• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Беларус — гэта той, хто лічыць сябе беларусам». Заснавальнік Audiobooks Мікіта Белаглазаў пра пяць гадоў агучкі, эканоміку беларускай культуры і нацыянальную памяць

    Заснавальнік аўдыявыдавецтва Audio­books Мікіта Белаглазаў распавёў пра пяць гадоў развіцця праекта, амаль 70 агучаных кніг, эканамічныя цяжкасці беларускамоўнага кантэнту і памяць пра пісьменніцу Святлану Курс.

    Заснавальнік Audiobooks Мікіта Белаглазаў

    Мікіта Белаглазаў падчас уручэння прэміі Гедройця, 2025 г. Фота: Беларускі ПЭН

    Анлайн-сустрэча з Мікітам адбылася ў межах праекта «Літаратура і кава», які ладзіць Асацыяцыя беларусаў у Амерыцы.

    Ад веласіпеда ў Каліфорніі да 70 кніг

    Гісторыя Audio­books пачалася не з бізнес-плана, а з маёй асабістай патрэбы. Я амаль дзесяць гадоў жыў у Каліфорніі, цяпер базуюся ў Варшаве. Гадамі слухаў аўдыякнігі на англійскай мове і аднойчы задаўся пытаннем: а ці ёсць нешта падобнае па-беларуску? Калі пачаў шукаць, высветлілася, што сучасных беларускамоўных аўдыякніг практычна няма.

    Пачаткам стаў 2021 год і першая аўдыякніга — «Сем камянёў» Аляксея Шэіна, якую мы бясплатна выклалі ў адкрыты доступ. З таго часу наша каманда з трох-чатырох чалавек запісала і апублікавала каля 70 аўдыякніг, частка з якіх стала платнай.

    Асабліва я ганаруся тым, што нам удалося сабраць усе даступныя аўдыякнігі «Радыё Свабода». Яны засталіся ў адкрытым доступе нават пасля таго, як пры Дональдзе Трампе праца рэсурсу была часова спыненая. Вельмі важнымі для мяне таксама сталі дзве «народныя» аўдыякнігі, сабраныя з фрагментаў, начытаных дзясяткамі беларусаў з розных краін свету.

    Яшчэ адзін значны праект — «Марсіянін», які стаў першай беларускай кнігай, выдадзенай адначасова ў трох фарматах: папяровым, электронным і аўдыя.

    Круцей за Wordle ці Spelling Bee. З’явіўся сайт са слоўнымі гульнямі на беларускай мове

    Эканоміка беларускамоўнага кантэнта, якая не акупляецца

    — Нягледзячы на рост праекта, фінансавая мадэль застаецца вельмі складанай. Значную частку выдаткаў я па-ранейшаму пакрываю ўласнымі сродкамі, і за апошнія два гады сітуацыя амаль не змянілася. Большасць продажаў адбываецца не ў Беларусі, а ў Польшчы, ЗША і іншых краінах, а ўнутры Беларусі яны застаюцца мінімальнымі.

    Гэта хутчэй дабрачынны, чым камерцыйны праект. Мы спадзяёмся, што праз нейкі час нешта зменіцца — назапасіцца крытычная маса карыстальнікаў або мы знойдзем новыя шляхі прасоўвання.

    На маю думку, прычын тут некалькі. Найперш у беларусаў няма ўласнай інфраструктуры для распаўсюду аўдыякніг. Мы вымушаныя карыстацца замежнымі платформамі накшталт Google Books або Apple Books, якія дрэнна адаптаваныя пад беларускую аўдыторыю нават у эміграцыі.

    Другая праблема — людзі ў Беларусі баяцца плаціць банкаўскімі карткамі. Як слушна заўважыў  Ігар Іваноў, заснавальнік і галоўны рэдактар Skary­na Press, у аўтарытарных рэжымах людзі пастаянна жывуць з адчуваннем, што тое, што сёння законна, заўтра можа стаць падставай для пакарання.

