Змены ў падатках у Літве. Юрыст тлумачыць, да чаго рыхтавацца мясцовым беларусам
З пачатку 2026 года ў Літве набылі моц шматлікія змены ў падатковым заканадаўстве. У тым ліку, павялічыліся стаўкі падаходнага падатку, што актуальна для асоб, якія ажыццяўляюць індывідуальную дзейнасць. Юрыст БАЖ тлумачыць, наколькі гэта адаб’ецца на фактычных заробках.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
Ад чаго залежыць памер падаткаў?
Паводле апошняй рэдакцыі закона аб падаходным падатку, у 2026 годзе пачынаюць дзейнічаць новыя падатковыя стаўкі: 20, 25 і 32 %. Замест стаўкі 15 %, якая была прадугледжаная ў папярэднія гады.
Аднак гэтая змена шмат для каго не паўплывае на агульную суму, якую трэба сплачваць у дзяржаўны бюджэт.
Рэч у тым, што канчатковая сума падаткаў вызначаецца не толькі на падставе стаўкі, але і з улікам «падатковага крэдыту». Калі не надта паглыбляцца ў падрабязнасці, то падатковы крэдыт — гэта сума, на якую змяншаецца памер падаткаў у залежнасці ад памеру даходу.
Разлічваецца падатковы крэдыт або паводле вызначанай працэнтнай стаўкі, або паводле адмысловай формулы.
Падатковы крэдыт прымяняўся і раней. Менавіта таму працэнт падаткаў змяняўся па меры павелічэння даходу.
У новай рэдакцыі закона правілы разліку падатковага крэдыту змяніліся разам з падатковымі стаўкамі, і ў выніку — да пэўнага ўзроўню даходу — канчатковы памер падатку не будзе адрознівацца ад таго, што трэба было плаціць з такіх жа сум у папярэднія гады.
Якім чынам гэта працуе?
Пакажам на прыкладах.

Фота: Leeloo The First для pexels.com
Адразу пазначым, што для разлікаў бярэцца не агульны даход, а сума, якая абкладаецца падаткам: агульны даход мінус расходы.
Расходы могуць быць фактычнымі (то бок іх трэба падлічваць і пацвярджаць) або прымацца як 30 % ад даходу без аніякіх дадатковых пацверджанняў. Паколькі большасць беларусаў, што працуюць у медыясектары, прымяняюць менавіта другі варыянт разліку расходаў, прыклады будзем браць з выкарыстаннем яго. Гэта значыць, калі мы кажам пра даход, які абкладаецца падаткам, то гэта — 70 % ад агульнай сумы гадавога даходу.
Прыклад першы
Даход, які абкладаецца падаткам, — 20 000 еўра ці менш.
Для такіх выпадкаў дзейнічае агульная падатковая стаўка — 20 %, і цвёрдая стаўка падатковага крэдыту — 15 %. Адпаведна, разлік падатку выглядае наступным чынам:
20 000 х 20 % – 20 000 х 15 % = 1 000 еўра
А калі спрасціць разлікі, то:
20 % – 15 % = 5 %
Гэта і ёсць памер падатку, які трэба сплаціць.
Да 2026 падатковая стаўка была 15 %, а падатковы крэдыт — 10 %, то бок атрымлівалася, што памер падатку складаў тыя ж 5 %. Такім чынам, у 2026 для сум да 20 000 у новым годзе нічога не змяняецца.
Вы за мяжой, а да вашых сваякоў прыйшлі з ператрусам — парады юрыста
Прыклад другі
Даход, які абкладаецца падаткам, — ад 20 000 да 42 500 еўра.
Для такога даходу дзейнічае тая ж дваццаціпрацэнтная падатковая стаўка і зноў прымяняецца падатковы крэдыт, але цяпер ён разлічваецца паводле формулы:
падатковы крэдыт = даход, які абкладаецца падаткам × (0,15 – 2/300 000 × (даход, які абкладаецца падаткам — 20 000))
У Літве распрацавана дастаткова анлайн-калькулятараў, каб падлічыць памер падаткаў, і ў тым ліку — падатковага крэдыту (напрыклад, на сайце Sodra), таму няма патрэбы рабіць гэтыя разлікі ўручную.
