Медыяпраект KYKY можа закрыцца з‑за праблем з фінансаваннем
З 1 студзеня 2026 года рэдакцыя вядомага беларускага выдання прыпыніла працу. KYKY просіць падтрымкі.

Выява зроблена БАЖ з дапамогай ChatGPT
«Яшчэ ў снежні ў нас скончыліся грошы на працу. Мы выграбалі апошняе, зацягвалі паясы, але не гублялі надзеі працягваць рабіць тое, што вельмі любім. Без жартаў — наша праца нам вельмі дарагая, як і наша каманда, каштоўнасці і надзея на больш свабодную, больш дзёрзкую Беларусь», — гаворыцца ў звароце рэдакцыі KYKY.
Каманда праекта нагадвае, што «апошнія некалькі гадоў мы ўвесь час ухіляліся ад крызісаў, як Неа ад куль у “Матрыцы”».
«KYKY трымаўся да апошняга — але цяпер нам патрэбна ваша падтрымка, каб знайсці фінансаванне і стаць на ногі. Інакш наша гісторыя можа скончыцца ўжо цяпер», — кажуць у рэдакцыі.
Паводле каманды KYKY, неабходна сабраць 12 000 еўра — гэта дасць рэдакцыі стаць на ногі і знайсці фінансавую падтрымку. Падтрымаць праект можна двума спосабамі: аформіўшы падпіску на Patreon і зрабіўшы разавы данат на Buy Me a Coffee.
«Ні ў якім разе не рабіце данаты з Беларусі або з беларускіх картак — гэта небяспечна», — зазначаюць у KYKY.
Выданне KYKY заснаванае ў 2010 годзе. Яно заняло нішу гарадскога онлайн-часопіса. У лютым 2022 года сузаснавальніка выдання Аляксандра Васілевіча прысудзілі да трох гадоў калоніі за «ўхіленне ад выплаты падаткаў» і вызвалілі ў залі суда «ў сувязі са сканчэннем тэрміну зняволення». Пасля гэтага Васілевіч пакінуў Беларусь.
Напрыканцы 2022 года сайт KYKY.ORG і ўсе яго акаўнты ў сацыяльных сетках трапілі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У студзені 2024 года сайт выдання прыпыніў працу праз праблемы з фінансаваннем. Частка журналістаў засталася ў праекце і працягвала працу Instagram і TikTok выдання.
@bajmedia