У спісах вызваленых 19 сакавіка — Алесь Марчанка
У спісах, апублікаваных рухам рэпрэсаваных беларусак «Розовые косынки», знайшлося імя відэааператара Алеся Марчанкі. Ён быў асуджаны да 3 гадоў пазбаўлення волі. Спадар Марчанка застаецца ў Беларусі.

Відэааператар Алесь Марчанка. Фота: з асабістай старонкі ў Facebook
19 сакавіка 2026 года пасля сустрэчы амерыканскай дэлегацыі на чале з прадстаўніком прэзідэнта ЗША Джонам Коўлам з афіцыйным Мінскам былі вызваленыя 250 палітвязняў, 15 з якіх былі вывезеныя ў Літву.
Алесь Марчанка быў затрыманы 19 кастрычніка 2023 года. Тады ён адбыў два адміністрацыйныя арышты па 15 сутак. Праваабаронцам вядома, што другі з іх быў прызначаны 3 лістапада судом Цэнтральнага раёна Мінска. Тады суддзя Юлляна Шчэрба прызнала 63-гадовага Марчанку вінаватым у распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў (паводле часткі 2 артыкула 19.11 КаАП). Пакуль мужчына знаходзіўся пад арыштам, сілавікі знайшлі падставы для крымінальнага пераследу.
2 красавіка 2024 года Алеся Марчанку асудзілі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму паводле ч. 3 арт. 361–1 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь — «Стварэнне экстрэмісцкага фармавання або ўдзел у ім». Справа разглядалася ў Мінскім гарадскім судзе.
28 сакавіка 2024 года беларуская праваабарончая супольнасць прызнала Алеся Марчанку палітычным вязнем.
4 чэрвеня 2024 года Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыйную скаргу журналіста. Суддзя Вярхоўнага суда Аляксей Хлышчанкоў пакінуў вырак у сіле, а скаргу без задавальнення.
Пакаранне Алесь адбываў у папраўчай калоніі № 15 у Магілёве.
Гайд для журналістаў: як этычна і бяспечна пісаць пра вызваленых палітвязняў
28 чэрвеня 2024 года ён быў унесены ў «Пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці».
Вядома, што яшчэ ў лістападзе 2018 года Алесем Марчанкам цікавіліся, імаверна, супрацоўнікі КДБ. Спачатку яму тэлефанавалі і запрашалі «паразмаўляць». У адказ на просьбу даслаць афіцыйную позву прагучала пагроза: «Не хотите по-хорошему – будет по-плохому». У той самы дзень людзі ў цывільным прыязджалі дадому да Марчанкі, але яго не заспелі. Праз жонку яны зноў перадалі запрашэнне на «гутарку», але ніякай позвы не пакінулі.
Алесь Марчанка нарадзіўся 27 траўня 1961 года. Цяпер яму 64 гады.
@bajmedia