    Дадатковай перашкодай з’яўляецца тое, што сайт Audio­books заблакаваны ў Беларусі яшчэ з 2021–2022 гадоў, хоць само выдавецтва не прызнана экстрэмісцкім. Стварыць уласную платформу з мабільным дадаткам, як гэта зрабіла ва Украіне аўдыявыдавецтва «Абук» дзякуючы вялікай аднаразовай мецэнацкай падтрымцы, я пакуль не магу — для гэтага не хапае ні фінансавых рэсурсаў, ні каманды.

    Акрамя таго, у Беларусі практычна няма культуры прасоўвання аўдыякніг. Не стае сучаснай візуальнай і стылёвай рэкламы, якая ўжо стала звычайнай з’явай на заходніх рынках і ў Польшчы.

    Мікіта Белаглазаў з кнігай «Марсіянін». Фота з інстаграма Мікіты Белаглазава

    Матывацыя без грошай

    Калі мяне пытаюць, што дазваляе праекту існаваць ужо пяць гадоў без прыкметнага прыбытку, адказ вельмі просты.

    Я хачу, каб мне было што слухаць па-беларуску. Гэта хутчэй эгаістычная матывацыя. Я сам карыстаюся тым, што раблю, і мне гэта сапраўды цікава. А прызнанне, магчыма, прыйдзе пазней, калі мы ўсе вернемся ў Беларусь.

    Мне таксама вельмі блізкая думка  Ігара Іванова, які правёў паралель з пасляваеннай беларускай эміграцыяй. Людзі, што жылі з адчуваннем часовасці і не былі ўпэўненыя, што калісьці вернуцца, усё адно пакінулі пасля сябе культурную спадчыну, якая пазней стала важнай для наступных пакаленняў беларусаў. Магчыма, тое самае адбудзецца і з аўдыякнігамі, тэкстамі і перакладамі, якія сёння ствараюцца ў беларускай дыяспары.

    Штучны інтэлект Google Gemini навучылі сінхроннаму перакладу, ёсць падтрымка беларускай мовы

    Праект перакладу і сусветная літаратура па-беларуску

    Я таксама ўдзельнічаю ў праекце перакладу амерыканскай літаратуры на беларускую мову. Менавіта так у супрацоўніцтве з выдавецтвам Guten­berg з’явіўся беларускі пераклад рамана Эндзі Уэйра «Марсіянін».

    Поспех гэтай кнігі натхніў аднаго беларускага чытача ў ЗША самастойна перакласці наступны раман Уэйра — «Праект „Аве Марыя“». Цяпер праца над гэтым перакладам працягваецца пры падтрымцы Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы.

    Хто такі беларус cёння

    Ці варта распрацоўваць нейкія крытэрыі беларускасці або нават своеасаблівы «дапаможнік» па нацыянальнай ідэнтычнасці?

    Мой адказ вельмі просты: беларус — гэта той, хто лічыць сябе беларусам. Ніякіх іншых крытэрыяў, пунктаў або ступеняў я не бачу.

    Воля Бромэн прапанавала яшчэ адзін магчымы падыход, які яна пачула падчас дыскусіі: важнае не паходжанне і нават не мова, а тое, наколькі чалавеку сапраўды баліць за Беларусь.

    Калі мяне папрасілі назваць любімыя сучасныя беларускія аўдыякнігі, я адзначыў «Маю школу» Ганны Севярынец, «Уцёкі» Вольгі Гапеевай, «Забойства Макаёнка», «Круглую шкатулку» і «Перамену месцаў», якая летась увайшла ў лік фіналістаў «Прозы года».

    Асобна хачу адзначыць працу чытальнікаў Крысціны Дробыш і Сяргея Шупы. На маю думку, іх галасы здольныя правесці слухача нават праз самыя складаныя тэксты, у тым ліку праз «Сабак Еўропы».

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.