Брытанская радыёстанцыя Caroline папрасіла прабачэння за памылковае паведамленне пра смерць караля
Брытанская радыёстанцыя Radio Caroline папрасіла прабачэння за памылковае абвяшчэнне пра смерць караля Чарльза. Пра гэта піша выданне Independent.

Фота: AFP
Radio Caroline, якая вядзе вяшчанне на поўдні Англіі і ў рэгіёне Мідлендс, 19 траўня зрабіла абвяшчэнне пра смерць караля і транслявала гімн «God Save the King». Паводле слоў аднаго са слухачоў, трансляцыя раптоўна перарвалася, пасля чаго вядучыя паведамілі пра прыпыненне праграмы. Эфір перапынілі на 15 хвілін.
Вядучыя папрасілі прабачэння за блытаніну. Неўзабаве стала вядома, што абвяшчэнне зрабілі праз «камп’ютарную памылку».
«Праз камп’ютарную памылку ў нашай галоўнай студыі ў аўторак пасля абеду (19 траўня) выпадкова была актываваная працэдура «Смерць манарха», якую ўсе брытанскія станцыі трымаюць у гатоўнасці, спадзеючыся, што яна не спатрэбіцца, і памылкова было абвешчана, што яго каралеўская высокасць кароль памёр», — напісаў кіраўнік станцыі Пітэр Мур у сваіх сацсетках.
Ён адзначыў, што Radio Caroline з задавальненнем транслявала каляднае пасланне яе вялікасці каралевы, а цяпер і караля, і спадзяецца рабіць гэта яшчэ шмат гадоў.

Крыніца: старонка Facebook Radio Caroline
«Мы просім прабачэння перад яго вялікасцю каралём і нашымі слухачамі за любыя непрыемнасці», — дадаў кіраўнік Radio Caroline.
@bajmedia