• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    СТВ запусціў новы YouTube-канал пасля выдалення асноўнага

    Дзяржаўны беларускі тэлеканал СТВ запусціў новы YouTube-канал, пасля таго як асноўны быў выдалены. Цяпер на канале ўжо больш за сотню відэа.

    Дзяўчына загружае дадатак YouTube на тэлефоне. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: onegreenplanet.org

    Як адзначае выданне Reform.news, якое прыкмеціла ажыўленне новага каналу, «запасны» канал CTV Plus быў створаны 6 лютага 2026 года. Верагодна, ён выкарыстоўваўся як рэзервовы.

    Раман Пратасевіч, які выступаў на СТВ з уласнаю прапагандысцкаю праграмай, у сваім асабістым тэлеграм-канале адзначыў, што выдаленне каналаў не звязанае з канкрэтнымі праграмамі, а да такога развіцця падзеяў «усе былі даўно гатовыя», вінаватыя ўва ўсім санкцыі. 

    На новым канале пакуль няма некаторых праектаў: у прыватнасці, адсутнічае аўтарская праграма Пратасевіча «Без прикрытия» і не з’явіўся новы выпуск «Слово и дело» Грыгорыя Азаронка.

    Як паведамляе партал «Зеркало», відэа на гэты дадатковы YouTube-канал актыўна загружалася толькі 3 красавіка – у вечар блакавання каналу, а на наступны дзень тэлеграм-канал СТВ пачаў дзяліцца спасылкамі на сюжэты, размешчаныя на расейскай платформе VK Video.

    У нядзелю, 5 красавіка, на канале ўжо больш за 130 відэа, а колькасць падпісчыкаў вырасла да 3,14 тысячы (увечары 4 красавіка «Зеркало» адзначала, што ў каналу 2,6 тысячы падпісчыкаў: за палову содняў да каналу далучыліся, ці былі нагнаныя, паўтысячы карыстальнікаў).

    Нагадаем: 3 красавіка відэасэрвіс YouTube выдаліў каналы беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў ОНТ і СТВ, а таксама дзяржаўнай інфармацыйнай кампаніі БелТА. Паводле БелТА, прычынаю выдалення сталіся санкцыі, але супраць БелТА санкцыі не ўводзіліся. У той жа час пад санкцыі траплялі не толькі некаторыя выданні, але і іх кіраўнікі ды прапагандысты.

    Выдаленне асноўнага YouTube-каналу СТВ адбылося на фоне публікацыі расследавання, прысвечанага Беларускаму расследавальніцкаму цэнтру і яго кіраўніку Станіславу Івашкевічу. У відэа агучваліся асабовыя звесткі журналіста, у тым ліку адрас і тэлефон, а таксама паказваліся кадры з ягонага дому.

    Журналіст Ігар Кулей паведаміў, што Івашкевіч падаў скаргу на гэты кантэнт у YouTube за парушэнне правілаў платформы, што магло стацца адною з прычынаў выдалення каналу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.