• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Трансгранічны пераслед: спіс небяспечных краінаў, гучныя затрыманні і парады юрысткі

    Эміграцыя больш не гарантуе поўнай бяспекі. Беларускія ўлады навучыліся абыходзіць правілы Інтэрпола: каб дастаць сваіх палітычных апанентаў з‑за мяжы, ім «малююць» эканамічныя злачынствы. Прыехаўшы ў камандзіроўку ці ў адпачынак у сяброўскую для рэжыму краіну, беларус можа раптоўна апынуцца ў ізалятары пад пагрозай экстрадыцыі на радзіму.

    «Вясна» расказвае, як працуюць пасткі міжнароднага вышуку, узгадвае самыя гучныя кейсы затрыманняў і публікуе спіс краінаў, куды беларусам ездзіць катэгарычна нельга. А юрыстка  Святлана Галаўнёва тлумачыць, што дакладна нельга казаць пры затрыманні на мяжы. 

    што рабіць беларусам пры затрыманні ў небяспечнай краіне

    Юрыстка Святлана Галаўнёва. Фота: Вясна

    Як у тэорыі працуюць міжнародныя механізмы трансгранічнага пераследу

    Каб дастаць сваіх палітычных апанентаў з‑за мяжы, беларускія ўлады выкарыстоўваюць цэлы арсенал міжнародных інструментаў: ад маніпуляцый з базамі Інтэрпола да ценявой дыпламатыі і кааперацыі спецслужбаў.

    Механізмы Інтэрпола і сфабрыкаваныя «эканамічныя злачынствы»

    Галоўны інструмент у глабальным маштабе – Red Notice («чырвонае апавяшчэнне») Інтэрпола, якое азначае міжнародны вышук і запыт на экстрадыцыю. Згодна з правіламі, спецыяльная камісія Інтэрпола правярае такія запыты і павінна блакаваць іх, калі бачыць палітычны матыў пераследу.

    Аднак беларускія ўлады знайшлі шчыліну: супраць актывістаў і палітычных мігрантаў (часцей за ўсё пасля завочных судоў) пачынаюць крымінальныя справы выключна па эканамічных артыкулах – «ухіленне ад сплаты падаткаў», «растрата» ці «махлярства». Калі камісія Інтэрпола не бачыць за эканамічным артыкулам відавочнага палітычнага кантэксту, чалавек трапляе ў міжнародны вышук.

    Гэта стварае велізарныя праблемы нават у краінах ЕС. Нават калі беларус з’яўляецца рэзідэнтам Еўрасаюза або знаходзіцца пад міжнароднай абаронай, пры перасячэнні мяжы ён будзе затрыманы да высвятлення абставінаў. Разбіральніцтва можа заняць ад некалькіх дзён да многіх месяцаў (як, напрыклад, было з беларускім рэжысёрам Андрэем Гнётам у Сербіі, які правеў у няволі амаль год). І хоць еўрапейскія суды ў выніку вызваляюць людзей, разумеючы палітычны кантэкст, само «чырвонае апавяшчэнне» нікуды не знікае. Выдаленне свайго імя з базы Інтэрпола – гэта асобная, надзвычай складаная працэдура, якая патрабуе звароту ў камісію і можа цягнуцца гадамі.

    С международной защитой надежнее. Как белорусские власти пользуются базами Интерпола, чтобы объявлять в розыск политических эмигрантов

    Акрамя Red Notice, праз Інтэрпал выкарыстоўваюцца і іншыя механізмы:

    Дыфузія (Dif­fu­sion): прамы запыт з беларускага офіса Інтэрпола ў офіс іншай канкрэтнай краіны. Гэты механізм не праходзіць праверку праз цэнтральны офіс у Ліёне. Такім чынам Мінск абыходзіць камісію па праверцы палітычных матываў (так, напрыклад, у 2023 годзе адбылося затрыманне беларуса ў Гішпаніі).

    Blue Notice («сіняе апавяшчэнне»): запыт не на арышт, а на збор інфармацыі. Дазваляе спецслужбам праверыць, ці знаходзіцца чалавек у пэўнай краіне, і адсочваць яго перамяшчэнні.

