«Экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма: акаўнт «Зеркала» ў Instagram, старонка Ігара Лосіка ў Threads
3 лютага Міністэрства інфармацыі Беларусі ў чарговы раз папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сваім сайце.

Блогер Ігар Лосік пасля вызвалення. Вільня, 11 верасня 2025 года. Фота: «Радыё Свабода»
Паводле гэтага спіса, суд Ленінскага раёна Брэста рашэннем ад 29 студзеня 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» змест старонкі zerkalo_story ў Instagram (ідэнтыфікатар instagram.com/zerkalo_story).
Гэты інтэрнэт-рэсурс афіляваны з незалежным анлайн-медыя «Зеркало», які паўстаў у выгнанні пасля разгрому партала TUT.BY.
У чэрвені 2023 года МУС прызнаў «Зеркало» «экстрэмісцкім фармаваннем», у рашэнні Міністэрства ўнутраных спраў былі згаданыя сайт і сацсеткі выдання.
27 студзеня 2026 года суд Светлагорскага раёна Гомельскай вобласці прызнаў «экстрэмісцкім» акаўнт журналіста і блогера Ігара Лосіка belamova ў сацсетцы Threads (ідэнтыфікатар threads.com/@belamova).
Ігар Лосік — стваральнік і аўтар Telegram-канала «Беларусь головного мозга», быў асуджаны да 15 гадоў зняволення за прафесійную дзейнасць. Вызвалены датэрмінова 11 верасня 2025 года і прымусова дэпартаваны ў Літву.
@bajmedia