Фільм Андрэя Куцілы «Лісты» трапіў у шорт-ліст «Еўраоскара» — прэміі Еўрапейскай кінаакадэміі
Стужка дакументаліста Андрэя Куцілы пра беларускіх палітвязняў патрапіла ў секцыю лепшых дакументальных праектаў, сярод якіх значыцца яшчэ 14 фільмаў. Удзельнікаў шорт-ліста абіралі чальцы праўлення Еўрапейскай кінаакадэміі і запрошаныя еўрапейскія эксперты, піша тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд».

У фінал трапяць толькі пяць стужак з 15-ці.
39‑я цырымонія ўзнагароджання Еўрапейскай кінапрэміяй адбудзецца 16 студзеня 2027 года ў сталіцы Грэцыі — Афінах.
Калі фільм Куцілы намінуюць, ён стане трэцім беларускім фільмам за апошнія некалькі год, хто намінаваўся на прэмію Еўрапейскай кінаакадэміі.
У 2023 годзе фільм «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча патрапіў ў секцыю «Еўрапейская дакументалістыка», а год таму ігравы фільм Мары Тамковіч «Пад шэрым небам» прэтендаваў на ўзнагароду FIPRESCI у намінацыі «Еўрапейскае адкрыццё».
Нагадаем, сусветная прэм’ера фільма «Лісты» адбылася на 81‑м Венецыянскім міжнародным кінафестывалі. Стужка была адзначана прэстыжнай ўзнагародай Golden Globes Impact Prize for Documentary (спецыяльная прэмія «Залатога глобуса» за сацыяльны ўплыў у дакументальным кіно). Таксама фільм ўвайшоў у афіцыйную праграму секцыі Signed найбуйнейшага ў свеце фестывалю дакументальнага кіно IDFA (Міжнародны фестываль дакументальнага кіно ў Амстэрдаме).
@bajmedia