Калі прымяняць гэтую формулу да розных сум даходу, сума падатковага крэдыту ў працэнтным выражэнні будзе змяняцца: чым большы даход — тым меншы крэдыт і, адпаведна, большы памер падатку. Такім чынам, памер падатку будзе паступова павялічвацца ад 5 да 20 %.
Напрыклад, для даходу 30 000 еўра падатковы крэдыт у працэнтах – 8,33 %.
Адпаведна, працэнт падатку: 20 % – 8,33 % = 11,67 %.
Сума ў еўра: 30 000 х 11,67 % = 3 500 еўра (праз акругленні ў разліках могуць быць нязначныя хібы).
Для даходу 40 000 еўра падатковы крэдыт — 1,66 %.
Значыць, падатак складае: 20 % – 1,66 % = 18,34 %.
У грашовым выражэнні гэта: 40 000 х 18,34 % = 4 585 еўра.
І гэтак далей, пакуль даход не дасягне 42 500 еўра.
Падобная формула разліку падатковага крэдыту выкарыстоўвалася і ў папярэднія гады. Змянілася адное лічбавае значэнне, і за кошт гэтага сумы падаткаў з адной і той жа сумы ў 2025‑м і 2026‑м да пэўнай мяжы аднолькавыя.
Адрозненні пачынаюцца, калі даход перавышае 35 000 еўра — з гэтага моманту ў 2025 годзе падатковы крэдыт больш не прымяняўся, і далей падаткі разлічваліся паводле стаўкі 15 %. Цяпер жа памер падаткаў працягвае узрастаць, пакуль не дасягне 20 %.
Прыклад трэці
Даход, які абкладаецца падаткам, большы за 42 500 еўра.
Пачынаючы з гэтай сумы падатковы крэдыт цалкам знікае. Аплочваць трэба поўныя 20 % падатку.
Калі ж сума гадавога даходу перавысіць 36 сярэдніх зарплат па краіне, то да сумы перавышэння будзе прымяняцца стаўка 25 %, а пры даходзе звыш 60 сярэдніх зарплат — 32 % (пакуль што памер сярэдняй зарплаты разлічваецца як 2312,15, то бок 36 зарплат — гэта 83 345,4 еўра).
У папярэдняй рэдакцыі закона такіх павышэнняў ставак увогуле не было, рост памеру падатку спыняўся на 15 %.
Такім чынам, калі параўнаць сумы падаткаў, разлічаныя паводле старых і новых правілаў, то яны не будуць адрознівацца для тых, чый абкладаны падаткам даход меншы за 35 000 еўра (а г. зн. агульны даход за год — меншы за 50 000 еўра).
Прыклады разлікаў для некаторых сум даходу:
| Агульная сума даходу за год | Сума, якая абкладаецца падаходным падаткам (70 % ад агульнай сумы) | Стаўка падаходнага падатку | Падатковы крэдыт | Канчатковы памер падатку ў працэнтах | Канчатковы памер падатку ў еўра |
| 20 000 | 14 000 | 20 % | 15 % | 5 % | 700,00 |
| 28 570 | 19 999 | 20 % | 15 % | 5 % | 999,95 |
| 30 000 | 21 000 | 20 % | 14,33 % | 5,67 % | 1 190,00 |
| 40 000 | 28 000 | 20 % | 9,67 % | 10,33 % | 2 893,33 |
| 50 000 | 35 000 | 20 % | 5 % | 15 % | 5 250,00 |
| 60 700 | 42 490 | 20 % | 0,01 % | 19,99 % | 8 495,17 |
| 70 000 | 49 000 | 20 % | - | 20 % | 9 800,00 |
@bajmedia