    База згубленых і скрадзеных пашпартоў

    Паводле даных міжнародных праваабаронцаў (напрыклад, IAPB), Мінск уносіць туды дакументы палітычных эмігрантаў, каб сачыць за іх паездкамі і ствараць ім праблемы пры праходжанні памежнага кантролю.

    Міждзяржаўны вышук СНД

    Калі ў Інтэрполе існуюць хоць нейкія сістэмы стрымак і пераваг, то ў базе міждзяржаўнага вышуку СНД іх няма ўвогуле. Праз яе экстрадзіраваць чалавека вельмі лёгка. Найбольш небяспечная сітуацыя ў Расіі, дзе ў межах Саюзнай дзяржавы цягам апошняга года фіксаваліся масавыя затрыманні і выдачы беларусаў. Таксама вядома пра паспяховую экстрадыцыю з Кыргызстана і выпадкі затрыманняў у Арменіі.

    Обновление базы розыска РФ: теперь в ней более 5 000 белорусов. Проверьте себя и близких

    Двухбаковыя пагадненні і «ценявая» дыпламатыя

    Каб дастаць чалавека, уладам не абавязкова задзейнічаць Інтэрпол. Беларусь мае дзясяткі двухбаковых дамоваў аб прававой дапамозе (куды ўваходзіць экстрадыцыя). Паводле даных Мінюста, афіцыйна такія дамовы падпісаныя з ААЭ, Сербіяй, В’етнамам, Кітаем, Кубай, Катарам, Індыяй і іншымі. Фармальна такія дамовы існуюць і з краінамі ЕС (Польшчай, Літвой, Латвіяй, Чэхіяй і інш.), але дэмакратычныя краіны ўлічваюць кантэкст і адхіляюць запыты.

    Калі ж краіна лічыцца «сяброўскай» для рэжыму, часта не патрэбныя нават афіцыйныя дамовы. Праз дыпламатычныя адносіны, наўпроставыя кантакты паміж спецслужбамі, паліцыяй або міністэрствамі абароны, гэтыя краіны дамаўляюцца аб выдачы канкрэтнага чалавека.

    Праблемы з пашпартамі і пагроза дэпартацыі

    Немагчымасць абмяняць беларускі пашпарт за мяжой робіць палітычных мігрантаў яшчэ больш уразлівымі. Знаходзячыся ў міжнародным вышуку, вельмі складана знайсці краіну, якая дасць прытулак (па-за межамі Польшчы і Літвы атрымаць міжнародную абарону часта значна складаней).

    Калі еўрапейская краіна адмаўляе ў абароне, чалавек пазбаўляецца легальных падстаў для знаходжання і павінен пакінуць ЕС. Так, напрыклад, у 2024 годзе праз праблемы з легалізацыяй беларуса разам з маці дэпартавалі са Швецыі ў Беларусь. Пасля перасячэння мяжы мужчыну затрымалі па палітычных матывах.

    «Быў выпадак, калі для гэтага замовілі самалёт». Што рабіць, калі пагражае дэпартацыя

    Рэальныя гісторыі: як працуе трансгранічны пераслед на практыцы

    Адзін з самых гучных выпадкаў пераследу – гісторыя беларускага рэжысёра і палітычнага актывіста Андрэя Гнёта. Ён сузаснавальнік «Свабоднага аб’яднання спартсменаў SOS BY». Андрэя затрымалі па прылёце ў Сербію восенню 2023 года. Беларускія ўлады абвясцілі рэжысёра ў вышук праз Інтэрпол паводле сфабрыкаванага абвінавачвання ў “нясплаце падаткаў”, адмыслова замаскіраваўшы палітычны пераслед пад эканамічнае злачынства. Каб не дапусціць экстрадыцыі на радзіму, спатрэбіўся амаль год цяжкіх судовых працэсаў з удзелам еўрапейскіх дыпламатаў, падчас якіх Андрэй быў вымушаны знаходзіцца ў сербскай турме і пад хатнім арыштам, даказваючы палітычны матыў сваёй справы.

