У «экстрэмісцкі» спіс Мінінфарм уключыў Instagram-старонкі DzikMedia, «Беларускае Радыё Рацыя» і Ганны Красулінай
Міністэрства інфармацыі Беларусі 23 кастрычніка чарговы раз папоўніла на сваім сайце Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.

Фота: Беларускае Радыё Рацыя
У спіс у ліку іншых беларускія ўлады ўключылі старонку ў Instagram пад назвай DzikMedia (ідэнтыфікатар @media_dzik). Гэты інтэрнэт-рэсурс пазіцыянуе сябе як незалежнае медыя для беларусаў, у тым ліку вымушаных палітэмігрантаў, які воляю лёсу апынуліся ў Польшчы — у Беластоку і Варшаве.
22 кастрычніка 2026 года гэтую Instagram-старонку прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
Таксама ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў унеслі старонку «Беларускае Радыё Рацыя» ў Instagram (ідэнтыфікатар @racyja). Гэтую старонку 22 кастрычніка 2026 года прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» той самы суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска.
«Беларускае Радыё Рацыя» — гэта незалежнае беларускае медыя з Падляшша, якое ў радыёфармаце асвятляе навіны Беласточчыны і Беларусі. 16 студзеня 2024 года адпаведным рашэннем КДБ «Беларускае Радыё Рацыя» было прызнанае «экстрэмісцкім фармаваннем». За супрацоўніцтва з ім у Беларусі заводзяць крымінальныя справы.
Суд Бабруйскага раёна і горада Бабруйска 22 кастрычніка 2026 года пастанавіў лічыць «экстрэмісцкім» і кантэнт старонкі ў Instagram пад назвай Anna Krasulina (ідэнтыфікатар @hanna.krasulina). Ганна Красуліна — палітычная актывістка і прэс-сакратар лідаркі беларускіх дэмакратычных сіл Святланы Ціханоўскай. Жыве ў вымушанай эміграцыі. 1 ліпеня 2024 года Мінскі абласны суд у межах завочнага судовага працэсу па «справе аналітыкаў Святланы Ціханоўскай» прысудзіў ёй 11 гадоў пазбаўлення волі.
@bajmedia