беларусь, ці адпраўляліся паўторныя нагадванні, ці перадавалася пытанне на вышэйшы ўзровень у польскай сістэме.
Важна захоўваць усе дакументы і ліставанне з ZUS, а таксама фіксаваць адказы або адсутнасць адказаў у справе. Гэта можа быць істотна, калі надалей спатрэбіцца дадатковае тлумачэнне сітуацыі перад польскімі дзяржаўнымі інстытуцыямі або праваабарончымі структурамі.
Паводле Латушкі, чалавек можа таксама звярнуцца па кансультацыю ў Народнае антыкрызіснае ўпраўленне. Там могуць растлумачыць, якія крокі ўжо мусіла зрабіць польская ўстанова, якія дакументы варта сабраць і якія механізмы можна выкарыстоўваць далей. Асабліва гэта можа быць важна для людзей, якія праз публічнасць, палітычны пераслед або наяўнасць крымінальных справаў у Беларусі асцерагаюцца, што беларускі бок свядома не будзе пацвярджаць іхнага стажу або не будзе адказваць на запыты польскай установы.
Пры гэтым НАУ не замяняе ZUS і не можа самастойна прызначыць пенсію або прымусіць беларускія органы адказаць. Але можа дапамагчы чалавеку зразумець, як дзеяць у межах польскай сістэмы і куды звяртацца далей.
@bajmedia