    Сёлета ў лютым у італьянскім аэрапорце Бергама паводле ордэра Інтэрпола затрымалі грамадзянку Беларусі і Польшчы Карыну Зданевіч-Спыхальскую. На радзіме супраць яе сфабрыкавалі “эканамічную” справу нібыта аб наўмысным давядзенні да банкруцтва, каб адпомсціць за ўдзел у акцыях салідарнасці ў Варшаве ў 2020 годзе. Нягледзячы на тое, што італьянская пракуратура адразу адзначыла рызыку палітычнага пераследу, жанчыне спатрэбілася некалькі месяцаў, каб даказаць сваю рацыю. Толькі ў чэрвені Апеляцыйны суд канчаткова адмовіў Мінску ў экстрадыцыі, і Карына змагла вярнуцца ў Польшчу.

    «Я ў разгубленасці». Блогер Зміцер Грынкевіч захрас у Арменіі і шукае шляхі выезду адтуль

    Небяспека чакае палітычных мігрантаў не толькі ў Еўропе, але і ў папулярных краінах для рэлакацыі. У Арменіі і Грузіі перыядычна адбываюцца затрыманні беларусаў падчас памежнага кантролю. Тут часта спрацоўвае не толькі Інтэрпол, але і міждзяржаўная база вышуку СНД. Нават калі мясцовыя ўлады ў выніку адмаўляюць Беларусі ў экстрадыцыі, сам факт знаходжання ў такой базе робіць паездку небяспечнай. Чалавек можа правесці тыдні ці нават месяцы ў ізалятары або пад падпіскай аб нявыездзе, пакуль мясцовыя суды будуць разбірацца ў палітычных матывах беларускага запыту.

    Так, брэсцкага актывіста Віктара Клімуса 15 чэрвеня затрымалі ў аэрапорце Арменіі, калі Віктар прыляцеў у краіну з Польшчы з працоўным візітам. Армянскія памежнікі паведамілі, што ягонае імя ўнесенае ў міжнародную базу вышуку. Пазней, у той жа дзень актывіста адпусцілі.

    Небяспека для палітэмігрантаў можа хавацца не толькі ў пагрозе экстрадыцыі, але і ў раптоўнай страце легалізацыі. Так, актывіста і журналіста Андрэя Мялешку, які некалькі гадоў легальна жыў разам з сям’ёй у Грузіі, 16 верасня 2024 года, калі ён з дачкой вяртаўся з Польшчы, грузінскія памежнікі без тлумачэння прычын не ўпусцілі ў краіну. Некалькі гадзін з актывістам не было сувязі. Цяпер Андрэй вымушаны жыць у Беластоку ў Польшчы.

    Как проверить, заведено ли в Беларуси на вас уголовное дело

    Небяспечныя краіны для падарожжаў

    На сайце Святланы Ціханоўскай ёсць падрабязны юрыдычны разбор, якія краіны бяспечныя для падарожжаў, а ў якія месцы дакладна не варта ехаць.

    Так, усе краіны ўмоўна падзеленыя на зялёную, шэрую і чырвоную зоны.

    Бяспечныя для наведвання:

    • Краіны ЕС, ЗША, Канада, Аўстралія, Нарвегія, Швейцарыя, Вялікабрытанія, Харватыя.

    Дакладна не варта ехаць («Чыровная зона»):

    • Расія, Арменія, Азербайджан, Казахстан, Кыргызская рэспубліка, Таджыкістан, Узбекістан, Пакістан, Індыя, Кітай;
    • Непрызнаныя тэрыторыі: Прыднястроўе, Абхазія, Паўднёвая Асетыя, ДНР, ЛНР, Крым.
    • Венесуэла, Паўночная Карэя, Таіланд, В’етнам, Шры-Ланка;
    • Куба, Лаос, Сірыя, Камбоджа.
    • Сербія, ААЭ, Таіланд, М’янма, Замбія, Зімбабвэ, Афганістан, Іран, Ірак.

    «Шэрая зона»:

    • Грузія, Малдова, Турцыя, Егіпет, Манголія, Марока, Саўдаўская Аравія, Мексіка, Катар, ПАР, Албанія, Чарнагорыя, Боснія і Герцагавіна, Македонія, Філіпіны, Дамініканская Рэспубліка, Чылі, Сенегал, Кіпр, Грэцыя.

    Прававая ініцыятыва распрацавала зручную інтэрактыўную мапу гэтых краінаў з падзяленнем на катэгорыі.

    Пры тым варта разумець, што праваабаронцам вядомыя выпадкі затрыманняў палітычных беларусаў Інтэрполам нават у бяспечных краінах.

