• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Як палітвязню аформіць даверанасць у месцах няволі: тлумачаць юрысты «Вясны»

    Пасля затрымання чалавека яго сям’я сутыкаецца з мноствам цяжкасцяў, у тым ліку звязаных з юрыдычнымі пытаннямі, што патрабуюць прысутнасці затрыманага. Гэта можа тычыцца, напрыклад, кіравання банкаўскімі рахункамі, продажу маёмасці, адключэння сім-карты ў аператара сотавай сувязі, пагашэння растэрміновак і крэдытаў.

    У такіх выпадках зняволенаму неабходна аформіць даверанасць на давераную асобу. Юрыдычная служба «Вясны» падрыхтавала пакрокавую інструкцыю для блізкіх палітвязняў, якім патрабуецца атрыманне даверанасці.

    Як палітвязню аформіць даверанасць у месцах няволі

    Фота: Вясна

    Варыянты афармлення даверанасці

    Усім вядома, каб засведчыць даверанасць, неабходна звярнуцца да натарыуса. Аднак, што рабіць у сітуацыях, калі чалавек утрымліваецца пад вартай або знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі?

    Варыянтаў некалькі:

    1. Звярнуцца да натарыуса.
    2. Аформіць даверанасць у кіраўніка ўстаноў, што выконваюць пакаранне або начальніка СІЗА*. Яны прыраўноўваюцца да натарыяльна засведчаных. Аднак на практыцы даверанасці, якія прыраўноўваюцца да натарыяльна засведчаных, начальнікі засведчваюць рэдка — часцей запрашаюцца натарыусы.

    *Даверанасці асоб, што знаходзяцца ва ўстановах, якія выконваюць пакаранне або месцах утрымання пад вартай засведчваюць начальнікі адпаведных устаноў, якія выконваюць пакаранне або кіраўнікі адміністрацый месцаў утрымання пад вартай (п. 3 ч. 3 арт. 186 Грамадзянскага кодэкса).

    Як аформіць даверанасць зняволенаму, які ўтрымліваецца пад вартай у СІЗА

    Крок 1. Напісаць следчаму заяву і атрымаць дазвол на афармленне даверанасці

    Калі чалавек знаходзіцца пад вартай, то першым крокам у афармленні даверанасці з’яўляецца атрыманне дазволу ў следчага (п.163 Правілаў унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў), бо даверанасць – гэта аднабаковая здзелка, а для ажыццяўлення грамадзянска-прававых здзелак неабходны дазвол следчага (органа, які вядзе крымінальны працэс).

    Крок 2. Запісацца на асабісты прыём да начальніка СІЗА

    Запіс на асабісты прыём асоб, што ўтрымліваюцца пад вартай, ажыццяўляецца штодня падчас абыходу камер супрацоўнікамі СІЗА. Заявы наконт асабістага прыёму падаюцца пісьмова на імя начальніка СІЗА або робяцца вусна.

    Крок 3. Заявіць аб жаданні аформіць даверанасць

    У заяве неабходна ўказаць прычыну прыёму: афармленне даверанасці, бо для аказання паслугі начальнік можа запрасіць адпаведнага працаўніка, напрыклад юрыста, альбо перанакіраваць абвінавачанага да юрыста для складання праекта даверанасці.

    Крок 4. Падпісанне даверанасці

    Даверанасць афармляецца без прысутнасці прадстаўніка (асобы, на імя якой выдадзена даверанасць). З’явіцца мусіць толькі абвінавачаны (падазраваны).

    Для афармлення даверанасці патрэбныя пашпартныя даныя прадстаўніка. Падпісаць даверанасць неабходна ў прысутнасці начальніка СІЗА.

    Крок 5. Перадача даверанасці следчаму

    Даверанасць, завераная начальнікам СІЗА, перадаецца або накіроўваецца асобе, на імя якой яна складзеная, праз орган, які вядзе крымінальны працэс (п. 164 Правілаў унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў № 3 ад 13.01.2004).

    Вы за мяжой, а да вашых сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста

    Натарыус у СІЗА

    Крок 1. Атрыманне ў следчага дазволу на выезд натарыуса ў СІЗА

    Варыянт 1. Сваякі маюць права звярнуцца ў натарыяльную кантору горада або раёна, па месцы знаходжання абвінавачанага і ўдакладніць, хто з натарыусаў можа выехаць у СІЗА (арт. 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»).

    Атрымаўшы даныя натарыуса, неабходна патэлефанаваць следчаму і ўзгадніць наведванне натарыусам абвінавачанага. Падаць заяву з данымі натарыуса і мэтай візіту, напрыклад, пасведчанне даверанасці, з указаннем паўнамоцтваў прадстаўніка.

    Пасля атрымання дазволу ў следчага перадаць інфармацыю натарыусу і абвінавачанаму. Натарыусу неабходна атрымаць пропуск у следчага.

    Варыянт 2. Абвінавачаны звяртаецца да следчага з заявай аб дазволе ажыццяўлення натарыяльных дзеянняў натарыусам у СІЗА. Следчы, пасля задавальнення просьбы, звяртаецца да натарыуса і яны ўзгадняюць выезд. Выдае натарыусу дазвол на наведванне СІЗА.

