У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарма ўнеслі YouTube-канал «Першы Рэгіён» і канал «Першы» на платформе «Дзэн»
Міністэрства інфармацыі Беларусі 7 красавіка папоўніла Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў інтэрнэт старонкамі незалежнага медыя «Першы Рэгіён».

YouTube-канал «Першы Рэгіён» (ідэнтыфікатар www.youtube.com/@1regbr), які мае 34,5 тысяч падпісчыкаў, і канал «Першы» на мультымедыйнай платформе «Дзэн» (ідэнтыфікатар https://dzen.ru/1pr.live) былі прызнаныя «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» рашэннем суда Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці ад 7 красавіка 2026 года.
Гэта інтэрнэт-рэсурсы, звязаныя з незалежным анлайн-СМІ «Першы Рэгіён», сайт якога быў прызнаны «экстрэмісцкім» яшчэ 27 снежня 2021 года. Тады рашэнне прыняў той самы суд Ганцавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пазней сайт «Першага рэгіёна» іншыя суды прызнавалі «экстрэмісцкім» яшчэ двойчы — у лютым і снежні 2024 года.
YouTube-канал «Першы Рэгіён» таксама трапіў у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў не ўпершыню. Яшчэ ў студзені 2024 года яго прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Ленінскага раёна Брэста.
«Першы Рэгіён — пра жыццё ў Беларусі і за мяжой. Мы расказваем, як на самой справе жыве краіна: што адбываецца ў рэгіёнах, з чым сутыкаюцца людзі, як выжываюць, змагаюцца, спадзяюцца. Мы гаворым проста, чэсна і без цэнзуры», — так прэзентуюць YouTube-канал яго стваральнікі.
@bajmedia