    Самыя небяспечныя краіны рэгіёну для беларускіх журналістаў. Складаем рэйтынг

    Каментар юрысткі і парады па бяспецы

    Як адзначае юрыстка праваабарончага цэнтру «Вясна» Святлана Галаўнёва, пытанні міжнароднага вышуку і экстрадыцыі маюць складаную міграцыйную і крымінальную спецыфіку. Таму агульныя парады праваабаронцаў ніколі не заменяць кансультацыі з профільнымі адвакатамі на платнай аснове – толькі гэта гарантуе поўнае пагружэнне ў індывідуальныя абставіны кожнай канкрэтнай справы.

    Чаму Інтэрпал прапускае запыты з Беларусі

    Што тычыцца маштабаў праблемы і рэакцыі самога Інтэрпола на маніпуляцыі з боку Мінска, то галоўны офіс усведамляе сітуацыю, аднак сістэма мае свае ўразлівасці.

    Як адзначаюць эксперты (напрыклад, міграцыйны юрыст Алесь Міхалевіч), Інтэрпал разумее, што Беларусь – недэмакратычная краіна, якая злоўжывае антыэкстрэмісцкім і антытэрарыстычным заканадаўствам. Такія відавочна палітызаваныя кейсы арганізацыя адфільтроўвае. Аднак з эканамічнай злачыннасцю сітуацыя іншая: на этапе атрымання запыту распазнаць у ім палітычны матыў амаль немагчыма, таму такія справы з Беларусі і прапускаюць, кажа Святлана.  

    Разам з тым маштаб менавіта “эканамічных” запытаў абмежаваны. Для таго каб сфабрыкаваць пераканаўчае абвінавачванне ў нясплаце падаткаў ці растраце, чалавек, як правіла, павінен быў у мінулым мець у Беларусі ўласнае ІП або камерцыйную арганізацыю.

    Ці ратуе Жэнеўскі пашпарт і статус уцекача

    Многія эмігранты спадзяюцца, што наяўнасць Жэнеўскага пашпарта або статусу ўцекача (напрыклад, у Польшчы ці Літве) з’яўляецца абсалютнай абаронай ад затрыманняў. Гэта сапраўды дае найвышэйшую ступень міжнароднай абароны, але стаадсоткавай гарантыі не існуе ніколі.

    Что делать, если вас задержали в Европе по запросу Беларуси? Отвечает юрист

    З аднаго боку, у Інтэрпола дзейнічае адмысловая палітыка абароны ўцекачоў ад злоўжыванняў. Калі краіна, дзе беларус атрымаў абарону, пацвярджае ягоны статус (гэта ў першую чаргу тычыцца асоб з Жэнеўскім пашпартам), Інтэрпол блакуе або выдаляе запыты ад дзяржавы, якая ажыццяўляе пераслед.

    Аднак пагроза не абмяжоўваецца Інтэрполам. Заўсёды застаюцца прамыя запыты аб экстрадыцыі паміж асобнымі дзяржавамі і лакальныя базы даных спецслужбаў адных краінаў на тэрыторыі іншых. Таму нават са статусам уцекача пры планаванні паездкі неабходна ўлічваць палітычны кантэкст дзяржавы ўезду і яе адносіны з Беларуссю.

    Што рабіць пры затрыманні на мяжы

    Калі вас затрымліваюць на памежным кантролі або ў аэрапорце іншай краіны, юрыстка раіць прытрымлівацца некалькіх строгіх правілаў у першыя хвіліны камунікацыі з мясцовымі праваахоўнікамі:

    • Неабходна паведаміць толькі базавыя ідэнтыфікуючыя даныя (імя, грамадзянства, падставу для ўезду). Абавязкова трэба заявіць пра свой статус міжнароднай абароны;
    • Не варта адразу ж выдаваць мясцовай паліцыі ці памежнікам усе падрабязнасці сваёй палітычнай дзейнасці і дэталі пераследу ў Беларусі. Гэтую інфармацыю трэба пакінуць да прыезду і кансультацыі з адвакатам;
    • Ні ў якім разе не падпісвайце дакументы на незразумелай вам мове, нават калі прадстаўнікі ўлады вусна патлумачылі або пераклалі вам іх змест.
    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.