    Крок 2. Узгадненне выезду натарыуса з начальнікам СІЗА

    Пасля атрымання дазволу неабходна падаць заяву на імя начальніка СІЗА з узгадненнем выезду натарыуса і з просьбай зняць грашовыя сродкі з яго асабовага рахунку для аказання дадатковай платнай паслугі – паслугі натарыуса.

    Паслугі натарыуса – платныя. Спатрэбіцца аплаціць складанне праекта даверанасці (калі ён неабходны), пасведчанне даверанасці і трансфер (фактычна панесеныя транспартныя выдаткі, звязаныя з выездам).

    У адпаведнасці з п. 61–1 Правілаў унутранага распарадку следчых ізалятараў крымінальна-выканаўчай сістэмы Міністэрства ўнутраных спраў № 3 ад 13.01.2004, дадатковыя платныя паслугі асобам, якія ўтрымліваюцца пад вартай, могуць аказвацца як супрацоўнікамі СІЗА, так і прыцягнутымі асобамі.

    Для атрымання дадатковай платнай паслугі асоба, якая змяшчаецца пад вартай, падае заяву на імя начальніка СІЗА з просьбай зняць грашовыя сродкі з яе асабовага рахунку для аказання дадатковай платнай паслугі. Супрацоўнік СІЗА правярае наяўнасць адпаведнай сумы грашовых сродкаў на асабовым рахунку чалавека, змяшчанага пад вартай, і робіць адзнаку на заяве, пасля чаго начальнік СІЗА прымае рашэнне па сутнасці просьбы.

    Крок 3. Выезд натарыуса ў СІЗА

    Натарыус прыязджае ў СІЗА, сустракаецца з абвінавачаным, афармляе даверанасць і выдае яе на рукі заяўніку.

    Крок 4. Абвінавачаны атрымлівае даверанасць і адпраўляе яе прадстаўніку

    Афармленне даверанасцяў у сітуацыі, калі чалавека ўжо асудзілі і прысуд набыў моц

    Даверанасці маюць права засведчыць альбо натарыусы, альбо начальнікі адпаведных устаноў, якія выконваюць пакаранне*.

    *Даверанасці асоб, якія знаходзяцца ва ўстановах, што выконваюць пакаранне ў выглядзе арышту, абмежавання волі, пазбаўлення волі на пэўны тэрмін, пажыццёвага пазбаўлення волі засведчваюць начальнікі адпаведных устаноў, якія выконваюць пакаранне (п. 3 ч. 3 арт. 186 Грамадзянскага кодэкса).

    Прафілактычная гутарка: што трэба ведаць, каб абараніць свае правы

    Засведчванне даверанасцяў у начальніка ўстановы, які выконвае пакаранні

    Крок 1. Запісацца на асабісты прыём да кіраўніка ўстановы або юрыста

    У адпаведнасці з заканадаўствам, асабісты прыём асуджаных ажыццяўляецца кіраўніцтвам установы, а таксама начальнікамі службаў паводле графіку, які зацвярджаецца начальнікам установы. Кіраўнікі органаў, якія інспектуюць, альбо спецыяльна ўпаўнаважаныя на тое асобы, праводзяць прыём асуджаных па пытаннях, што ўваходзяць у іх кампетэнцыю, пры наведванні ўстановы (п.п. 95, 96 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў, зацв. Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2000 № 174).

    Крок 2. Атрымаць даверанасць і адправіць свайму прадстаўніку

    Засведчанне даверанасцяў у натарыуса

    Крок 1. Сваякі звяртаюцца да натарыуса

    Сваякі звяртаюцца ў натарыяльную кантору горада або раёна, па месцы знаходжання асуджанага і ўзгадняюць выезд і ўтрыманне даверанасці (арт. 13 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб натарыяце і натарыяльнай дзейнасці»).

    Перадаюць даныя натарыуса асуджанаму.

    Крок 2. Запісацца на асабісты прыём да кіраўніка ўстановы

    Асуджаны запісваецца на асабісты прыём да начальніка ўстановы і падае заяву аб дазволе скарыстацца натарыяльнымі паслугамі.

    Крок 3. Атрыманне дазволу і наяўнасць на рахунку дастатковай колькасці грашовых сродкаў

    Пры дастатковай колькасці сродкаў на рахунку кіраўнік папраўчай установы выдае дазвол на аказанне натарыяльных паслуг.

    Асуджаныя па сваім жаданні могуць за кошт сродкаў, якія ёсць на іх асабовых рахунках, карыстацца дадатковымі паслугамі прадпрыемстваў камунальна-бытавога абслугоўвання, размешчаных па месцы дыслакацыі ўстановы. Да такіх паслуг адносяцца «..» натарыяльныя ды іншыя паслугі з дазволу адміністрацыі ўстановы. Дадатковыя паслугі, якія аплачваюцца асуджанымі за кошт уласных сродкаў, прадстаўляюцца па іх заяве на імя начальніка ўстановы. Для аказання паслуг адміністрацыяй установы могуць запрашацца адпаведныя працаўнікі (п. п. 109–110 Правілаў унутранага распарадку папраўчых устаноў, зацв. Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 20.10.2000 № 174).

    Крок 4. Перадача дазволу натарыусу

    Асуджаны адпраўляе дазвол натарыусу.

    Крок 5. Выезд натарыуса да асуджанага

    Прызнанне персанальных старонак «экстрэмісцкімі матэрыяламі»: наступствы і парады ад юрысткі

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці