• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Мінск, у якім рос Уладзіслаў Страмінскі: пра горад і жыццё мастака ў ім

    За некалькімі дзясяткамі старонак успамінаў пра дзяцінства і маладосць Страмінскага адкрылася цэлая невядомая біяграфія. PALATNO расказвае, што цікавага можна знайсці ў біяграфіі мастака для беларусаў.

    У кнізе «Мастацтва, любоў і нянавісць» («Sztu­ka, miłość i nien­aw­iść») Ніка Страмінская фактычна выратавала памяць пра сваіх бацькоў — Уладзіслава Страмінскага і Кацярыны Кобры. Без яе сведчанняў мы не ведалі б многіх падрабязнасцяў іх жыцця, характараў, штодзённых звычак і сямейных драм.  У 2017 годзе польскія даследчыцы Івона Люба і Эва Паўліна Вавэр (Iwona Luba і Ewa Pauli­na Waw­er) апублікавалі кнігу «Уладзіслаў Страмінскі. Заўсёды ў авангардзе. Рэканструкцыя невядомай біяграфіі 1893–1917» («Władysław Strzemińs­ki. Zawsze w awan­gardzie. Rekon­strukc­ja niez­nanej biografii 1893–1917»). Яна стала першай спробай праверыць гісторыю мастака па архіўных крыніцах. Самі аўтаркі адкрыта пішуць, што сведчанні Нікі Страмінскай яны не проста цытуюць, а «ўважліва аналізуюць і правяраюць». Вынік аказаўся нечаканым. 

    Не Страмінскі ў Мінску, а Мінск у Страмінскім

    Гэта галоўнае адкрыццё першага раздзелу кнігі Івоны Любы і Эвы Паўліны Вавэр. У гэтым раздзеле расказваецца гісторыя не толькі самога Уладзіслава Страмінскага, а горада, які дапамог мастаку стаць тым, кім ён стаў.

    Цяпер Уладзіслава Страмінскага ўспамінаюць як заснавальніка ўнізму, аднаго з найважнейшых мастакоў польскага авангарду, паплечніка Казіміра Малевіча і мужа Кацярыны Кобры. Значна радзей узгадваюць, што будучы тэарэтык новага мастацтва нарадзіўся і правёў першыя адзінаццаць гадоў жыцця ў Мінску.

    Парадокс заключаецца ў тым, што пра гэты перыяд яго біяграфіі доўгі час ведалі вельмі мала. Асноўнай крыніцай інфармацыі пра Страмінскага былі ўспаміны яго дачкі, якая захавала ў кнізе мноства сямейных гісторый і дэталяў.

    На мяжы XIX і XX стагоддзяў Мінск перажываў адзін з найбольш дынамічных перыядаў свайго развіцця. Гэта ўжо не быў правінцыйны губернскі цэнтр, якім ён заставаўся некалькімі дзесяцігоддзямі раней. Дзякуючы чыгунцы горад ператварыўся ў важны транспарты вузел Расійскай імперыі: насельніцтва хутка павялічвалася, узнікалі новыя прадпрыемствы, у цэнтры з’яўляліся сучасныя камунальныя сістэмы, электрычнасць. Вялікую ролю ў гэтых пераўтварэннях адыграў гарадскі кіраўнік Караль Гутэн-Чапскі. Аўтаркі кнігі адзначаюць, што Мінск пачаў «інтэнсіўна развівацца і даганяць Еўропу».

    З аднаго боку, такія дэталі, апісаныя ў кнізе пра Страмінскага аб Мінску, могуць падавацца другаснымі. Аднак для разумення будучага Страмінскага яны маюць вялікае значэнне. Пазней усё яго мастацтва будзе звязана з ідэямі прагрэсу, тэхнікі і новага чалавека.

    Нельга сцвярджаць, што вытокі ўнізму трэба шукаць у дзіцячых уражаннях ад мінскіх вуліц. Аднак цяжка не заўважыць, што дзяцінства Страмінскага прайшло ў атмасферы захаплення тэхнічнымі навінамі і верай у прагрэс.

