• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Журналіста Паўла Дабравольскага прыгаварылі да 9 гадоў пазбаўлення волі

    Мінскі гарадскі суд 6 сакавіка вынес вырак палітзняволенаму журналісту Паўлу Дабравольскаму. Яго абвінавацілі ў «здрадзе дзяржаве».

    Павел Дабравольскі

    Павел Дабравольскі. Фота: з асабістага архіва

    Судовы працэс над журналістам пачаўся 27 лютага 2026 года і праходзіў у закрытым рэжыме.

    Як стала вядома БАЖ, 6 сакавіка Мінскі гарадскі суд прызнаў Паўла Дабравольскага вінаватым паводле часткі 1 артыкула 356 Крымінальнага кодэкса РБ і прыгаварыў да 9 гадоў пазбаўлення волі з адбыццём у калоніі ва ўмовах строгага рэжыму.

    Павел Дабравольскі адмовіўся абскарджваць прысуд. З улікам часу, які журналіст прабыў у СІЗА, тэрмін зняволення складзе прыблізна 7 гадоў і 4 месяцы.

    Паводле звестак БАЖ, абвінавачанне ў «дзяржаўнай здрадзе» звязанае з журналісцкімі публікацыямі Дабравольскага.

    Раней ён працаваў як на беларускія, так і на замежныя СМІ, у тым ліку на ўкраінскі часопіс NV.ua (да пачатку поўнамаштабнага ваеннага ўварвання Расіі ва Украіну). Апошняе месца працы ў Беларусі — незалежная інфармацыйная кампанія БелаПАН.

    Павел Дабравольскі быў затрыманы ў Мінску 22 студзеня 2025 года — праз некалькі месяцаў пасля вяртання на радзіму з‑за мяжы.

    Увосень 2025 года Павел Дабравольскі быў пераведзены з СІЗА КДБ, дзе яго ўтрымлівалі пасля затрымання, у СІЗА № 1.

    З Беларусі Павел з’ехаў на пачатку восені 2021 года. Паводле інфармацыі на яго старонках ў сацыяльных сетках, пасля ад’езду падарожнічаў па свеце: аб’ехаў шэраг еўрапейскіх краін, быў у Іране, Расіі, краінах Паўднёвай Амерыкі. У кастрычніку 2024 года вярнуўся ў Мінск.

    Падчас паслявыбарчых пратэстаў 2020 года Паўла Дабравольскага затрымлівалі і прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасці ў сувязі з ажыццяўленнем прафесійнай дзейнасці.

    У прыватнасці, 30 кастрычніка 2020 года журналіст быў затрыманы ў сваёй кватэры і затым арыштаваны на 15 сутак па абвінавачанні ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.

    Беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Паўла Дабравольскага палітычным вязнем.

    12 студзеня за кратамі СІЗА журналіст сустрэў свае 36 гадоў.

    Паводле звестак Беларускай асацыяцыі журналістаў, на сёння ў Беларусі ў няволі ўтрымліваюцца 28 супрацоўнікаў беларускіх СМІ.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.