    Выстава, якую, верагодна, бачыў маленькі Уладусь

    Адным з найбольш цікавых сюжэтаў мінскага раздзела кнігі становіцца Вялікая сельскагаспадарчая і прамысловая выстава ў 1901 годзе. Для Мінска гэта была падзея выключнага маштабу. У горад прыязджалі ўдзельнікі і наведнікі з розных рэгіёнаў Расійскай імперыі. На выставе дэманстраваліся найноўшыя тэхнічныя дасягненні, сельскагаспадарчыя машыны, прамысловыя распрацоўкі і розныя навінкі эпохі. Сярод найбольш яркіх аб’ектаў была паменшаная мадэль Эйфелевай вежы.

    Аўтаркі не сцвярджаюць, што Страмінскі дакладна наведваў выставу. Прамых сведчанняў гэтаму няма, але васьмігадовы хлопчык жыў у Мінску, а сама выстава была цэнтральнай падзеяй гарадскога жыцця. Таму даследчыцы лічаць вельмі верагодным, што ён яе бачыў.

    Эмблема Юбілейнай сельскагаспадарчай выставы ў Мінску (1901). Праект Генрыха Вайсенгофа

    Уявіце сабе: будучы мастак авангарду, якому яшчэ застаюцца дзесяцігоддзі да ўласных мастацкіх адкрыццяў, стаіць перад сімвалам тэхнічнай сучаснасці — вежай Эйфеля, хай нават і паменшанай. Канечне, гэта не факт (Уладусь перад мінскай Эфелевай вежай), а дапушчэнне, дазволенае жанрам рэканструкцыі, ае дапушчэнне добра абгрунтаванае кантэкстам эпохі.

    Страмінскі паходзіў з сям’і вайскоўца

    Многія эпізоды дзяцінства Страмінскага вядомыя толькі з успамінаў дачкі, Нікі Страмінскай. Аднак гісторыя бацькі Уладзіслава вядома даследчыкам больш.

    Максімільян Бенедыкт Страмінскі быў прафесійным вайскоўцам — служыў афіцэрам у расійскай арміі. Ён удзельнічаў у руска-турэцкай вайне 1877–1878 гадоў, ваяваў пад Плеўнай і на Шыпцы, меў розныя ўзнагароды.

    Максімільян Страмінскі быў не толькі страявым афіцэрам, але займаўся яшчэ адміністрацыйнай працай: выконваў абавязкі палкавога скарбніка і добра разбіраўся ў фінансавых справах. Пасля выхаду ў адстаўку ён працаваў бухгалтарам у Мінску.

    Максіміліян Страмінскі, бацька Уладзіслава. і Эва Разалія Страмінская, у дзявоцтве Аляхновіч, маці Уладзіслава

    Такім чынам, Уладзіслаў Страмінскі рос ў дастаткова заможным доме з устойлівым матэрыяльным становішчам. У дзяцінстве малы Уладусь бавіў час у сямейных маёнтках. Дакументы дазваляюць аднавіць іх назвы: Рудоды, Леднікі і Аброткі ў Мінскім павеце. Для дяцей шляхецкіх сем’яў канца XIX стагоддзя такое жыццё было натуральным: зіма праходзіла ў горадзе, а летам яны жылі ў маёнтках.

    Мінск чатырох культур

    Мінск, у якім рос Уладзіслаў Страмінскі, быў горадам, дзе жылі разам палякі, яўрэі, рускія і беларусы. У шляхецкім асяроддзі размаўлялі па-польску, у дзяржаўных установах панавала руская мова. А ў кантактах з сялянамі і мяшчанамі выкарыстоўвалася беларуская мова. Страмінскі з дзяцінства рос у шматмоўным і шматкультурным свеце.

    Рэальнасць, у якой існаваў Уладзіслаў Страмінскі, была складанай і не можа карыстацца простай схемай — «польскі мастак, які нарадзіўся ў Мінску». Мінск таго часу быў прасторай перакрыжавання розных культурных традыцый, у якой будучы мастак натуральна існаваў.

    У 1904 годзе мінскі перыяд жыцця Страмінскага скончыўся. Ён паспяхова здаў уступныя экзамены і быў прыняты ў Трэці Маскоўскі кадэцкі корпус імя імператара Аляксандра II. У той год 11-гадовы хлопчык пакінуў Мінск.

    Наперадзе ў яго жыцці былі Масква, Санкт-Пецярбург, вайсковая адукацыя, Першая сусветная вайна, рэвалюцыя і мастацкі авангард.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.